З Масквы. Блог Алеся Чайчыца2222

Кніга, пасля якой шкада Пуціна

«Усё крамлёўскае войска: кароткая гісторыя сучаснае Расеі» (Михаил Зыгарь. Вся кремлевская рать: краткая история современной России).

Эпоха прэзыдэнта Пуціна ў Расеі яшчэ ня скончылася, але ў канцы 2015 году сьвет ужо пабачыў якасны гістарычны і журналісцкі твор, што цэласна апісвае яе станаўленьне ды сьпелыя гады. Былы журналіст газэты «Коммерсантъ» і галоўны рэдактар тэлеканалу «Дождь» Міхаіл Зыгар апублікаваў сваю кнігу «Усё крамлёўскае войска: кароткая гісторыя сучаснае Расеі» (Михаил Зыгарь. Вся кремлевская рать: Краткая история современной России).

Кніга ў храналягічным парадку апісвае падзеі палітычнага жыцьця Расеі і зьмены раскладаў сярод расейскай палітычнай эліты ад 2000 па 2015 гады. Апавяданьне базуецца на інтэрвію зь непасрэднымі ўдзельнікамі падзеяў — часам названымі па імені, часам ананімнымі. Гэта выдатны летапіс, які дапамагае ўзгадваць і наноў разумець тыя ня вельмі блізкія ўжо часы, зразумець «закулісьсе» і ўнутраную кухню многіх вядомых падзеяў.

Канечне ж, кніга Міхаіла Зыгара — гэта перадусім кніга пра Ўладзіміра Пуціна і пра ягоную эвалюцыю: ад прыходу да ўлады да Алімпійскіх гульняў у Сочы і вайны ва Ўкраіне.

Пуцін пачынаў як малады лідар, пераемнік дэмакрата Ельцына. Ён быў настроены на рынкавыя рэформы, супрацоўніцтва з Захадам і нават на далучэньне Расеі да НАТА. Зыгар паказвае, як паступова шляхі Расеі і Захаду разыходзіліся, а расейскі палітычны рэжым усё больш рабіўся тым, чым ён ёсьць цяпер.

Крок за крокам, памылка за памылкай, крыўда за крыўдай — Зыгар ня бачыць за гэтым ніякай сьвядомай стратэгіі, ніякага адмысловага пляну згортваньня дэмакратыі ў Расеі ды аднаўленьня Халоднай вайны.

Праглядаецца толькі пасьлядоўнасьць падзеяў, выкліканых дзе абыякавасьцю, дзе непаразуменьнем, а дзе і простым выпадкам.

Для чалавека, які ў сьвядомым узросьце перажыў часы кіраваньня Пуціна ды сачыў за палітыкай, новага ў кнізе, можа, ня так і шмат. Але такія людзі змогуць перажыць тыя часы, тыя настроі яшчэ раз — і дзе-нідзе пацьвердзіць і праілюстраваць тагачасныя свае здагадкі сьведчаньнямі ананімных ці не ананімных крыніцаў, цытаваных Зыгарам.

З кнігі вынікае, што асабістая крыўда і перабольшаньне ўласнага значэньня, падмацаваныя неразуменьнем таго, як жыве і як функцыянуе сучасны сьвет, — гэта бадай што галоўнае, што кіравала Пуцінам на ягоным шляху да аўтарытарызму і супрацьстаяньня з Захадам.

Ён хацеў, каб Захад прыняў яго як роўнага, але не разумеў, чаму гэта не магчыма і чаму Расея ў канцы 90-х — гэта хоць і краіна «Вялікай Восемкі», але ўжо больш ня полюс біпалярнага сьвету, чый голас быў бы вырашальны ва ўсіх міжнародных справах. Захад, у сваю чаргу, лічыў, што і так быў дастаткова літасьцівым да Расеі, пераможанай у Халоднай вайне. Але пры гэтым ён відавочна недаацаніў небясьпеку ад комплексаў, якія панавалі ў Расеі 1990-х і ў некалькіх важных момантах не праявіў дыпляматызму і акуратнасьці.

З абраньня Пуціна прэзыдэнтам Расеі прайшло амаль 16 гадоў. У студзені 2016 году Расея — выразна недэмакратычная і палітычна несвабодная краіна. Яна варагуе з паловай сьвету, а яе так і не рэфармаваная рэсурсавая эканоміка паступова абрынаецца ў найбольш сур'ёзны крызіс за апошнія 25 гадоў.

Даволі моцна ўразіў момант з кнігі, дзе апісваецца, як у 2008 годзе дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель у кулюарах нейкай міжнароднай сустрэчы актыўна спрачаліся пра сытуацыю ў Грузіі, на якую тады напала Расея. Яны рабілі гэта на расейскай мове, адзінай мове, якой яны абедзьве добра валодаюць.

Расея была і застаецца вялікай эўрапейскай нацыяй і вялікай эўрапейскай культурай. Самагубны і абсурдны канфлікт з астатняй Эўропай — гэта не супрацьстаяньне цывілізацый, а супрацьпастаўленьне Расеяй сябе астатняму эўрапейскаму кантынэнту, самабытнай часткай якога Расея была ўсю сваю гісторыю і застаецца цяпер.

Міхаіл Зыгар лічыцца ў Расеі апазыцыйным альбо прынамсі незалежным ад Крамля журналістам. Але пасьля прачытаньня ягонай кнігі ў цяперашні гістарычны момант Ўладзімір Пуцін выклікае перадусім шкадаваньне, гэтаксама, як і ягоная краіна. Бо нельга вызваліцца ад думкі, што ўсё магло быць зусім, зусім па-іншаму.

Каментары22

Цяпер чытаюць

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд22

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд

Усе навіны →
Усе навіны

Побач з Талстым і Дастаеўскім: у расійскую школьную праграму па літаратуры ўключаць кнігі пра «СВА»13

У Тэгеране праходзіць развітанне з Алі Хаменеі: Мядзведзеў пагражае блакадай праліваў, а новы лідар Ірана хаваецца ў бункеры5

У Полацку пасля рэканструкцыі адкрылі мост цераз раку Палату1

Папугай зляцеў ад гаспадароў у Лагойскім раёне. Яго бачылі ў Мінску2

Ці варта дзецям карыстацца ChatGPT? Разважае сузаснавальнік EPAM Леанід Лознер1

Пуцін накіраваў сваю яхту на поўнач — у Мурманск4

NASA запусціла робата, каб паспрабаваць адсунуць каштоўную касмічную абсерваторыю далей ад Зямлі

Беларус напаў з нажом на расійскага паліцэйскага, які сабраўся затрымаць яго за нелегальнае знаходжанне ў краіне3

ГУР Украіны знішчыла расійскі знішчальнік Міг-29 пад Севастопалем1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд22

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць