Амбасада Францыі не па ўласным жаданні закрыла ў Мінску сваю медыятэку, якая працавала 30 гадоў
У жніўні 2026 года ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна пасля 30 гадоў працы канчаткова закрылася французская медыятэка — Франка-беларуская зала інфармацыі пра сучасную Францыю, піша выданне «Позірк».

Як паведамілі ў французскай амбасадзе, на працягу трох дзесяцігоддзяў медыятэка была пляцоўкай для знаёмства з французскай мовай, культурай і сучаснай Францыяй. Тут праходзілі музычныя, мастацкія і філасофскія сустрэчы, кінапаказы, выставы і гульні. Зала таксама спрыяла вывучэнню французскай мовы дзецьмі.
З паведамлення французскага дыппрадстаўніцтва вынікае, што закрыццё мае палітычныя прычыны. У амбасадзе выказалі шкадаванне, што праект, які існаваў на працягу 30 гадоў і быў накіраваны выключна на культурнае супрацоўніцтва, у выніку стаў непажаданым для беларускіх уладаў.
Прадстаўнікі Францыі спадзяюцца, што гэтае развітанне будзе толькі часовым. У амбасадзе падкрэслілі, што абмежаванні і пазбаўленне доступу да культуры толькі павялічваюць цікавасць да яе.
Пра закрыццё медыятэкі яшчэ 14 ліпеня, падчас прыёму з нагоды нацыянальнага свята Францыі, рэзка выказаўся тагачасны павераны ў справах Францыі ў Беларусі Людавік Руае. Ён заявіў, што з'язджае з Беларусі з адчуваннем незавершанасці, у тым ліку праз закрыццё медыятэкі, якая стала вынікам трыццацігадовага супрацоўніцтва з бібліятэкай імя Пушкіна.
Руае назваў гэтае рашэнне асабліва незразумелым на фоне спроб аднавіць дыялог паміж Францыяй і Беларуссю. Ён таксама адзначыў, што вывесці двухбаковыя адносіны з цяперашняга тупіка будзе надзвычай складана.
Пры гэтым бакі працягваюць заяўляць пра неабходнасць захоўваць каналы камунікацыі. 6 жніўня падчас сустрэчы Руае з былым міністрам замежных спраў Беларусі, старшынёй пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі ў міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргеем Алейнікам гаварылася пра важнасць адкрытых кантактаў, узаемнай павагі і захавання культурна-гуманітарных сувязяў паміж дзвюма краінамі.
Каментары