Кіно2525

«Капітан Ваўканогаў уцёк»: забаронены расійскі фільм, які абавязкова глядзець ГУБАЗіКу

Фільм расказвае гісторыю капітана НКВД, чый аддзел у поўным складзе аказваецца там жа, дзе і іх ахвяры. Геніяльна знятае кіно з глыбокімі дыялогамі будзе цікавае як сучасным капітанам Ваўканогавым, так і іх ахвярам. 

«Капітан Ваўканогаў уцёк»: кадр з фільма

«Капітан Ваўканогаў уцёк» выйшаў не ў час, напрошваецца аналогія з беларускім «Купалам» — такое сёння проста не можа аказацца ў пракаце. 

Дзеянне фільма разгортваецца ў Ленінградзе ў 1938 годзе.

Гістарычна адукаваны глядач і без дадатковых тлумачэнняў уявіць сабе ліпкую атмасферу ў дзяржаве, калі ўжо «яжоўскія» сталі класці «ягодаўскіх» у траншэі з прастрэленымі патыліцамі. 

Так і капітан Фёдар Ваўканогаў — паважаны і паслухмяны супрацоўнік абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў, падыходзячы да работы, становіцца сведкам самагубства свайго начальніка.

А падняўшыся ў кабінет, даведваецца, што ў ягоным упраўленні праходзіць «пераатэстацыя», з якой выкліканыя калегі ўжо не вяртаюцца. 

Ваўканогаў супастаўляе падзеі, халадзее і вырашае ўцячы, разумеючы і свой далейшы лёс. Наўмысна не папярэджваючы свайго найлепшага сябра (адначасова — калегу), які потым будзе закатаваны і расстраляны. 

На пошукі збеглага з табельнай зброяй капітана накіроўваецца новапрызначаны начальнік — маёр Галаўня з цалкам новым аддзяленнем супрацоўнікаў, набраных замест ранейшых. 

Завязка фільма адбываецца ў момант, калі беспрытульнага Ваўканогава разам з іншымі бамжамі затрымліваюць спецслужбісты і, не апазнаўшы, вязуць, каб гэтыя маргіналы дапамаглі закапваць расстраляных у гэты дзень спецслужбістаў — як выявіцца, калег Ваўканогава. 

Скончыўшы з такой работай, капітан бачыць галюцынацыю.

Ягоны найлепшы сябар Вераценнікаў вылазіць з брацкай магілы і перадае галоўнаму герою філасофскае пасланне з таго свету. 

«Усе нашы — у пекле», — кажа ён сярод усяго. Бо тое, што яны рабілі, не даруецца. Але, маўляў, у Ваўканогава ёсць шанец. 

Калі ён пакаецца ва ўсіх сваіх злачынствах супраць неіснуючых «ворагаў народа» і знойдзе чалавека, які шчыра даруе яму, то пекла можна будзе абмінуць. 

Ваўканогаў не знаходзіць лепшага плана, чым дастаць справы, што па надуманых абвінавачаннях асабіста вёў, каб выбачыцца за несправядлівасць і папрасіць даравання хаця б у сваякоў гэтых людзей. 

Нехта не вытрымлівае праўды, нехта замест даравання кляне, нехта здае Ваўканогава былым калегам. 

Фільм насычаны моцнымі, вельмі рэдкай якасці для расійскага кіно дыялогамі. 

«Ваш сын расстраляны…» — кажа Ваўканогаў бацьку адной са сваіх ахвяр. 

«Няма ў мяне сына! Быў некалі, але цяпер няма. Стаў ворагам народа. Таму і добра, што расстралялі! Шкада, я гэтага не бачыў! Калі б можна было — я б яго сам расстраляў!» — кажа Ваўканогаву бацька адной з ягоных ахвяр, які глытае слёзы, але бачыць у беглым капітане правакатара. 

«Капітан Ваўканогаў уцёк»: кадр з фільма

Калегі выходзяць на след Ваўканогава, ідуць за ім па пятках. 

Яму ўспамінаюцца фрагменты ранейшай службы. 

«Як ты думаеш, чаму ўсе яны талдычаць, што невінаватыя?» — успамінаецца яму пытанне яго загінулага начальніка. 

Ваўканогаў выдае метадычку: «Спадзяюцца сысці ад адказнасці». 

Маёр называе яго дурным і тлумачыць, што іх ахвяры насамрэч невінаватыя, «але гэта толькі пакуль», яны стануць вінаватымі потым, калі пачнецца вайна, бо яны нелаяльныя, «а нехта і ўвогуле паляк». І таму яны іх «прафілактуюць» загадзя, а прызнанні выбіваюць, таму што СССР — прававая дзяржава, дзе нельга расстрэльваць ні за што. 

Гэты бліскучы дыялог — адзін з самых моцных момантаў фільма. 

Развязка будзе таксама небанальная. Фільм спадабаецца ўсім, хто любіць асэнсаванае і глыбокае кіно на складаныя тэмы. 

«Капітан Ваўканогаў уцёк» зняты рэжысёрамі Наташай Мяркулавай і Аляксеем Чупавым, гэта сувытворчасць Расіі, Эстоніі і Францыі. 

Фільм быў прэзентаваны на Венецыянскім кінафестывалі ў 2021 годзе, атрымаў прыз глядацкіх сімпатый на фестывалі «Кінатаўр», шэраг іншых прэмій і ўзнагарод. Але яго прэм'ера, запланаваная ў Расіі на восень 2022 года, так і не адбылася.

Рэкамендуецца да прагляду ўсім беларускім сілавікам. 

Чытаць таксама:

Што паглядзець. «Нолі» (Nolly) — гісторыя легенды брытанскага ТБ

«Наступную серыю я б рабіў пра Бяляцкага». Што чуваць пра серыял «Акрэсціна»?

Каментары25

  • Кінолаг
    04.03.2023
    Чым адкажа "Беларуская незалежная кінаакадэмія"? 
  • беларуска
    04.03.2023
    неяк зашмат спойлераў у артыкуле) другую палову наўмысна прагартала, каб хоць было цікава глядзець
  • мясцовы2
    04.03.2023
    Па нашай нацыянальнай трагедыі, а таксама па падзеях апошніх трох гадоў мы здымем сваё кіно, самае моцнае.

Цяпер чытаюць

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі8

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Наколькі каштоўнае для Лукашэнкі апошняе зняцце санкцый з боку ЗША8

Вызвалены Алесь Чумакоў расказаў пра абвінавачванне: «Граў беларускую народную музыку і тым самым гуртаваў пратэставае ядро»14

Мінчанцы, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за трох народжаных дачок, пакуль падарылі трохмесную каляску26

«Калі працуеш дома — жыць няма за што, а калі працуеш на фуры — жыць няма калі». Беларусы-дальнабоі расказалі пра свой лад жыцця13

Беларуска за два дні прайграла ў анлайн-казіно амаль 70 тысяч рублёў і цяпер спрабуе вярнуць іх ад банка14

Дачка міністра Маркава запусціла новы праект на тэлебачанні — будзе расказваць пра гісторыю Беларусі18

Ці пусціць Латвія беларускі калій? Даведаліся, што пачуў Коўл у Рызе12

Як у Польшчы працуюць бацькоўскія камітэты ў школах і колькі збіраюць грошай

25 гадоў таму нарвежац атрымаў часнок ад манаха ў Беларусі. Цяпер гэты сорт хочуць усе7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі8

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць