Гісторыя

30 гадоў таму Беларусь стала незалежнай. Тлумачым, што адбылося

25 жніўня 1991 года Дэкларацыя аб суверэнітэце БССР набыла канстытуцыйны статус. Дэ-юрэ гэта азначала абвяшчэнне незалежнасці. Тлумачым, што адбылося 30 гадоў таму.

Як беларусам дапамог ГКЧП

За тыдзень да гэтых падзей, 19 жніўня 1991 года Міхаіла Гарбачова адхілілі ад спраў. Быў створаны Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (вядомы па рускамоўнай абрэвіятуры ГКЧП).

Глабальна беларусы вырашылі адсядзецца: насельніцтва і чыноўнікі асабліва не актыўнічалі і чакалі далейшага развіцця падзей.

Супраць путча выступілі адзінкі. Сярод іх — парламенцкая апазіцыя БНФ у парламенце, якая ў сваёй заяве асудзіла ГКЧП. Дзеянні камітэта дэпутаты на чале з Зянонам Пазняком трактавалі як спробу дзяржаўнага перавароту. Апазіцыя запатрабавала склікаць надзвычайную сесію Вярхоўнага Савета. Калі путчысты праігралі, да патрабаванняў БНФ далучыліся іншыя дэпутаты.

Сесія была склікана 24 жніўня. На парадку дня былі некалькі пунктаў (у тым ліку, «Аб бягучым моманце»), але абвяшчаць незалежнасць ніхто не збіраўся.

Толькі пад націскам апазіцыі ў парадак дня ўключылі наступнае пытанне: надаць Дэклярацыі аб суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона.

Пра што наогул гаворка? Дэкларацыю аб суверэнітэце БССР прынялі за год да гэтых падзей, 27 ліпеня 1990 года. Першыя дэкларацыі — у Прыбалтыцы і ў Закаўказзі — прымалі па ініцыятыве знізу. А потым улада вырашыла перахапіць ініцыятыву: прыняць такія дакументы ва ўсіх рэспубліках і такім чынам нівеліраваць іх значэнне. Таму прыняць яе ў БССР прапанавалі камуністы.

У выніку дэкларацыя абвяшчала поўны дзяржаўны суверэнітэт рэспублікі, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады у яе межах.

Але з тэкста прыбралі фармулёўкі пра стварэнне ўласнай грашовай сістэмы, узброеных і унутраных сіл, а таксама дзяржбяспекі. Адзін з артыкулаў прадугледжваў удзел БССР у распрацоўцы Саюзнай дамовы.

Калі б дэкларацыя атрымлівала статус канстытуцыйнага закона, суверэнітэт і незалежнасць станавіліся рэальнасцю.

Як дэкларацыя атрымала статус закона

Прадстаўніца парламенцкай апазіцыі БНФ Галіна Сямдзянава і кіраўнік КПБ Анатоль Малафееў

Тым часам 25 жніўня ля Дома ўрада, дзе праходзіла сесія парламента, стаялі тысячы людзей — адчуваўся ўплыў вуліцы.

Апазіцыя змагла сагнаць з трыбуны кіраўніка БССР Анатоля Малафеева, які падтрымліваў путч — гэта стала для дэпутатаў Вярхоўнага Савета псіхалагічным шокам.

Спікер парламента Мікалай Дземянцей, які падтрымліваў ГКЧП, абвясціў перапынак, а пасля яго заканчэння падаў у адстаўку.

На карысць прыхільнікаў незалежнасці грала агульная атмасфера. 23-га жніўня прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын спыніў дзейнасць кампартыі РСФСР. 24-га Міхаіл Гарбачоў склаў з сябе абавязкі генсека і прапанаваў цэнтральнаму камітэту КПСС самараспусціцца. У той жа дзень пра незалежнасць абвясціла Україна. 25-га Ельцын аб’явіў дзяржаўнай уласнасцю ўсю маёмасць КПСС.

Спалучэнне гэтых фактараў, а таксама ціск дэпутатаў БНФ прывялі да таго, што наменклатура падтрымала Народны фронт. Нават прэм’ер Вячаслаў Кебіч прапанаваў згадзіцца з Зянонам Пазняком. Праўда, не цалкам:

парламенцкая апазіцыя прапанавала наогул дэнансаваць Саюзную дамову 30 снежня 1922 года, паводле якой быў створаны Савецкі Саюз. Але дэпутаты прынялі «памяркоўны» праект:

Дэкларацыя набывала статус канстытуцыйнага закона. Калі палажэнні Канстытуцыі супярэчылі Дэкларацыі, трэба было кіравацца апошняй.

25 жніўня ў 20 гадзін 12 хвілінаў 256 дэпутатаў прагаласавалі «за». Дэ-юрэ Беларусь стала незалежнай.

Таксама парламент прыняў яшчэ некалькі пастаноў і змен у Канстытуцыю.

Замацаваў прыярытэт беларускіх законаў над агульнасаюзнымі. МУС і КДБ перайшлі пад кантроль рэспублікі. Тэрыторыя Беларусі аб’яўлялася непадзельнай і недатыкальнай. Дзейнасць кампартыі часова спынялася (апазіцыя прапанавала яе забараніць), у дзяржаўных установах забаранялася ствараць структуры любых палітычных арганізацый.

Прадпрыемствы, установы і арганізацыі саюзнага значэння, што былі на тэрыторыі Беларусі, перадаваліся ва ўласнасць рэспублікі. Але у гэты лік не ўвайшлі тыя з іх, што кіраваліся з Масквы.

Калі Беларусь канчаткова атрымала незалежнасць?

Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк і Вольга Галубовіч у першы дзень сесіі

Але Савецкі Саюз яшчэ працягваў існаваць. У верасні Беларусь атрымала сваю сучасную назву («Рэспубліка Беларусь») і дзяржаўную сімволіку — бел-чырвона-белы-сцяг і герб «Пагоня». Спікер парламента Станіслаў Шушкевіч працягваў ездзіць у Маскву і ўдзельнічаць у абмеркаванні новай Саюзнай дамовы.

Канчатковую кропку паставілі падзеі снежня 1991 года. Падпісанне Белавежскіх пагадненняў, які канстатавалі, што СССР спыніў існаванне. Ратыфікацыя гэтых пагадненняў Вярхоўнымі Саветамі трох рэспублік. Адстаўка Міхаіла Гарбачова.

Такім чынам, падзеі 25 жніўня сталі аднымі з лёсавызначальных у беларускай гісторыі і адным з важнейшых этапаў у абвяшчэнні незалежнасці.

Тады яе каштоўнасць усведамлялася не ўсім грамадствам. Напрыклад, у арміі прысяга на вернасць Беларусі адбылася ў апошні дзень 1992 (!) года. Для часткі беларусаў незалежнасць сапраўды звалілася як снег на галаву.

Але гэта ніяк не змяншае значэння таго, за што — хай сабе тады і ў меншасці — змагаліся беларускія патрыёты і што стала рэальнасцю 30 гадоў таму.

Каментары

Цяпер чытаюць

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў12

Светабноўлена, дапоўнена12

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў

Усе навіны →
Усе навіны

«Няхай за захоўванне прадуктаў плацяць крамы». Беларусы расказалі, на чым і як ашчаджаюць4

The Atlantic: Трамп падтрымаў ідэю змякчэння санкцый супраць Расіі ў абмен на вызваленне палітвязняў7

Уладальнік кувалды «Вагнера» з Рэчыцы атрымаў працу спецыяліста па моладзевай палітыцы4

Ціханоўская ў Еўрапарламенце засцерагла ЕС ад зняцця санкцый з Расіі і Лукашэнкі26

У Германіі мужчына спаліў гістарычнае распяцце XVII стагоддзя11

У Смаргонскім раёне аднавілі каплічку, якую знёс п’яны кіроўца. Але не так4

«Вусы Мулявіна» і «Крынж Еўфрасінні»: блогер АйЦіБарада зрабіў Alias па-беларуску5

У Латвіі рэзка павялічыўся збожжавы транзіт з Беларусі. За дзевяць месяцаў у 913 разоў больш, чым за ўвесь мінулы год13

У Расіі разбіўся стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-9518

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў12

Светабноўлена, дапоўнена12

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць