Малдова можа ўвесці візавы рэжым для грамадзян шэрагу краін, якім для ўезду ў Еўрасаюз патрэбная віза. Сярод іх — Беларусь і Расія. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Малдовы Васіле Тофан.

Па словах малдаўскага прэм'ера, такая мера будзе неабходная ў межах абавязацельстваў краін — кандыдатаў на ўступленне ў ЕС паступова прыводзіць сваю візавую палітыку ў адпаведнасць з еўрапейскай.
Тофан не назваў канкрэтных тэрмінаў увядзення новых правілаў. Ён падкрэсліў, што Малдова мае намер працягваць еўрапейскую інтэграцыю і павінна прымаць рашэнні, якія будуць спрыяць прасоўванню ў гэтым працэсе, калі гэтага патрабуюць нормы Еўрасаюза.
Згодна са справаздачай Еўрапейскай камісіі, Малдове яшчэ трэба ўзгадніць візавы рэжым у дачыненні да грамадзян 11 дзяржаў: Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Вануату, Казахстана, Катара, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Турцыі, Узбекістана. Цяпер грамадзяне гэтых краін могуць уязджаць у Малдову без віз.
Іншыя краіны — кандыдаты на ўступленне ў ЕС ужо пачалі прыводзіць свае візавыя правілы ў адпаведнасць з еўрапейскімі. Чарнагорыя з 1 лістапада 2026 года ўвяла візы для грамадзян Беларусі, Кітая, Расіі, Саудаўскай Аравіі і Турцыі. Улады краіны заявілі, што такім чынам узгаднілі сваю візавую палітыку з палітыкай Еўрасаюза.
Албанія ўжо скасавала пастаянны бязвізавы рэжым для грамадзян Беларусі, а таксама часовае візавае паслабленне для грамадзян Бахрэйна. Аднак у краіне пакуль захоўваюцца іншыя выключэнні з агульных правілаў. Для іх паступовай адмены распрацаваная адмысловая дарожная карта.
Боснія і Герцагавіна раней таксама адмовілася ад бязвізавага рэжыму для грамадзян Амана і Бахрэйна. Разам з тым ёй яшчэ трэба ўвесці візы для грамадзян Азербайджана, Катара, Кітая, Кувейта, Расіі і Турцыі, а таксама скасаваць сезоннае вызваленне ад віз для грамадзян Саудаўскай Аравіі.
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары