«Спецслужбы гуляюць з намі, як з кацянятамі». Як лукашысты выкарысталі кнігу «Я выходжу»
22 снежня ў Мінску асудзілі сямейную пару па «народным артыкуле». Рэзананс гісторыі надало тое, што галоўным доказам «віны» сужэнцаў нібыта стала фота з кнігі «Я выходжу». Праваабаронцы са спасылкай на былых арыштантаў Акрэсціна таксама паведамілі, што ў ізалятары знаходзіцца шмат людзей, якіх затрымалі па здымках з гэтай кнігі. Гісторыя выклікала вялікі розгалас. Некаторыя пачалі ганьбіць аўтараў кнігі. Аднак большасць раскусіла задумку спецслужбаў — пасварыць людзей, каб яны пачалі шукаць вінаватых сярод сваіх жа, а не сярод сапраўдных арганізатараў і выканаўцаў рэпрэсій.

У кнізе «Я выходжу», апублікаванай у красавіку 2021 года, больш за 350 здымкаў з пратэстаў, на іх тысячы людзей, у тым ліку на праезнай частцы, што, паводле сілавікоў, падпадае пад артыкул 342 КК.
У 2020 годзе кожны з пратэстоўцаў зрабіў сотні фота і апынуўся на тысячах здымках чужых мабільнікаў.
«Уся ж сутнасць пратэстаў і была ў розгаласе, публічнасці, у дэманстрацыі таго, як нас шмат, у адкрытасці і салідарнасці. І ўсе гэтыя візуальныя сродкі, фота, відэа, былі галоўнымі ў інфапрасторы. Не разумею, чаго чакаюць ад аўтара? За што ён павінен выбачацца? Заднім розумам усе такія разумныя», — піша адзін з карыстальнікаў.
Іншы даводзіць, што, апрача саміх беларусаў, рупліва папрацавалі на пратэстах і сілавікі.
«На маршах заўсёды былі галосныя і негалосныя супрацоўнікі, многіх мы ведаем, яны хадзілі і фоткалі людзей проста ў твар, і нашмат больш фоткалі, чым мы. Яны назіралі за ўдзельнікамі: хто куды каго вёў, заклікаў, пераходзіў на чырвонае святло і г. д. І фота, і відэа ў іх былі проста мегатэрагігабайты, квадрыльёны фотак», — піша іншая сведка падзей.
Некаторыя даводзяць, што спаслацца ў прысудзе на кніжку, каб раззлаваць адных і навесіць пачуццё віны на другіх — майстэрскі «оперскі» прыём.
«Гэтая гісторыя — а яна далёка не першая — паказвае, што грамадства заўсёды будзе прайграваць спецслужбам. Яны проста гуляюць, як з кацянятамі, маніпулююць, свараць, дробняць, нацкоўваюць, падкідваюць цалкам пустыя прычыны для абвінавачванняў. Тузаюць за нітачкі — агентамі, сексотамі, проста карыснымі дурнямі, злымі і зайздрослівымі людзішкамі, чуткамі, злівамі, абвінавачваннямі, намёкамі…
У 2020 годзе ў сацыяльных сетках былі тысячы фатаграфій з маршаў, плюс тысячы камер па ўсім горадзе, дзясяткі журналістаў розных кампаній здымалі ўсё і паказвалі ў эфіры. Дзясяткі супрацоўнікаў у цывільным здымалі ўсё вакол сябе на фота і відэа. Здымалі самі супрацоўнікі ў форме. Людзі самі здымалі ўсё вакол сябе, і гэтыя фоткі з мабільнікамі трапілі ў рукі спецслужбаў. Плюс элементарна сачыць праз мабільны тэлефон.
Калі раптам пра кагосьці кажуць, што яго апазналі па кнізе — і гэтая інфармацыя адкрыта распаўсюджваецца — то гэта значыць, што хочуць мэтанакіравана ўдарыць па кнізе і яе аўтарах. Гэта ўсё, што пра гэта трэба ведаць.
І такіх гісторый будзе яшчэ гаць гаці. У адным Мінску ў цэнтры камер відэаназірання — глядзі не хачу».
Гісторык Аляксандр Пашкевіч звяртае ўвагу, што пошук ворагаў сярод сваіх, перавод стрэлак з сапраўдных вінаватых, навязванне пачуцця віны ахвярам патрэбныя рэжыму, каб і за межамі краіны баяліся высунуцца, абы нікому не нашкодзіць.
«Такі псіхалагічны прыём, што нібыта вось каб не гэныя, то ўсё было б добра, нікога не зачапілі б. Ненавідзьце іх, яны вашы ворагі. Там яшчэ што-небудзь прыдумаюць, тут жа поле шырокае. А мэта — каб нават за мяжой баяліся нешта рабіць, каб не «падстаўляцца».
Вось, дапусцім, нахапаюць заўтра людзей і скажуць, што іх узялі за тое, што паглядзелі нейкі анлайн-спектакль «Купалаўцаў». Не важна, глядзелі ці не глядзелі, але так скажуць. І пасадзяць «за гэта». І што тады — гнеў на «Купалаўцаў», што недзе там нешта ставяць і ў інтэрнэт выстаўляюць, тым самым людзей «падстаўляючы»?
Гэта чыста для прыкладу, а прыдумаць жа такога безліч усяго можна. І прыдумляюць».
Чытайце таксама:
Праваабаронцы заклікаюць людзей праверыць кнігу «Я выходжу»
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары