Дзясяткі ўнікальных палотнаў і гістарычных артэфактаў, якія захоўваліся ў маёнтках на тэрыторыі сучаснай Беларусі, вяртаюцца ў Польшчу дзякуючы прыватнаму капіталу польскіх арыстакратаў. Спецыфічныя шляхі вывазу твораў робяць немагчымай афіцыйную дзяржаўную рэстытуцыю, таму выкуп страчаных збораў на аўкцыёнах і ў антыквараў застаецца для нашчадкаў знакамітых родаў адзіным інструментам вяртання ўласнай спадчыны.

Як паведамляе польскае выданне Rzeczpospolita, старшыня фонду «Тры Трубы» Мацей Радзівіл за апошнія дванаццаць месяцаў набыў і перавёз у Польшчу значную колькасць гістарычных аб'ектаў.
Асаблівую ўвагу сярод іх прыцягваюць некалькі карцін з палаца ў Манькавічах (цяпер частка Століна Брэсцкай вобласці).
Калекцыя з Манькавічаў
Маёнтак у Манькавічах належаў апошняму давыд-гарадоцкаму ардынату Станіславу Вільгельму Радзівілу. Біяграфія ўласніка была вельмі характэрнай для свайго часу: каб захаваць правы на спадчыну ў Расійскай імперыі, ён быў вымушаны прыняць расійскае грамадзянства. Радзівіл скончыў Ваенную акадэмію ў Берліне, ваяваў у руска-японскую вайну (1905), а ў Першую сусветную служыў у расійскай «Дзікай дывізіі». Пазней ён далучыўся да Войска Польскага як ад'ютант Юзафа Пілсудскага і загінуў у 1920 годзе ў баях з бальшавікамі, за што быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Virtuti Militari.

Пасля яго гібелі ўдава Далорэс эвакуявалася ў Парыж, вывезшы з сабой сямейныя рэліквіі з палаца, які пазней быў цалкам знішчаны нямецкімі войскамі падчас Другой сусветнай вайны.
Сярод вернутых манькавіцкіх палотнаў вылучаецца карціна з выявай шлюбу бацькоў Станіслава Вільгельма. Вянчанне адбылося 3 кастрычніка 1857 года ў Жагані ў прысутнасці прадстаўнікоў еўрапейскіх эліт, а на аргане падчас цырымоніі іграў Ферэнц Ліст. Цяпер гэтыя творы мастацтва перададзены ў якасці дэпазіту ў філіял Нацыянальнага музея ў Нябораве.
Парыж — Ланьцут — Аўстрыя — Парыж
Складаныя гістарычныя маршруты характэрныя і для іншых калекцый. На аўкцыёне ў Парыжы фонд выкупіў партрэт Мікалая Патоцкага пэндзля Франсуа Фламенга. Мікалай быў унукам Станіслава Шчаснага Патоцкага і атрымаў у спадчыну велізарнае багацце ў Францыі ад свайго бацькі Мечыслава. Перад смерцю ў 1921 годзе ён адпісаў маёмасць далёкаму сваяку Альфрэду Патоцкаму з Ланьцута. Партрэт доўгі час вісеў у парыжскім палацы на авеню Фрыдланд, які Альфрэд пазней прадаў Канфедэрацыі прамысловасці і гандлю (будынак стаў называцца Гатэль Патоцкі), а саму карціну перавёз у Ланьцут.
У 1944 годзе Альфрэд Патоцкі, ратуючы маёмасць ад наступаючай Чырвонай Арміі, эвакуяваў калекцыю ў Аўстрыю і Ліхтэнштэйн. Як мы пісалі раней, гэта паслядоўная праца: у мінулыя гады польскія фонды ўжо вярталі партрэты з гэтай жа эвакуяванай калекцыі, адшуканыя ў аўстрыйскім замку Гоэнэмс. У 1970‑я гады ўдава Альфрэда прадала частку твораў на аўкцыёне ў Парыжы, дзе партрэт Мікалая выкупіла тая самая Канфедэрацыя. Карціна правісела ў іх штаб-кватэры яшчэ паўстагоддзя, пакуль у 2025 годзе арганізацыя не вырашыла змяніць офіс і не выставіла палатно на таргі, дзе яго ўрэшце і набыў Мацей Радзівіл.

Баварская скарбонка
Значная частка спадчыны мігравала па Еўропе выключна шляхам дынастычнага ўспадкавання. Парныя партрэты Соф'і і Гераніма Вінцэнта Радзівілаў першапачаткова захоўваліся ў палацы ў Белай (сучасная Бяла-Падляска), затым былі перавезены ў маёнтак Веркі пад Вільняй, а адтуль перайшлі да далёкіх сваякоў з роду Гогенлоэ ў замак Шылінгсфюрст у Баварыі. Мацей Радзівіл здолеў адшукаць і выкупіць гэтыя палотны ў гандляра, які набыў іх у малавядомай антыкварнай краме ў Нідэрландах. Даследчык мяркуе, што выява Соф'і была створана ўжо пасля смерці Гераніма, бо на палатне яна трымае ў руках яго жалобны профільны партрэт.


Па словах Мацея Радзівіла, цяперашні ўладальнік замка Шылінгсфюрст у апошнія гады пачаў маштабны распродаж маёмасці. Менавіта ў яго беларускі музейны комплекс «Мірскі замак» нядаўна выкупіў каля трыццаці партрэтаў прадстаўнікоў роду Радзівілаў, якія з'яўляліся старымі копіямі з нясвіжскай галерэі.
Сам Мацей Радзівіл праз прамы абмен з сям'ёй Гогенлоэ атрымаў унікальны трунны партрэт канцлера вялікага літоўскага Караля Станіслава Радзівіла пачатку XVIII стагоддзя.
Срэбра з Гатэля Ламбер
Працэс рэстытуцыі закранае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У Музей Чартарыйскіх у Пулавах перададзены дэпазіт фамільнага срэбра з гербамі ўласнікаў. Вырабы гданьскага майстра Марціна Хольке (XVIII стагоддзе) былі канфіскаваныя расійскімі ўладамі пасля Лістападаўскага паўстання 1830—1831 гадоў. Трапіўшы ў эміграцыю ў парыжскі Гатэль Ламбер, які стаў цэнтрам польскага палітычнага жыцця, артэфакты змаглі вярнуцца ў Пулавы толькі праз амаль дзвесце гадоў.

Чаму польскі ўрад не ўдзельнічае ў гэтай рэстытуцыі
Усёй апісанай рэстытуцыйнай дзейнасцю займаюцца выключна прыватныя асобы. Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы не аказвае падтрымкі прыватным ініцыятывам з-за жорсткіх юрыдычных абмежаванняў. Дзяржаўнае ведамства афіцыйна не лічыць стратамі тыя прадметы мастацтва, якія былі вывезеныя з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай да аднаўлення незалежнасці ў 1918 годзе, паколькі ў часы падзелаў не існавала заканадаўчай базы, якая б рэгулявала вываз гістарычных каштоўнасцей.
Гэтая прававая калізія рэгулярна прыводзіць да прамых канфліктаў паміж прыватнымі калекцыянерамі і ўладамі. Паказальным прыкладам з'яўляецца лёс зніклай у Другую сусветную вайну булавы гетмана Клеменса Браніцкага. Калі прыватны калекцыянер з Познані легальна выкупіў артэфакт у нашчадкаў мінулага ўласніка, пракуратура і чыноўнікі Міністэрства культуры ініцыявалі арышт рэліквіі. Цяпер гістарычная каштоўнасць знаходзіцца ў складскім памяшканні да канчатковага вырашэння судовай спрэчкі аб праве ўласнасці.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары