Свет44

Чуванцы: малы народ, прадстаўнікі якога ваююць ва Украіне з абодвух бакоў

Адзін з самых малалікіх народаў Расіі — з незвычайнай гісторыяй.

Нядаўна я наткнуўся ў тэлеграме на ролік з запісам інтэрв'ю палонных расійскіх вайскоўцаў. Адзін з іх назваўся чуванцам. Я спачатку падумаў, што недачуў. Можа, тувінцам? Пераслухаў: не, чуванцам, а родам ён з Чукоткі. Палез шукаць: ёсць такі народ, аказваецца. З незвычайнай гісторыяй.

Сёння чуванцаў налічваецца каля 1300 чалавек. 

Чуванцы ў Чукоцкай аўтаномнай акрузе

Антраполагі адносяць чуванцаў да нашчадкаў карэннага насельніцтва Чукоткі — юкагіраў. Юкагіры — аўтахтоны Сібіры. Якуты, чукчы, каракі прыйшлі сюды пазней. Юкагіры былі першабытнымі людзьмі, тыя ж чукчы знаходзіліся на больш высокай стадыі сацыяльнага развіцця, у выніку юкагіраў адцяснілі ад акіяна.

Як самую ўсходнюю юкагірскую групу, чуванцаў моцна асімілявалі чукчы і каракі — моўна і этнічна. З пашырэннем расійскай каланізацыі чуванцы без асаблівага супраціўлення пагадзіліся плаціць новым уладам ясак, бо бачылі ў расейцах абаронцаў ад чукчаў, ад нападкаў якіх да таго пастаянна цярпелі.

Чуванцы перавозілі на аленях казённыя грузы і выступалі пасярэднікамі паміж рускімі і чукчамі, абменьваючы рускія тавары, у асноўным вырабы з металу (наканечнікі стрэл, дзід, сякеры, нажы, медныя катлы і інш.), на пушніну. У канцы XVII — пачатку XVIII стагоддзя чуванцы ўдзельнічалі ў ваенных паходах казакаў супраць чукчаў і каракаў.

У 1740—1750-х гадах, панёсшы сур'ёзныя страты, частка чуванцаў уцякла ад чукчаў і перабралася ў Ніжнекалымск. Яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя яны захоўвалі сваю этнічную свядомасць і качавы лад жыцця, але не ведалі роднай мовы. Пазней гэтая частка чуванцаў была асіміляваная тундравымі юкагірамі.

Іншая частка чуванцаў, што жылі ў вярхоўях Анадыра і яго прытокаў, а пазней на рацэ Пенжыне, была асімілявана каракамі-аленяводамі.

Нарэшце, трэцяя група чуванцаў, пацярпеўшы паразу ад чукчаў, разам з рускімі выйшла да Анадырскага астрога. Жанчыны-чуванкі бралі шлюб з расійскімі каланізатарамі ці проста жылі ў якасці наложніц. Пасля рашэння ўладаў ліквідаваць астрог чуванцы заснавалі недалёка ад яго (за 10 кіламетраў), на беразе Анадыра, сяло Маркава, дзе жывуць і да сёння.

Першыя звесткі пра чуванцаў можна знайсці ў паведамленнях з Анадырскага астрога. На сёння вядома 210 слоў чуванскай мовы, якія былі запісаныя ў XVIII стагоддзі. Але спецыялісты да сёння спрачаюцца, была гэта асобная мова ці дыялект юкагірскай.

У ХІХ стагоддзі вучоныя падзялялі чуванцаў у залежнасці ад заняткаў на аселых (сяло Маркава) і качавых.

Аселыя жылі ў пабудаваных на расейскі манер зрубных дамах без столі з плоскім дахам. Падлога ў жытле была земляная, яе засцілалі аленевымі шкурамі. У жытле рабілі ачаг (чувал) з жэрдак, абмазаных глінай. Замест шкла на вокны ставілі тонка вычыненыя шкуры аленяў ці кішкі кіта, якія куплялі ў чукчаў. У маразы да вокнаў прымарожвалі крыгі ў форме квадрата, што дапамагала захаваць цяпло ў хаце. Спалі на ложках з дрэва (урунах), нарах, лавах, слалі на падлозе пярыны, выкарыстоўвалі падушкі, накрываліся коўдрамі з заячага футра. У некаторых гаспадароў былі лазні.

У сяле Маркава чуванцы размаўлялі на мясцовым дыялекце рускай мовы. На святы пяклі пірагі, хлеб. З напояў ужывалі брагу (бурдук), пілі ў вялікай колькасці чай. Усё гэта дало падставы ўладам царскай Расіі ў канцы ХІХ стагодзя лічыць чуванцаў нашчадкамі казакаў. У сяле была адкрытая школа на рускай мове. Асіміляцыя была настолькі моцнай, што нават у наш час сярод аселых чуванцаў захаваліся старадаўнія рускія песні і казкі, якія часта не вядомыя сярод этнічных рускіх.

Чуванцы святкавалі хрысціянскія святы, ладзілі хрысціянскія вяселлі і пахаванні. Аднак пахавальны абрад, хоць і выконваўся ў праваслаўным абрадзе, меў пэўную мясцовую спецыфіку. Так, нябожчыку-мужчыну клалі тытунь, а жанчыне — прыладу для рукадзелля. Захаваліся ў іх і элементы старажытных вераванняў. Так, кожную весну чуванцы прыносілі ахвяры рэчцы Анадыр, кідаючы ў яе падчас ледаходу падарункі: чай, мяса, тлушч.

Chuvan girl
Дзяўчына-чуванка. Фота: Аляксандр Хімушын. Інстаграм. Праект: #Химушин_Мирвлицах

Аселыя чуванцы, як і іх продкі, працягвалі займацца рыбылоўствам і гандлем. У чэрвені ў чаканні чырвонай рыбы цэлымі сем'ямі хадзілі на рэкі, дзе заставаліся на час ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў, лавілі і сушылі злоўленую рыбу. 

Увосень, падчас міграцыі паўночных аленяў, палявалі на звяроў, пераплываючы рэкі. Паляванне на іншых жывёл мела меншае значэнне. Славіліся яны яшчэ і гадаваннем ездавых сабак.

Качавыя чуванцы працягвалі разводзіць аленяў і жыць у ярангах, прытрымлівацца старажытных павер'яў і прыслухоўвацца да шаманаў. У іх рэлігійнай практыцы захаваліся элементы старажытнага анімізму і рытуалы ахвярапрынашэння.

За часамі савецкай улады гэты народ знік з афіцыйнай статыстыкі. Чуванцаў яшчэ зафіксаваў перапіс насельніцтва 1926—1927 гадоў у колькасці 707 чалавек (з іх 55 % былі аселымі), а пазней (да 1989 года) іх запісвалі як рускіх ці чукчаў. Аднак народ пры гэтым захаваў сваю нацыянальную свядомасць! Па выніках перапісу 1989 года да чуванцаў сябе залічвалі 1511 савецкіх грамадзян. З іх 1384 пражывала ў Расіі (944 — у Чукоцкай аўтаномнай акрузе). 

У 1993 годзе гэты народ быў уключаны ў спіс карэнных малалікіх народаў Расіі. У 2010 годзе ў Расіі іх налічвалася трохі больш за тысячу чалавек (1002).

Адметна тое, што, акрамя Расіі, чуванцы жылі — дзе б вы думалі? Ва Украіне! Усеўкраінскі перапіс насельніцва 1989 года года зафіксаваў 35 чуванцаў. А перапіс 2002 года паказаў рост больш чым у 6 разоў — 226 чалавек. Гэткі вынік міграцыі ў межах былога СССР. Прыжылася недзе некалькі чуванскіх сямей — да іх пераехалі іншыя. Так што ў сённяшняй вайне чуванцы, відаць, ваююць па абодва бакі.

Чытайце яшчэ:

Як літвіны заваёўвалі царам Сібір. Не ўсім шанцавала: некаторых забілі і засушылі на памяць чукчы

Нашто мыць ногі, калі можна пахадзіць па расе: погляды на гігіену ў колішніх палешукоў

Каментары4

  • Угу
    19.04.2023
    Нам бы ня стацца чуванцамі...
  • Брэст сіла
    19.04.2023
    Угу, на жаль, мы ўжо сталі: еўрапеоідныя чуванцы, еўрапейскія аўтахтоны, пад пятой Лукашэнак і Вальфовічаў.
  • рака Менка
    19.04.2023
    чаму вы называецеся Брэст сіла ? дзе ваша сіла? плачацеся, як баба ці як маленькае дзіцё 

Цяпер чытаюць

Ізраіль пры падтрымцы ЗША нанёс ракетны ўдар па Іране22

Светабнаўляецца22

Ізраіль пры падтрымцы ЗША нанёс ракетны ўдар па Іране

Усе навіны →
Усе навіны

«Не прапусціла служба бяспекі». Польскі банк адмовіў беларусу з ДНЖ, але пратэрмінаваным пашпартам у адкрыцці рахунку для ІП4

Зяленскі мяркуе, што можна дасягнуць міру ва Украіне да лістапада1

Заснавальніка расійскага прапагандысцкага тэлеграм-канала на 2 мільёны падпісчыкаў затрымалі за махлярства

Трэнд сярод беларускіх зумераў і міленіялаў: усё больш моладзі вяртаецца жыць да бацькоў28

Міністра Рыжанкова здымаюць з кіраўніцтва Федэрацыі баскетбола5

На дзяржаўным тэлебачанні прагучала «Купалінка» — яе выканаў сербскі іераманах, які шмат гадоў жыве ў Беларусі1

У Польшчы арыштавалі групу тэлефонных махляроў. Сярод іх былі і беларусы

Пракоп’еў: З каманды ёсць толькі я і Сяргей Ціханоўскі54

Нікол Пашынян выбачыўся перад сваёй жонкай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ізраіль пры падтрымцы ЗША нанёс ракетны ўдар па Іране22

Светабнаўляецца22

Ізраіль пры падтрымцы ЗША нанёс ракетны ўдар па Іране

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць