Эканоміка

Playtika за адзін дзень скараціла офісы ў Мінску і Варшаве

12 снежня ў офісах па ўсім свеце геймдэў-кампаніі Playtika прайшлі скарачэнні. Заходнія медыя пісалі, што кампанія звольніла 15% штату — каля 610 чалавек. Супрацоўнікі мінскага і варшаўскага офісаў падзяліліся з dev.by падрабязнасцямі.

— Уся хваля звальненняў прайшла за адзін дзень (у панядзелак). Пад скарачэнне трапілі ўсе: звычайныя супрацоўнікі, дырэктары студый, топ-менеджмент. У офісе панавала поўная нявызначанасць, усе былі ў стрэсавым стане: ніхто не ведаў, каму могуць заблакаваць камп’ютар і паклікаць на размову. Звальнялі ва ўсіх лакацыях, у тым ліку ў штаб-кватэры Playtika ў Ізраілі. Цяпер — у аўторак — усе больш-менш супакоіліся. Менеджары кажуць, што другой хвалі звальненняў не будзе, — расказвае супрацоўнік варшаўскага офіса. 

У 2021—2022 гадах Playtika перавезла многіх супрацоўнікаў з Мінска ў Варшаву. Ізраільскія медыя пісалі пра 300 рэлакантаў, і гэта палова штату Playtika ў Беларусі да 2021 года. Крыніца dev.by называе варшаўскі офіс «бэкапам мінскага» і адзначае, што пасля пачатку вайны кампанія перавезла ў Варшаву і многіх украінскіх айцішнікаў. 

Дакладную колькасць звольненых у варшаўскім офісе ён назваць не змог. Паводле яго ацэнак, да скарачэнняў там працавала каля 550 чалавек.

Працаўнікі як варшаўскага, так і мінскага офісаў кажуць, што звальненні сталі для іх поўнай нечаканасцю. 

Хроніка падзей у мінскім офісе (са слоў відавочцы): 

  • 9 снежня пра звальненні паведамілі менеджменту, вышэйшаму за самае ніжняе звяно (менеджары каманд/праектаў — «груп-менеджары» паводле ўнутранай класіфікацыі). У гэты ж час пачалі з’яўляцца інсайды на англамоўных рэсурсах.
  • У суботу, 10 снежня, нізавое звяно менеджараў публікуе інфармацыю ў Teams пра важны мітынг у панядзелак, да якога ўсім трэба падлучыцца. 
  • Раніцай у панядзелак, 12 снежня, менеджары сярэдняга звяна просяць «шчасліўчыкаў» прыехаць у офіс. Падрабязнасцей па-ранейшаму няма, калегі рэпосцяць інсайды з англамоўных рэсурсаў. На ранішніх дэйліках камандам нагадваюць пра важны мітынг.
  • У 14:30 пачынаецца мітынг. Відэазапіс, на якім СЕО аб’яўляе пра складанае рашэнне скараціць каля 15% штату: «Нам вельмі шкада, але гэта бізнэс, вы цяпер частка гісторыі».
  • А 15-й паведамляюць, што дзеля бяспекі ўсім блакуюць доступ да карпаратыўных рэсурсаў. 
  • Ад 15:30 і да вечара панядзелка праходзяць кароткія мітынгі з лакальнымі (мінскімі/кіеўскімі/варшаўскімі) кіраўнікамі дэпартаментаў. У Мінску супрацоўнікам (якія трапілі пад скарачэнне) абвяшчаюць, што кантракты падаўжацца не будуць (заканчваюцца пры канцы лютага). Цягам некалькіх дзён працаўнікам прапануюць здаць абсталяванне. Просьбы дарабіць бягучыя задачы адхіляюцца.
  • Падпісваецца пагадненне: супрацоўнікі павінны трымаць у таямніцы любыя ўмовы звальнення і абараняць рэпутацыю наймальніка. Не падпішаш — пазбавішся кампенсацыі.
  • Некаторым супрацоўнікам прапануюць перавод у іншую каманду/дэпартамент — без альтэрнатыўнага варыянта. Некаторым прапануюць пачакаць пераводу пэўны час або звальняцца. 
  • Для многіх усё гэта стала поўнай нечаканасцю. Працаўнікі не могуць зразумець алгарытму звальненняў. 
  • Звальненне фармальна мае адбыцца 28 лютага — пасля завяршэння кантракта. Тады ж звольненым аддадуць працоўныя кніжкі. 
  • Звальнялі і інжынераў, і архітэктараў, і бізнэс-аналітыкаў, і сісадмінаў, і сапорт, і менеджараў рознага звяна.

Крыніцы dev.by паведамілі, што Playtika распусціла ўнутраную студыю Jelly Button, скараціла каманды гульняў Board Kings і Bingo. Таксама Playtika спыніла супрацоўніцтва з беларускай кампаніяй Sababa Labs, з камандамі якой працавала на аўтсорсе.

Крыніцы dev.by паведамілі, што Playtika прапанавала нядрэнныя бонусы звольненым супрацоўнікам: кампенсацыя ў памеры акладу за некалькі месяцаў, выплата гадавога бонусу.

З афіцыйнага сайта Playtika зніклі амаль усе вакансіі ва ўсіх лакацыях. Да скарачэнняў ва ўсіх офісах кампаніі працавала каля 4100 чалавек.

Трывожныя навіны з Playtika пачалі паступаць пры канцы 2021 года. Летась у лістападзе інвестары пачалі расследаванне супраць кампаніі пасля нечаканага абвалу акцый. Улетку 2022-га стала вядома пра першыя сур’ёзныя скарачэнні: Playtika была гатовая звольніць 250 чалавек і закрыць студыі ў Манрэалі, Лос-Анджэлесе і Лондане. У лістападзе такі ж лёс напаткаў студыю ў Хельсінкі. Медыя звязвалі скарачэнні з негатыўным уплывам на гульнявую індустрыю такіх фактараў, як высокія працэнтныя стаўкі ў заходніх краінах, высокая інфляцыя і аднаўленне эканомікі пасля пандэміі (падчас якой аўдыторыя мабільных гульняў, наадварот, расла).

Студыі мабільнага геймдэву з офісамі ў Беларусі перажываюць складаныя часы. На пачатку лета стала вядома пра звальненні ў WannaPlay і Playgendary. Playrix спачатку скараціла штат, а затым закрыла офісы ў Беларусі і Расіі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads13

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску збіраюцца ў чатыры разы павялічыць псіхбальніцу на Бехцерава21

Журналістку Ціну Палынскую разам з дачкой асудзілі на 2 гады зняволення1

У Лошыцкім парку адновяць стары млын6

Дасведчанага праграміста з літоўскай IT-кампаніі асудзілі ў Гомелі за «садзейнічанне экстрэмізму»1

Кім быў загінулы добраахвотнік Васіль Рапіцкі. Расказвае Клачко2

Трамп: Ніякай здзелкі з Іранам не будзе, толькі безагаворачная капітуляцыя4

Большасць «жаночых» вуліц у Беларусі названыя ў гонар Крупскай і Церашковай8

Азербайджан мабілізаваў рэзервістаў і выставіў войскі на баявыя пазіцыі4

Казуля ў трактары справакавала праверку пракуратуры

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads13

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць