Меркаванні

«Мой сын пайшоў на пакуты, каб іншыя людзі маглі жыць свабодна». Вялікая гутарка з бацькам Мікалая Дзядка

Былы следчы, пракурор і суддзя Аляксандр Дзядок ужо другі раз перажывае зняволенне сына. У 2011 годзе Мікалай быў асуджаны на 4,5 гады па «справе анархістаў». А з дабаўкай за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» адседзеў усе пяць. Па вызваленні Мікалай працягнуў сваю дзейнасць як блогер, журналіст і даследчык — сам ён называе яе асветніцкай. А мінулым лістападам хлопец быў затрыманы ў чарговы раз. Катаванні, якімі гэта суправаджалася, ён падрабязна апісаў на судзе. Аляксандр расказаў НН, якім чалавекам ён убачыў тады свайго сына, як прайшло іх адзінае спатканне і як у сям’і суддзі вырас хлопец з такімі поглядамі.

— Вы былі ў судовай залі, калі Мікалай расказваў пра збіццё?

— Так, я не прапускаю ніводнага пасяджэння. Я сядзеў за паўтара метра ад Мікалая, уважліва слухаў яго выступ і бачыў, як цяжка яму гэта давалася. Пару разоў ён быў на мяжы зрыву, але Коля малайчына — умее сябе стрымліваць. Я тады ўбачыў свайго сына калі не месіяй, то кімсьці блізкім да гэтага. Чалавекам, які свядома ідзе на пакуты дзеля нават не ўласных перакананняў, а іншых людзей, каб тыя маглі жыць свабодна. Ён сам у канцы сказаў, што ягоная мэта — пабудова свабоднага грамадства. Пасля Мікалай, хоць ён і не прызнае віну, пагадзіўся даваць паказанні і адкрыта расказаў на судзе пра свае перакананні. На пытанне, ці прытрымліваецца ён гвалтоўных тактык, Коля адказаў: «Не, але лічу, што кожны мае права сам выбіраць, як абараняца, калі на яго нападаюць, і як адстойваць свае правы». А ўсе пытанні дзяржабвінаваўцы былі накіраваны на тое, каб выратаваць крайне слабое абвінавачванне — ён нават інтэрпрэтаваў адказы Мікалая так, як яму хацелася.

— Як гэта — бацьку слухаць пра катаванні сына?

— Як ні дзіўна гэта прагучыць, але стрымаць сябе мне дапамог Мікалай. Я бачыў яго твар падчас выступу і думаў, што нехта з нас мусіць стрымацца крыху больш, хаця мяне моцна падмывала ўстаць і сказаць, што я думаю пра ўсіх гэтых мярзотнікаў. Асабліва цяжка было ў моманты, калі сам Мікалай быў на мяжы, і я бачыў, якія высілкі ён прыкладае, каб працягнуць. Бачыць гэта было нават цяжэй, чым перажываць тое, што адбывалася. Але праз хвіліну пасля выступу я зразумеў, наколькі важна тое, што ён вырашыў гэта сказаць. Я, канешне, не ўсе прамовы нашых палітвязняў ведаю, але мне падаецца, такой магутнай яшчэ не было.

— А ці сказаў Мікалай на судзе нешта, пра што вы падумалі: «Дарэмна»?

— Не. Калі б ён разумеў, што здзейсніў злачынства і яму трэба ўхіліцца ад адказнасці за яго, ён мог адмовіцца даваць паказанні, і ўсе б там засталіся ні з чым. А Коля, сказаўшы тое, што хацеў сказаць, гэтаксама шчыра і проста пачаў адказваць на пытанні. Я ні секунды не сумняваўся, што ён усё робіць правільна. У мяне была магчымасць сказаць яму: «Маўчы, будзь стрыманей», — але я гэтага не зрабіў.

 А ці сказаў ён тады нешта, чаго вы не ведалі?

— Што з ім адбывалася ў ноч з 11 на 12 лістапада, я ведаў амаль цалкам. Адзінае, чаго я не ведаў, гэта прозвішчы сілавікоў, якія так абыходзіліся з маім сынам. Ён таксама канкрэтызаваў нейкія дэталі, напрыклад, што яго прымушалі пляваць і браць у рот быццам бы кактэйлі Молатава быццам бы знойдзеныя ў яго ў кватэры.

— У вас з сынам было спатканне?

— Так, па завяршэнні папярэдняга расследавання следчы даў нам адно спатканне. Мы размаўлялі амаль паўтары гадзіны. Яго прывялі апошнім, і ён быў адзіны з вязняў у кайданках, добра прынамсі, што толькі ў наручных.

— Як ён у цэлым цяпер трымаецца?

— Я рады таму, што бачу на судах, за выключэннем таго, што Коля бледнаваты, але гэта з-за таго, што ў камеры горача. У цэлым псіхалагічна, маральна ён малайчына. Яго адвакатка Наталля Мацкевіч трапіла на сустрэчу з Мікалаем пасля абвяшчэння прысуду Віктару Бабарыку, якога яна таксама абараняе. Яна прыйшла «ў растрапаных пачуццях», і далей, кажа, здарыўся цуд: «Мікалай такі светлы і чысты, ён стаў мяне падтрымліваць і дапамог выйсці са стрэсавага стану». Я ўвесь час намагаюся данесці: Коля настолькі глыбока верыць у свае перакананні, што гэта дае яму сілы. Здавалася б, гэта адвакат павінен яго падтрымліваць, але ён, знаходзячыся ў турме, з незразумелымі перспектывамі на будучыню, лічыць неабходным і знаходзіць сілы падтрымліваць іншых. Жыццё дзеля іншых — гэта галоўная якасць яго асобы.

— На вашым спатканні хто каго падтрымліваў?

— Вы ведаеце, узаемна. Я ўпэўнены, Мікалаю патрэбны нашы сустрэчы, нават цяпер, калі ён дарослы чалавек. У жніўні яму споўніцца 33 гады. На спатканні перада мной сядзеў малады чалавек, усмешлівы, з адкрытым позіркам, які з улікам таго, дзе знаходзіцца, вельмі няблага выглядае. Мы з ім пра многае гаварылі, нават пра рэвалюцыі, хоць спачатку размова і была крыху сумбурная. Мікалай сказаў, што дзявацца няма куды і без пакутаў дзеля перамен у грамадстве не абысціся — каб нешта атрымаць, трэба нешта аддаць. Я даўно ведаў пра яго такое меркаванне, але ён пацвердзіў яго канкрэтнымі дзеяннямі. Ён таксама агучыў, што паводле тэорыі паліталогіі пасля рэвалюцыі заўсёды наступае рэакцыя. Я кажу: «А пасля рэакцыі наступае рэвалюцыя?» Ён адказаў: «Так». Яго выступы яшчэ да арышту зараз намагаюцца пераўтварыць у заклікі да гвалтоўных дзеянняў і распальванне варожасці, але Коля палітолаг, у яго два дыпломы, і ён заўсёды казаў толькі пра тэорыю рэвалюцыі і пратэсту. Яго асветніцкая дзейнасць была накіравана на тое, каб людзі зразумелі сябе, свае правы і магчымасці. 

— Як думаеце, які прысуд яму вынесуць?

— Тэрмін Віктару Бабарыку я прадказаў дакладна (палітык атрымаў 14 год - заўв. НН). Калі Мікалаю нахабна, без доказаў не павесяць чарговы артыкул, а застануцца толькі ўжо агучаныя тры, то дадуць 3-4 гады пазбаўлення волі. Я хачу быць рэалістам. Але веру, што ні Віктар Бабарыка, ні Мікалай свае тэрміны не адседзяць, нават блізка. Сітуацыя ў краіне хутка зменіцца, мяне ў гэтым упэўнівае тое, што беларускі народ моцна змяніўся і даволі пераканаўча паказаў, што не хоча быць быдлам. Ну і потым нікуды не дзецца ад эканомікі, якая цяпер загнаная ў тупік і працягвае ў яго заганяцца. Хто б што ні казаў пра санкцыі, але курачка па зернетку клюе, Еўропа разварочваецца не хутка, але калі развернецца, мала не пакажацца. Нават Расія зразумела, што сітуацыя ў Беларусі патрабуе кардынальных перамен. Я не кажу, што ўсё зменіцца праз месяц, паўгады-год, але з аглядкай у будучыню — так. У нас будзе магчымасць пабудаваць новую краіну, і я спадзяюся, мне удасца побач з Мікалаем нешта ў ёй зрабіць.

— А Мікалай усведамляе іпастась месіі, у якой вы яго бачыце?

— Думаю, не, я пабойваюся пра такое гаварыць. Хай лепш ён гэта робіць, чым пра гэта думае, а сваімі дзеяннямі ён такі вобраз пацвярджае. Да падзей мінулага лета я збіраўся з’ехаць з Беларусі. А цяпер не з’еду, бо бачу, што патрэбны тут — Мікалаю і ўвогуле краіне. Сын сыграў у маім рашэнні ключавую ролю. Я не верыў, што беларусы зменяцца, думаў, што яны церпяць-церпяць і, можа, так і трэба. А Коля сваім жыццём кажа, што мы можам і павінны гэта змяніць. Я лічу, ён узяў на сябе цяжкі груз — не пабаюся гэтых слоў, ён нясе крыж, які сам абраў, нягледзячы на боль і прыніжэнні. І ён будзе яго несці. Я б вельмі хацеў, каб людзі разумелі, дзеля чаго ён гэта робіць, таму што ўсведамленне, што ёсць такія людзі, як Мікалай, можа стаць матывам неяк змяніць сваё жыццё і не баяцца. Мой сын сваёй дзейнасцю намагаўся патлумачыць, што чалавек выходзіць на вуліцу, таму што мае на гэта права. Я неяк выкладаў ва ўніверсітэце і ў аснову праграмы заклаў, што трэба заўсёды помніць аб правах чалавека, пазбаўленне волі — крайняя мера, а парушэнне працэсуальных нормаў павінна прыводзіць да прыпынення справы. Праз год у маіх паслугах больш не мелі патрэбы.

— Вы самі выдавалі смяротны прысуд?

— Аднойчы.

— І як гэта?

— Вельмі цяжка, ніколі б у жыцці я такога больш не зрабіў, хоць з пункту гледжання заканадаўства я тады паступіў законна. Гэта адбылося ўжо пасля таго, як я напісаў заяву на адстаўку. На той момант я быў глыбока перакананы, што па-іншаму нельга. Але потым я пераасэнсаваў гэта і зразумеў, што смяротнае пакаранне ў чалавечым соцыуме надапушчальнае. Чалавек, якога я асудзіў, быў арганізатарам і выканаўцам жорсткага забойства двух чалавек з мэтай завалодання вялікай сумы грошай. Калі душа запатрабавала, я з гэтай нагоды быў у храме — паразмаўляў са святаром і мне стала лягчэй, але гэты цяжар усё роўна заўсёды будзе са мной. І не таму што я паступіў няправільна, а таму што можна было паступіць па-іншаму.

— Улада ўжо не першы год мэтанакіравана палюе на анархістаў. На ваш погляд, чаму? Хіба яны ўяўляюць для яе рэальную пагрозу?

— Сапраўдных анархістаў у Беларусі можна пералічыць па пальцах адной рукі, тых, хто прытрымліваецца анархічных поглядаў і разумее, што гэта не паліць машыны, біць шкло і кідаць кактэйлі Молатава. Улада хоча зрабіць з анархістаў вобраз, які б даў падставы для рэпрэсій, маўляў, вось яны хочуць ператварыць жыццё ў пекла, а мы для грамадства адзіная абарона. Увогуле тэарэтык анархізма ў нашай краіне, напэўна, адзін — гэта Мікалай. І ён адкрыта кажа, што супраць гвалту. Дзе ж тыя анархісты, якія паляць машыны і кідаюць кактэйлі Молатава? Улада баіцца Мікалая — не таму, што ён суперчалавек, хаця асабіста я думаю, гэта амаль так, а таму што ён ясна тлумачыць правы і магчымасці чалавека, і яго аўтарытэт непахісны. Таму сілавікі свядома прыніжалі яго, яшчэ і паказалі гэта па тэлебачанні.

— Як у сям’і следчага, пракурора і суддзі вырас галоўны анархіст краіны?

— Адказ дастаткова просты. У душы я быў і застаюся суддзёй — чалавекам, для якога права і справядлівасць галоўныя ў жыцці. Можа, таму я і не стаў вялікім начальнікам у сістэме. І так было заўсёды, калі Коля нарадзіўся і рос. Ён з дзяцінства чуў, што чалавек народжаны свабодным, што трэба паступаць паводле сумлення. Спачатку галоўным словам для яго была «справядлівасць», потым яно трасфармавалася ў «правы» і «свабоду». Мы праводзілі шмат часу разам, мяне добра ведалі ў школе, я нават маю грамату «Бацька — стан душы». 

— У вас даволі аптымістычны прагноз на будучыню. Як лічыце, ці будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням сілавікоў і суддзяў?

— Калі я акажуся ў судзейскім крэсле, зраблю ўсё, каб такі працэс адбыўся.

Каментары

Цяпер чытаюць

Лукашэнка не захацеў перадаваць палітвязняў у краіны ЕС. Зяленскі расказаў падрабязнасці2

Лукашэнка не захацеў перадаваць палітвязняў у краіны ЕС. Зяленскі расказаў падрабязнасці

Усе навіны →
Усе навіны

«Пачуццё неймавернага шчасця». З'явілася вялікае ВІДЭА з вызваленымі беларускімі палітвязнямі4

Алесь Бяляцкі прыбыў у Вільню1

Прэс-сакратар МЗС Польшчы: Пачобут адмовіўся звяртацца да Лукашэнкі з просьбай аб вызваленні9

Украіна даставіць вызваленых палітвязняў у краіны Еўрасаюза2

Ціханоўская: Лукашэнка ў апошні момант усё перайграў і змяніў маршрут выезду палітвязняў6

«Мой артыкул — маё прозвішча». Першыя словы на свабодзе Віктара Бабарыкі1

Большасць палітвязняў, вызваленых сёння, выслалі ва Украіну8

Менш чым за гадзіну беларусы сабралі першыя 40 тысяч еўра для палітвязняў, якіх вызвалілі сёння5

Андрэя Пачобута сярод вызваленых палітвязняў няма7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка не захацеў перадаваць палітвязняў у краіны ЕС. Зяленскі расказаў падрабязнасці2

Лукашэнка не захацеў перадаваць палітвязняў у краіны ЕС. Зяленскі расказаў падрабязнасці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць