Вайна

«Танцуе і бегае на пратэзе ў 74 гады». Жыццясцвярджальная гісторыя жанчыны, якая страціла нагу падчас расійскіх абстрэлаў

Любоў Прачухан з сяла Анісаў на Чарнігаўшчыне ў сакавіку пайшла даіць кароў. У той дзень расійскі самалёт скінуў на ферму некалькі бомбаў. Жанчына атрымала раненні і страціла частку нагі. Але дзякуючы валанцёрам з Кіева яна трапіла на пратэзаванне і рэабілітацыю ў Аўстрыі, дзе на практыцы даказала, што галоўнае ў жыцці — не траціць жыццялюбства і аптымізму, пішуць «Суспільне новини».

Пазітыўная і заўсёды ўсмешлівая: за гэта Любоў Міронаўну палюбілі аўстрыйскія лекары і ставілі яе ў прыклад іншым украінцам, якія страцілі канечнасці.

Любоў Міронаўна. Фота: suspilne.media

Жанчына атрымала раненне 21 сакавіка. Тады расіяне скінулі на ферму чатыры авіябомбы. Яна ў той дзень упершыню прыйшла дапамагаць даіць кароў, бо некалькі мясцовых даярак разам з сем'ямі выехалі з вёскі. Тады атрымалася надаіць 100 літраў, гэта малако бясплатна раздавалі мясцовым, з яго ж жанчыны рыхтавалі сыр для вайскоўцаў.

Разбураная ферма. Фота: suspilne.media

Жанчына ўжо села на ровар і пачала ад'язджаць ад кароўніка, як пачуўся выбух.

«Я не памятаю нічога, толькі шум, і з хлява чорны дым паваліў. Яно трапіла ў хлеў і сюды хваляй выбіла. Я ўпала, потым думаю, ага, казалі, трэба каціцца, а потым думаю, куды ж каціцца, сцяны ж няма. Я адразу сябе праверыла, дзе што ў мяне не так, нага, чую, што не слухаецца».

Любоў Міронаўна. Фота: suspilne.media

Ад асколачных раненняў загінулі амаль восем дзясяткаў малых цялят, 60 з іх нованароджаных, і больш за чатыры дзясяткі кароў.

Загінулыя жывёлы. Фота: suspilne.media

Хуткая дапамога забрала жанчыну ў найбліжэйшую бальніцу, у Кулікоўку. «Там я праляжала 10-11 дзён, а потым заходзіць малады, прыгожы хлопец барадаценькі такі: «Я — Славік», кажу, ну і добра, што ты Слаўка», — распавяла Любоў Міронаўна.

Кіяўлянін Вячаслаў Запарожац аказаўся кіраўніком фонду «Цэнтр выратавання жыцця». Ён працуе з вайсковымі і цывільнымі параненымі. У сакавіку і красавіку ён разам з іншымі валанцёрамі вывозіў цяжкапараненых з Чарнігава і вобласці.

«У адзін з дзён я зайшоў у бальніцу, у нас было месца вольнае ў хуткай. Кажу, у вас ёсць параненыя? І лекар кажа, ёсць бабуля, але яна добра сябе адчувае. Я падышоў, гляджу. Што не вельмі добра ў яе ўсё з ножкай. А ён мне кажа, не трэба везці ў Кіеў, яна праз тыдзень будзе скакаць. Не, кажу, сябра, я яе забіраю», — сказаў валанцёр Вячаслаў Запарожац.

Вячаслаў Запарожац. Фота: suspilne.media

Жанчыну транспартавалі ў Кіеў. «Там адразу зрабілі МРТ, прыйшоў траўматолаг і кажа, што там ужо гангрэна. Заўсёды так пры асколачных раненнях канечнасцяў».

Любоў Міронаўна ў бальніцы. Фота: suspilne.media

«Увечары прыходзіць прафесар, паказвае мне на мабілцы, вось такая рана і я бачу, што нітачкі тырчаць, сухажыллі. Кажа, трэба выдаляць. Ну, трэба дык трэба. Яны 7 чысла ўзялі. А я такая цікаўная, яны задралі мне нагу і апрацоўваюць, а я гляджу, што вы робіце. Яны тады раз — фіранку закрылі. Кажу, што закрылі, каб я не падглядала? Тут мяне аперуюць, побач на адным стале іншых аперуюць, наглядзелася — гэта жахі.

— Гэта значыць, вы былі ў свядомасці? — У свядомасці, нават чула, як нажоўкай мне костку пілавалі. Чую чыгірк-чыгірк, думаю пілкай піляць, Піль-Піль. Думаю, у людзей горш, а ў цябе толькі трохі нагі няма, глупства», — кажа Любоў Міронаўна.

З тых часоў жанчына не раз дэманстравала сваю мужнасць, цягавітасць і зараджала ўсіх вакол сваім аптымізмам. На пратэзаванне і наступную рэабілітацыю ў жніўні Вячаслаў адправіў жанчыну ў Аўстрыю. Там яна правяла месяц, вучачыся хадзіць на пратэзе.

«Была зарадка, трэба было перакочвацца праз галаву, з пратэзам, яны вучылі як падаць. Я кажу, я вось у 74 гады і мне праз галаву куляцца? Ён кажа: «Так, так». Трэба, значыць трэба. У баскетбол, у кошык мяч кідаць. Ён мне падае мяч, я дзесяць разоў бах, наце вам. Хада а 10-й гадзіне, спорт а 11-й, а 12-й абед, потым а 13-й яшчэ што-небудзь, а 15-й масаж рабілі. Яшчэ быў басейн, так у мяне купальніка не было, у басейн не хадзіла», — распавядае жанчына.

Любоў Міронаўна. Фота: suspilne.media

У дзень выпіскі Любоў Міронаўна станцавала на пратэзе для аўстрыйскіх лекараў.

Танец у дзень выпіскі. Фота: suspilne.media

«Яна сынок мяне называе, кажа: «Сынку, я так радая, што мне канечнасць адрэзалі: я пабыла ў Вене. Мне рабілі масаж, прычоску. Гэта заслугоўвае ўвагі і павагі. Я паказваю яе прыклад усім хлопцам. Многія губляюць канечнасці, яны вельмі сумныя, дэпрэсія. ПТСР, я заўсёды паказваю бабулю», — распавёў Вячаслаў Запарожац.

Вячаслаў Запарожац з Любоўю Міронаўнай. Фота: suspilne.media

Паводле яго слоў, праз год Любоў Міронаўну чакае змена пратэза на больш функцыянальны. Цяпер бабуля марыць, каб да вясны Украіна атрымала перамогу ў вайне. Бо тады яна зможа спакойна саджаць агарод.

Каментары

Цяпер чытаюць

На вуліцы Матусевіча ў Мінску побач з дзіцячым садком упаў беспілотнік20

Грамадстваабноўлена20

На вуліцы Матусевіча ў Мінску побач з дзіцячым садком упаў беспілотнік

Усе навіны →
Усе навіны

Неўзабаве маюць з'явіцца новыя банкноты еўра. Яны ўжо выклікалі польска-французскія спрэчкі22

Паліцыя Гданьска пракаментавала самазабойства былога ваяра Ягора Іспянькова

У Мінску пахавалі Змітра Каспяровіча1

У Брэсце пры саветах яўрэйскія могілкі закаталі пад стадыён. Цяпер там адкрылі першы ў краіне лапідарый. Але хто зруйнаваў могілкі, хаваюць12

Трамп сказаў, што расчараваны ў Пуціне і скарачае тэрмін ультыматуму18

«Гендырэктар не мяняў пароль з 2022 года». Беларускія кіберы расказалі падрабязнасці атакі на серверы «Аэрафлоту»21

ФК «Славія» расказаў пра стан заўзятара, які ўчора зваліўся з трыбуны

Лаўроў канстатаваў поўную адсутнасць саюзнікаў у Расіі13

Грыбнік паказаў пяць відаў баравікоў з беларускіх лясоў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На вуліцы Матусевіча ў Мінску побач з дзіцячым садком упаў беспілотнік20

Грамадстваабноўлена20

На вуліцы Матусевіча ў Мінску побач з дзіцячым садком упаў беспілотнік

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць