Спорт

Як 21-гадовая полька з маленькага гарадка ўзляцела на вяршыню сусветнага тэніса — гісторыя новай першай ракеткі

У жаночым тэнісе — новая першая ракетка. Месца каралевы з красавіка заняла 21-гадовая полька Іга Свёнтак, і дзяўчыне ўжо прарочаць, што яна можа застацца на троне надоўга. Як ёй гэта ўдалося?

Іга Свёнтак з трафеем адкрытага чэмпіянату Італіі па тэнісе, 15 мая. Званне першай ракеткі свету яна атрымала 4 красавіка. Фота: АР

Спадчынная спартсменка

Свёнтак нарадзілася 31 мая 2001 года ў Рашыне — мястэчку ў дзевяці кіламетрах ад Варшавы, дзе жыве менш за сем тысяч чалавек. Некалі Рашын быў вядомы праз тое, што там знаходзіўся вялікі хвалевы радыёперадатчык, потым — праз тое, што ў Рашыне нарадзілася польская зорка серыялаў Моніка Лабяндовіч, але цяпер, канечне, Рашын згадваюць у сувязі з Ігай Свёнтак.

Дзяўчынка вырасла ў спартовай сям’і: яе бацька Томаш Свёнтак — вядомы польскі вясляр і ўдзельнік летняй Алімпіяды ў Сеуле 1988 года. Тады ў складзе польскай чацвёркі Томаш прыйшоў да фінішу сёмым.

У яго актыве таксама перамога на Універсіядзе і ўдзел у некалькіх чэмпіянатах свету, найлепшы вынік на іх — пятае месца. Некалі Іга распавядала, што яе бацьку аднойчы давялося стаяць у алімпійскай сталовай разам з тэніснымі суперзоркамі — Штэфі Граф і Габрыэлай Сабаціні. Ці ведаў ён, што яго дзіця некалі апынецца сярод іх?

Удзельнік Алімпіяды ў камандных спаборніцтвах, Томаш Свёнтак схіляўся да таго, каб яго дочкі ўсё ж такі выбралі індывідуальныя віды спорту. Сама Іга пачынала шлях у спорце з плавання, але ж хапіла яе ненадоўга — дзяўчына баялася вады. 

А потым у яе жыцці з'явіўся тэніс. Пачыналася ўсё са старэйшай сястры Ігі, Агаты, і са спробаў быць падобнай на яе і, магчыма, нават паказаць лепшы вынік. Так і атрымалася: сястра Ігі сышла з тэніса праз траўмы яшчэ ў падлеткавым узросце і пайшла ў стаматалогію — сферу, дзе працуе яе маці-артадонт. Сама Іга тым часам заваёўвае адну вяршыню за другой.

Юны талент

Яшчэ калі Ізе было 17, яе ўжо лічылі вялікім талентам: дзяўчына выйграла юніёрскі Уімблдон, а пазней у пары з Каяй Юван стала чэмпіёнкай юнацкай летняй Алімпіяды-2018 у Буэнас-Айрэсе.

Незадоўга да таго ёй давялося першы раз праявіць характар — дзяўчына траўмавала шчыкалатку і паставіла кар'еру на паўзу на сем месяцаў. Пазней яна прызнавалася, што нават думала скончыць з тэнісам і засяродзіцца на адукацыі, але бацька і трэнер не далі Ізе сысці са спорту.

Красавік 2019 года — першы вялікі поспех. На адкрытым чэмпіянаце Лугана 17-гадовая Іга дайшла да фіналу спаборніцтваў з прызавым фондам 250 тысяч еўра і перамагла ў паўфінале вядомую чэшку Караліну Плішкаву. Пасля тых спаборніцтваў Іга з'явілася ў топ-100 сусветнага рэйтынга тэнісістак, а восенню дабралася і да топ-50.

Восенню 2020 года юная полька зрабіла тое, пасля чаго яе ўжо немагчыма было не заўважыць — выйграла «Ралан Гарос», і не проста стала чэмпіёнкай, але яшчэ і перамагла ў кожным са сваіх матчаў за два сэты. У дадатак, у кожным з матчаў у французскай сталіцы Свёнтак прайграла не больш за пяць геймаў. Ашаламляльны вынік для спартсменкі, якой усяго 19 гадоў.

19-гадовая Свёнтак з узнагародай «Ралан Гароса». Фота: АР

Сенсацыйны поспех не зламаў таленавітую польку, і ўжо ў 2021 годзе яна дамаглася новых яркіх перамог, напрыклад, на турніры WTA 1000 у Рыме (хаця хапала і крыўдных паразаў). «Выйграць турнір Вялікага Шлема — гэта цудоўна, але, мне здаецца, у маім узросце гэта перапыніла спакойны працэс сталення і развіцця ў маёй гульні», — распавядала Свёнтак.

Перамагала Сабаленку некалькі разоў

Перад стартам цяперашняга сезона Свёнтак перайшла да новага трэнера. Томаш Віктароўскі, з якім цяпер працуе полька, у мінулым рыхтаваў іншую польскую тэнісную зорку, Агнешку Радваньску. З Віктароўскім Іга пачала гуляць больш агрэсіўна і хутчэй рухацца па корце, палепшылася і статыстыка дзяўчыны.

У лютым 2022 года у Свёнтак пачалася серыя перамог. Дзяўчына стала чэмпіёнкай на трох турнірах WTA 1000 запар — на спаборніцтвах у Досе, Індыян-Уэлсе і Маямі. Перамога ўжо ў стартавым матчы турніру ў Маямі дазволіла дзяўчыне заняць першае месца ў абноўленым рэйтынгу WTA, то-бок стаць першай ракеткай свету. Да Свёнтак ні адзіны паляк ці полька не дабіраліся да вяршыні гэтага рэйтынгу.

У красавіку Іга выйграла турнір Porsche Tennis Grand Prix, і гэта была яе першая перамога на турніры пад маркай WTA у закрытым памяшканні.

Цікава, што ў фінале турніру Свёнтак перамагла беларуску Арыну Сабаленка, і той матч аказаўся для Свёнтак 23-й пераможнай гульнёй запар. Дададзім, што за тыя 23 гульні бліскучая полька прайграла ўсяго пяць сэтаў і што цяпер у яе багажы ажно 28 перамог запар.

У сярэдзіне мая сваю чарговую перамогу (і зноў над Арынай Сабаленка) Іга пракаментавала словамі «няма нічога немагчымага». Пазней дзяўчыну папрасілі патлумачыць гэтыя словы, і вось што яна сказала:

«Гэта проста азначае, што перад такімі [важнымі] матчамі няма сэнсу думаць: «мая серыя [без паражэнняў] ужо доўгая, калі я прайграю?» Або, не ведаю, ці ўвогуле магчыма выйграваць столькі гульняў? Я, нібыта, шчыра веру, што няма нічога немагчымага і я магу прайсці нават яшчэ больш наперад. Такое стаўленне, калі ты проста глядзіш наперад і не думаеш пра тое, што ўжо здарылася, сапраўды мне дапамагло, бо я таксама і эканомлю сілы, калі не трачу іх на гэта. Я вельмі сабой ганаруся».

Фанатка медытацыі і пазітыўнага мыслення

Дзяўчына лічыць, што важны кампанент яе поспеху — праца са спартовым псіхолагам. Яна актыўна карыстаецца псіхалагічнымі тэхнікамі: займаецца медытацыяй (нават падчас перапынкаў у матчы) і візуалізацыяй, трымаецца прынцыпаў пазітыўнага мыслення. 

Вось як полька тлумачыць, навошта ёй псіхолаг: «Я проста лічу, што псіхалагічная ўстойлівасць — самае важнае ў сучасным тэнісе, таму што гуляць на найвышэйшым узроўні ўмеюць усе. Але перамагае той, хто жорсткі і ўмее спраўляцца з ціскам».

Свёнтак на турніры WTA ў Маямі, 2 красавіка 2022 года. Фота: АР

І гэта прыносіць свой плён — пра Свёнтак кажуць, што яна вельмі добра ўмее кантраляваць эмоцыі і стрымліваць сябе нават падчас самых нервовых гульняў. Напэўна, гэта адна з рэчаў, што дапамаглі ёй выйсці на першае месца ў сусветным тэнісе, бо ў плане тэхнікі паміж элітнымі тэнісісткамі няма моцнага разрыву.

Імя псіхолага Дар'і Абрамовіч, якая працуе з тэнісісткай, часта згадваюць у медыя, бо яе ўнёсак у поспех дзяўчыны наўрад ці хто можа аспрэчыць.

Дарэчы, сваю перамогу на «Ралан Гарос» у 2020 годзе Іга таксама «навізуалізавала» — пасля фіналу Іга дзялілася, што ўяўляла сябе пераможцай турніру Вялікага Шлема, хаця і разумела, што да гэтага ёй было вельмі далёка. Дзяўчына кажа, што праца з псіхолагам змяніла яе падыход да жыцця і навучыла думаць не толькі пра тэніс. Цяпер Іга праводзіць больш часу на прыродзе, дазваляе сабе смачна есці, траціць час на чытанне і іншыя хобі. Але і пра працу не забывае: як кажа сёмая ракетка свету Онс Жабер, «Іга нам паказвае, як трэба працаваць».

Крыніца натхнення для Свёнтак — поспехі іншых зорак тэніса, у асаблівасці яе куміра, таксама полькі, Агнешкі Радваньскай. Іншы кумір — Рафаэль Надаль.

Але, у адрозненне ад іспанца, маладая полька не акружае сябе вялікай колькасцю ваколтэнісных рытуалаў, хутчэй, канцэнтруецца падчас гульні на дробных рэчах — працы ног, пастаноўцы ступняў.

А яшчэ Іга любіць рок, асабліва амерыканскі гурт Guns N’Roses, і кажа, што музыка вельмі дапамагае ёй настройвацца на матч. Трэк Welcome to the Jungle ад Guns N'Roses, напрыклад, дапамог Ізе сабрацца перад фіналам «Ралан Гарос» у 2020 годзе. Іншыя любімыя выканаўцы — AC/DC і Pink Floyd, але Іга не супраць паслухаць і стары добры джаз ці шведскую АВВА.

Заробак Ігі Свёнтак за кар'еру дасягнуў амаль дзевяці мільёнаў даляраў. Дзяўчына з маленькага Рашына прайшла ашаламляльны шлях з польскага тэніса да сусветнага поспеху, і цікава будзе сачыць за тым, ці вытрымае яна ціск свайго статусу.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Як добра вы разбіраецеся ў тэнісе? ТЭСТ

Каментары

Цяпер чытаюць

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі трэнер расказаў, якую смешную задачу яму паставілі ў чэмпіянаце Кітая па хакеі

«Ледзь не затапталі адзін аднаго». Жыхары Магілёва сталі ў вялікую чаргу. Што раздавалі бясплатна?8

«Або тоўстыя пісалі, або з дзецьмі». Фанат Лукашэнкі Жан Содзель не змог знайсці жонку і абураецца, што «дзяўчаты пайшлі не тыя»23

Сеул ацаніў страты Паўночнай Карэі ў вайне з Украінай

Крысціне Арбакайце забаранілі ўезд у Латвію праз пагрозу нацыянальнай бяспецы1

Як улады чарговы раз правалілі планы ў сельскай гаспадарцы6

У Пакістане заявілі, што Індыя збіраецца на іх напасці цягам 24-36 гадзін

Ураджэнца акупаванага Мелітопаля прыгаварылі да 27 гадоў па справе аб спробе атручвання выпускнікоў лётнага вучылішча

Расіяне размялі гатэлі ў Мінску на майскія, арэндныя кватэры сталі па лонданскіх цэнах. Калі ёсць свая — можаце добра зарабіць6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць