Галоўны рэдактар «Нашай Нівы», а цяпер палітвязень Ягор Марціновіч шмат ездзіў па Беларусі. Адно з такіх падарожжаў было па Гомельшчыне. Ягор аб'ехаў яе практычна ўсю — ад Кармы да Жыткавічаў. І вось месцы, якія ўразілі там найбольш.
Ягор не браў да ўвагі буйныя гарады — склаў топ з меншых. Свае пуцявыя нататкі нашанівец публікаваў у Фэйсбуку. Прыводзім іх.
«Скажу шчыра, што чакаў ад падарожжа менш пазітыўных уражанняў, — пісаў галоўны рэдактар. — Але аказалася, што і тут вельмі шмат запамінальных месцаў.
1. Чачэрск
Якая там ратуша! На здымках не адразу звяртаеш увагу, што ў яе драўляныя вежы. Калі-небудзь зноў заеду паглядзець на гэты незвычайны мікс стыляў.

Таксама тут ёсць незвычайная царква на круглай плошчы. У яе нейкія дзіўныя прапорцыі, па-мойму, архітэктар адышоў ад усіх канонаў. Але ад гэтага яна робіцца яшчэ больш запамінальнай.

2. Хойнікі + Барысаўшчына
Адрозненне гэтых краёў ад Заходняй Беларусі, пра якое я раней не задумваўся: на Гомельшчыне абсалютная большасць архітэктурных аб’ектаў пабудаваная пасля далучэння земляў да Расійскай імперыі новымі гаспадарамі. У выніку выглядае ўсё іначай.
У Хойніках ёсць прыгожая блакітная сядзіба пачатку XX стагоддзя, цяпер у ёй краязнаўчы музей. Існаванне любой бюджэтнай арганізацыі ў помніку архітэктуры — гэта пазітыўны фактар у нашых умовах, прынамсі нейкія грошы будуць ісці, таму будынак не павінен разваліцца.

Барысаўшчына — гэта гіганцкая воданапорная вежа, асноўнае, што засталося ад сядзібы. Пяць паверхаў! Кажуць, у брэжнеўскія часы ў яе засялілі людзей.

3. Юравічы
Тут я ўжо ў трэці-чацвёрты раз, але мястэчка надзвычай мілае. Праўда, як на мой густ, то ў Юравічах адначасова развіваюцца дзве тэндэнцыі. Гара, на якой знайшліся першыя сляды чалавека, становіцца ўсё больш турыстычнай — зручныя лесвіцы, музей у гары, нейкія вігвамы паставілі нават.

А вось праваслаўны манастыр на месцы езуіцкага калегіума… Я амаль ніколі не крытыкую рэстаўрацыю, але гэта рэальна трындзец. Заляпіць цагляную сцяну слоем цэменту шмат мазгоў не трэба, але выглядае выродліва. Юравічы пяць гадоў таму — прыгажасць, а праз пяць гадоў, думаю, з’явіцца сайдынг. Шклапакеты ўжо ёсць, калі што».

***
Падарожнічайце па Беларусі і дзяліцеся сваімі ўражаннямі з Ягорам у лістах!
Пісаць палітзняволеным нашаніўцам можна па адрасе: СТ-4, Магілёў, вул. Крупскай, 99А, 212011,
Марціновічу Ягору Аляксандравічу,
Скурко Андрэю Генадзевічу.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары