Грамадства3232

«Пасядзіце ў нас на ІЧУ без матраца». З'явіўся аўдыязапіс, як сілавікі вядуць «выхаваўчыя гутаркі» з беспрацоўнымі

Сілавікі апошнім часам актыўна ўзяліся за «дармаедаў»: праводзяць «рэйды» па выяўленні непрацаўладкаваных і выклікаюць іх на «выхаваўчыя гутаркі» ў РУУС. «Люстэрка» атрымала аўдыязапіс адной з такіх сустрэч, якая прайшла ў Кастрычніцкім РУУС Гродна. На ёй намеснік начальніка УУС пераконваў прысутных знайсці афіцыйную працу. Палохаў, што «інакш будзе вельмі дрэнна». І абяцаў, што хутка ў Беларусі жыццё будзе як у Эміратах.

Мікалай Нічыпар, першы намеснік начальніка УУС — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі. Гродна, студзень 2025 года. Фота: ggkot.by

«Вазьміце сябе за галаву. Мы з вас не злезем»

Афіцыйна сустрэча называлася «прафілактычнае мерапрыемства ў тым ліку па працаўладкаванні». У «паведамленні аб неабходнасці яўкі» пісалі: прыйсці абавязкова. У адваротным выпадку пагражалі «прыводам» і іншымі «мерамі рэагавання».

У выніку ў будынку раённага УУС удалося сабраць некалькі дзясяткаў чалавек. Перад тымі, хто прыйшоў, выступіў першы намеснік начальніка Кастрычніцкага РУУС Гродна — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Мікалай Нічыпар. Уся яго прамова зводзілася да таго, што трэба знайсці працу і перастаць лічыцца ў базе «не занятых у эканоміцы».

«Кіраўніцтва міліцыі грамадскай бяспекі Кастрычніцкага РУУС жадае, каб вы хутчэй працаўладкаваліся. Афіцыйна. Спадзяюся, мяне ўсе пачулі. Інакш будзе вельмі кепска. У нас рычагоў уздзеяння на тых, хто не працуе, дастаткова», — казаў міліцыянер.

Яшчэ ён палохаў тых, хто будзе ігнараваць падобныя мерапрыемствы, адміністрацыйнымі працэсамі, і тады

«праз суд вы паедзеце, папрацуеце ў іншым месцы. Пасядзіце ў нас на ІЧУ без матраца».

Сілавік адзначыў, што многіх «дармаедаў» бачыць не першы раз, і дадаў, што не хоча, каб «прафілактычныя мерапрыемствы» былі масавымі.

«Таму вазьміце сябе за галаву. Мы з вас не злезем. Прымусім вас хадзіць ножкамі. Будзем потым мяняць дыслакацыю [сходаў]. Можа, дзе-небудзь на базе нейкага ЖЭСа зробім групавое выхаваўчае мерапрыемства. Вам гэта трэба? Ну, наступны раз, калі пахаладае — на вуліцы правядзём групавое выхаваўчае… каб памерзлі».

«Нават не суньце свае мабільныя тэлефоны»

Да аўдыторыі міліцыянт звяртаўся «паважаныя грамадзяне» і ўвесь час дадаваў рэмаркі кшталту «вы ж не занятыя нічым», «у вас вольнага часу мора». Суразмоўцу сталага веку ён паведаміў, што «ў ІЧУ ў нас — для тых, хто не ведае, — прымаюць да 74 гадоў. Але з пісьмовай маёй згоды і калі 75 — таксама можна закрыць». А таксама заявіў, што «на 100% упэўнены»: хтосьці прыйшоў на сход не зусім цвярозым «пасля ўчарашняга».

«А гэта кажа пра што? Што ён катэгарычна не паважае супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. А мы вас паважаем», — зрабіў выснову ён.

Мікалай Нічыпар, першы намеснік начальніка УУС — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі. Гродна, чэрвень 2025 года. Фота: 102.Неман, Telegram

Некаторыя з тых, хто прыйшоў, звярталіся з пытаннямі і расказвалі пра свае асабістыя сітуацыі. Мяркуючы па гэтых гісторыях — былі людзі, якія фактычна працуюць, але з-за нюансаў афармлення працягваюць лічыцца ў базе «не занятых у эканоміцы».

Сілавік на тых, хто афармляе самазанятасць, абрынуўся з крытыкай.

«Тыя хітраопыя (сілавік вымавіў гэтае слова менавіта так. — Заўв. «Люстэрка») паказваюць інспектарам — былі факты… Адкрываюць там гэтую самазанятасць, рэгіструюцца. Тыпу «я зарэгістраваўся, я ўжо ах*рэнна самазаняты чалавек». Усё гэта фэйк! Мы адкрываем базу Фонду сацыяльнай абароны. Калі там няма узносаў — гэта падман. Таму нават не суньце свае мабільныя тэлефоны».

«Такое, што «я не дажыву», — не пракатвае»

Нічыпар спрабаваў выбудаваць дыялог з залай, звяртаўся да канкрэтных людзей з пытаннямі. Але яму рэдка хтосьці адказваў.

«Я вас папрашу: не падводзьце сваіх блізкіх сваякоў. Я ўпэўнены, што вашы жонкі, мужы дзесьці добрасумленна працуюць… Там нейкія змены плануюцца ў аплаце камунальных паслуг. Не працуеш — будзеш плаціць 100%. Таму навошта плаціць 100%, калі можна ўладкавацца?

У кожнага, хто сядзіць тут, я ўпэўнены, напалову залатыя рукі. Чымсьці займаецеся карысным: зваршчыкам і гэтак далей. Таму можна працаўладкавацца на паўстаўкі і займацца сваёй любімай справай. Прыносіць даход. Яшчэ раз вас папрашу, запатрабую і прымушу вас падумаць пра працаўладкаванне», — намаўляў міліцыянер.

Заклікаў Нічыпар падумаць пра будучую пенсію, якой не хопіць нават на таблеткі.

— Вы ж зразумейце, 20 гадоў працоўнага стажу трэба. 20 гадоў! Каб атрымліваць хоць трохі нейкую больш-менш годную пенсію. А калі не будзе стажу, вы будзеце атрымліваць сацыяльную пенсію. Цяпер 241 рубель (245,55 рубля. — Заўв. «Люстэрка»), калі не памыляюся. Так? — удакладніў ён у кагосьці ў зале.

— Так-так-так, — пагадзіўся падказчык.

— 241 рубель! А вам будзе ўжо 63 [гады] плюс. Так? У мяне маці 300 рублёў толькі траціць на таблеткі. А ў вас пенсія будзе 241 рубель. Ну, пакуль пойдзеце [на пенсію] — 242 рублі будзе. А здароўе ўжо не тое. Ну, у любым выпадку нейкія медыцынскія прэпараты будзеце купляць. Такое, што «я не дажыву», — не пракатвае. Усе мы дажывём і будзем жыць шчасліва на пенсіі. Але… можа, нядоўга. А можа, і доўга.

Тым, хто маладзейшы, ён прапаноўваў падумаць пра дабрабыт бацькоў.

«За нашы з вамі падаткі бацькі атрымліваюць пенсію. Гэта значыць, вы сваёй маці або бацьку проста недаплачваеце тыя 200‑300 рублёў. [Падатак] 13 працэнтаў з заробку… Тысячу атрымліваеш — 130 рублёў у цябе вылічваюць на пенсію бацькам. Гэта значыць, вашай маці і бацьку вы 130 рублёў недаплачваеце. А яны добрасумленна, напэўна, працавалі ўвесь час».

«Будзем як у Эміратах хутка жыць! Гадоў праз дзесяць»

Не абышлося і без «палітінфармацыі».

— Вось хто глядзеў навіны? Параўналі даходы беларусаў, літоўцаў і палякаў. У іх там касмічныя заробкі. А калі пачалі вылічваць за сацыяльныя паслугі, дык і нядрэнна мы тут жывём! Цяпер прэзідэнт заявіў: самая танная электраэнергія — Беларусь, Расія, Казахстан.

— Медыцына бясплатная, — дадаў нехта з залы.

— Медыцына бясплатная, — падхапіў Нічыпар. — Плануюць трэцюю атамную… трэці блок на атамнай станцыі ў Астраўцы. У Магілёве закладваюць станцыю электрычную. Будзем як у Эміратах хутка жыць, гадоў праз дзесяць. Бясплатная электрычнасць будзе. Вось. Але калі будзеце так дрэнна сябе паводзіць, можаце трапіць туды на будоўлю. Рознарабочымі. Думайце, паважаныя.

У фінале размова павярнула ў нечаканы бок. Мабыць, міліцыянер вырашыў сумясціць сход па дармаедстве з прафілактыкай іншых правапарушэнняў.

«Я ўпэўнены, што тыя, каму да 30, яшчэ бацькі дзесьці працуюць, магчыма. І вы сядзіце ў іх на плячах. Сорам. Сорамна! Але апранаецеся добра. Значыць, у бацькоў бераце грошы. Або крадзеце.

Але тут як бы… Я думаю, што вы ведаеце: па горадзе Гродна ўсталяваныя камеры відэаназірання. Таму ўсе вашы крокі можна прасачыць. […] Выпадкова пакласці бутэльку ў кішэню і выйсці без грошай у краме … Выпадкова, так? Крадзеж. А калі прадаўцы крычаць «стой» — гэта рабаванне ўжо. […] Быццам бы бутэлька гарэлкі каштуе пяць рублёў, чакушачка, так? А гэта ў нас 206‑ы [артыкул]. Да трох гадоў пазбаўлення волі. У лепшым выпадку».

Яшчэ нейкі час Нічыпар паабмяркоўваў з людзьмі ў зале варыянты пакарання за крадзеж. А пасля, зрабіўшы выснову, што слухачы яго «пачулі, зразумелі», вырашыў заканчваць мерапрыемства і папрасіў уключыць дзяржаўны гімн. 

Каментары32

  • Ёсік
    25.11.2025
    "За нашы з вамі падаткі бацькі атрымліваюць пенсію." Зьнішчыў мусавец тую легенду, што пенсію плаціць лукашэнка. Цешчы пакажу, што ўвесь час яе падманвалі з тэлевізара.
  • Не варыянт
    25.11.2025
    І калі ласка народ, у наступны раз абутак не здымайце, каб на лавачку стаць. Яно ня варта таго. Можна інакш абысціся.
  • а
    25.11.2025
    "Яшчэ ён палохаў тых, хто будзе ігнараваць падобныя мерапрыемствы, адміністрацыйнымі працэсамі, і тады
    «праз суд вы паедзеце, папрацуеце ў іншым месцы. Пасядзіце ў нас на ІЧУ без матраца»."

    а закон на гэта ё? а ну хаця, а пра што гэта я...

Цяпер чытаюць

Арыштаваны сенатар Карпіцкі, галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы2

Арыштаваны сенатар Карпіцкі, галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы

Усе навіны →
Усе навіны

Чэшскі ўрад пашырыў магчымасць атрымаць візы для беларусаў6

Сабака моцна пагрыз буйную купюру, але яе ўсё адно прынялі. У якіх выпадках не варта адчайвацца?3

Што такое рабатызаваныя турэлі, якія павінны выратаваць Кіеў ад рэактыўных «шахедаў»1

Кіеў пачаў аддзяляць беларусаў ад Лукашэнкі. Калі гэта зменіць жыццё беларусаў ва Украіне?11

Рамзану Кадыраву далі ордэн ад РПЦ7

Падпалкоўніка з факультэта вайсковай разведкі судзяць за «здраду дзяржаве» па справе, якая выглядае палітычнай. Што пра яго вядома?8

Расія ўдарыла дронамі па турэцкім судне з кукурузай

Беларус сабраў грыбы ў Чарнобыльскай зоне і аднёс у лабараторыю. Якія вынікі?12

Беларуская футбольная федэрацыя паскардзілася на хейт Лукашэнкі падчас матча зборнай у Фінляндыі8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны сенатар Карпіцкі, галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы2

Арыштаваны сенатар Карпіцкі, галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць