Грамадства66

Медыкі расказалі, як вядзецца статыстыка смерцяў ад каранавіруса ў іншых краінах

Беларуская статыстыка па каранавірусе адрозніваецца ад лічбаў іншых краін. Так, пры 30,5 тысячы выпадкаў захворвання ў нас зарэгістравана 171 смерць ад COVID-19. Гэта 0,6%.

Для параўнання, у Швецыі з яе найвышэйшым узроўнем жыцця і развітай медыцынай, дзе таксама адмовіліся ад каранціну і маюць 30,1 тысячы пацверджаных выпадкаў COVID-19, колькасць смяротных выпадкаў вышэйшая ў разы — 3679 (ці 12%). Агулам па Еўропе працэнт смяротнасці ад каранавіруса вагаецца ад 3,5 да 14.

Як вядзецца статыстыка ў Беларусі, Мінздароўя не тлумачыць. Часам у пасведчаннях аб смерці фігуруе дыягназ «неўдакладненая пнеўманія», а сваякі памерлага не ведаюць вынікаў тэсту.

«Наша Ніва» папрасіла дактароў, якія працуюць за мяжой, патлумачыць, як улічваюць лятальныя выпадкі з COVID-19 у іншых краінах.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Надзеі Бужан.

Польшча: важны фактар — запаленчая рэакцыя

У Польшчы пацверджана 18 529 выпадкаў каранавіруса і 925 смерцяў. Працэнт лятальных зыходаў сярод пацверджаных выпадкаў — 5.

Артур Мацуткевіч працуе ва Уроцлаве ў аддзяленні анестэзіялогіі і інтэнсіўнай тэрапіі Універсітэцкай клінічнай бальніцы. Ён тлумачыць методыку Польшчы:

«У статыстыку смяротнасці ўносяцца пацверджаныя выпадкі COVID-19, у каторых галоўным паталагічным механізмам хваробы (тым, што яе выклікала ці адказвала за працяг — НН) была сістэмная запаленчая рэакцыя.

Востры рэспіраторны дыстрэс-сіндром, пнеўманія як адныя з праяў запаленчай рэакцыі. Такія выпадкі ўлічваюцца незалежна ад таго, ці чалавек меў хранічныя хваробы, ці не».

Выключэнняў тут практычна няма. Чалавек з каранавірусам можа не патрапіць у статыстыку, толькі калі хварэў нечым іншым і менавіта гэта хвароба або непасрэдныя яе ўскладненні прывялі да смерці. Напрыклад, пацыент перанёс інсульт, праз гэта быў у цяжкім стане і ў наступстве памёр, але не было ніякіх праяў рэакцыі запалення.

Аўстрыя: ёсць спрэчныя моманты

У Аўстрыі статыстыка смерцяў таксама ўлічвае тых, хто быў пазітыўна тэставаны на каранавірус. На 18 мая там зарэгістравана 16 176 выпадкаў захворвання і 629 смерцяў (гэта 3,9%).

Уладзімір Свіркоў, анестэзіёлаг дзяржаўнай клінікі Клагенфурт, кажа, што ў тамтэйшых пасведчаннях не пішуць, ад чаго памёр пацыент — звычайна проста пералічваюць яго дыягназы.

Але хапае спрэчных момантаў.

«Быў у нас пацыент з COVID-19 і іншымі захворваннямі. Ляжаў у рэанімацыі, потым быў два разы негатыўна тэставаны, пераведзены ў некавідную рэанімацыю і там памёр. Ён у статыстыку не патрапіць. Таму, як яна вядзецца, гэта амаль філасофскае пытанне», — заўважае доктар.

ЗША: больш канкрэтыкі, дыягназ могуць паставіць нават без тэсту

Лічбы па ЗША выглядаюць так: 1,52 млн выпадкаў COVID-19 і 89 932 смерці (5,9%).

Патолагаанатам шпіталя Коні-Айленда (Нью-Ёрк) Настасся Пігаль расказвае пра дапаможнік, якім кіруюцца дактары пры выстаўленні прычыны смерці. Згодна з ім, калі COVID-19 адыграў ролю ў смерці пацыента, гэта абавязкова павінна быць пазначана ў пасведчанні.

Што адметна — дыягназ можна паставіць і без тэсту на вірус (калі абставіны пераканаўчыя). Тады COVID-19 запісваецца як «верагодны» ці «меркаваны».

У некаторых выпадках стан пацыента можа быць абцяжараны хранічнымі захворваннямі, асабліва тымі, якія зніжаюць функцыянальнасць лёгкіх — хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх ці астма. Яны могуць павялічыць рызыку заражэння рэспіраторнай інфекцыяй, таму таксама заносяцца ў пасведчанне, але не ў графу асноўных прычын.

Яшчэ адзін важны момант з амерыканскага дапаможніка — асноўную прычыну смерці просяць паведамляць максімальна канкрэтна. Гэта будзе карысна для грамадскай аховы здароўя і навуковых даследавання. Напрыклад, калі вядома, што меў месца COVID-19, лепш пазначыць яго, а не проста «вірусная інфекцыя».

У ЗША статыстыка смяротнасці выкладзена ў агульны доступ. Яна дапаўняецца кожны тыдзень (апошнія два тыдні звычайна змяшчаюць няпоўныя дадзеныя). Там можна пабачыць не толькі выпадкі з каранавірусам, але і з пнеўманіяй.

«Адна з калонак паказвае адносную агульную смяротнасць у параўнаннi з сярэднiм узроўнем 2017—2019 гадоў. Паказчык уключае ўсе выпадкі i гаворыць аб уплыве эпiдэмii на агульную смяротнасць», — заўважае Настасся Пігаль.

Так, у красавіку ўзровень смяротнасці ў асобныя тыдні быў на 12—31% вышэйшы, чым ў папярэднія гады.

Каментары6

Цяпер чытаюць

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае29

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае

Усе навіны →
Усе навіны

На якіх вуліцах Мінска часцей за ўсё спыняюцца турысты?

Памерла Альжбета Далэнга-Ужосак

У вёсцы, на якую нядаўна зрабілі налёт расійскія падлеткі, затрымалі мужчыну з наркотыкамі5

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць34

Фон дэр Ляен паабяцала, што Украіна атрымае заблакаваныя Орбанам 90 мільярдаў еўра «так ці інакш»5

У Брытаніі ўпершыню нарадзілася дзіця пасля перасадкі маткі ад памерлай донаркі

У памерлага былога палітвязня Валерыя Цімашэнкі нарадзілася дачка3

«Польшча стала не тая, што раней». Эмігранты, якія вярнуліся ў Беларусь, патлумачылі чаму і падзяліліся ўражаннямі52

Стала вядома, навошта на фасад аднаго з гістарычных будынкаў у Мінску падчас рэканструкцыі паставілі металічныя калоны

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае29

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць