Меркаванні4545

Патрэбна выразная пазіцыя саміх беларусаў, час шпагату паміж ЕС і Расіяй прайшоў — Юрконіс

Цяпер у беларускай супольнасці ў Літве шмат кажуць пра частыя адмовы ў выдачы або працягванні дазволу на жыхарства, але часта канкрэтыкі ў гэтых апавяданнях мала: «калісьці служыў па кантракце ў войску», «знаёмы быў міліцыянтам, цяпер дальнабойнік» і г. д. Пра маштабы наяўнай праблемы і пра тое, што могуць зрабіць для яе развязвання самі беларусы, «Філін» пагаварыў з палітолагам і праваабаронцам, кіраўніком літоўскага офіса арганізацыі Freedom House Віцісам Юрконісам.

Віціс Юрконіс. Скрыншот з відэа

Паводле звестак Дэпартамента міграцыі Літвы на пачатак жніўня, са студзеня ў атрыманні віз і ДНЖ адмоўлена 910 грамадзянам Беларусі. Іх прызналі пагрозай бяспецы краіны. Дазвол на часовае пражыванне літоўскія ўлады не выдалі 337 беларусам і адмовілі яшчэ 121 грамадзяніну Беларусі ў працягванні ДНЖ. У 205 беларусаў анулявалі дазволы на часовае пражыванне.

«Калі мы гаворым пра нацбяспеку і бяспеку беларусаў у Літве, то галоўнае — не забывацца пра два аспекты, — кажа палітолаг. —

Першы — чалавек з беларускім пашпартам не з'яўляецца па змоўчанні пацярпелым ад рэпрэсій, таксама як не з'яўляецца звязаным з рэжымам.

Статыстыка пакуль паказвае менавіта такую сітуацыю: рашэнні прымаюцца ў індывідуальным парадку.

Другі аспект, і ён не менш важны, — у абыходзе санкцый або розным бізнэсе, які атрымлівае прыбытак ад вайны ва Украіне і рэпрэсій у Беларусі, дакладна ўдзельнічаюць у тым ліку і грамадзяне краін ЕС.

Гэта адказ усім, хто думае, што закрыццё ад дэмакратычнага насельніцтва Беларусі што-небудзь вырашыць — у гэтай барацьбе адсутнічаюць простыя тэхнічныя рашэнні.

Тут патрэбныя індывідуальныя рашэнні, а таксама выразная пазіцыя саміх беларусаў, што час жанглявання і шпагату паміж ЕС і Расіяй прайшоў. І гэта тычыцца як бізнэс-супольнасці, так і шараговага грамадзяніна».

«Дапамога і падтрымка беларускіх дэмакратаў нікуды не дзелася»

«Каля тысячы адмоў у атрыманні віз і ДНЖ — ці шмат гэта? Пры раскладзе ў 60 тысяч беларусаў, якія заехалі ў Літву з пачатку вайны, мне здаецца, гэта ўвогуле невялікая лічба, — адзначае Віціс Юрконіс. — І ці лічыць гэтую лічбу вялікай, ведаючы, які адсотак насельніцтва ў Беларусі служыць у дзяржустановах, колькі людзей працуе на «кашалькоў Лукашэнкі», якія таксама ўдзельнічаюць у абыходзе санкцый, колькі ўдзельнічаюць у злачынствах супраць беларусаў, у парушэннях правоў чалавека і гэтак далей?

У Беларусі прыкладна 1500 палітвязняў, [разумеем, што колькасць палітычных можна памножыць у некалькі разоў]. І мы разумеем, што за кожным з іх ёсць пракурор, следчы, суддзя, оперупаўнаважаныя, шараговыя ахоўнікі, начальнік калоніі і многія іншыя. І думаю, што ніводзін беларус, які выступае за дэмакратычныя каштоўнасці, не будзе адмаўляць, што ўсе гэтыя людзі павінны быць у спісе неўязных не толькі ў Літву, але ўвогуле ў ЕC.

Гэта значыць, толькі па гэтай ацэнцы лічба адмоў магла быць у разы большай».

Ёсць і іншы аспект, нагадвае Віціс Юрконіс. З восені мінулага года беларусам і расіянам для атрымання нацыянальнай візы або ДНЖ неабходна запаўняць анкету, у якой, акрамя адказаў на пытанне, чый Крым і як ён ставіцца да расійскай агрэсіі, чалавек распавядае пра сваё мінулае: ці служыў у войску, ці супрацоўнічаў са спецслужбамі, ці працаваў на дзяржслужбе і г. д.

«Я ўпэўнены, што былі выпадкі, дзе людзі пісалі няпраўду з нагоды свайго мінулага. Думаю, несумленнасць таксама з'яўляецца адным з крытэрыяў адмовы, — кажа палітолаг. — Як і «Крымнаш», — такіх адказаў, наколькі я ведаю, было нямала.

Аднак мяне больш бянтэжыць вось што. Дзе беларускія журналісты, якія расследавалі б і казалі пра канкрэтныя выпадкі нявыдачы ДНЖ? Таму што пры 60 тысячах выдадзеных дазволаў на пражыванне казаць пра тысячу адмоў, што ўсіх беларусаў нібыта «забанілі» і збіраюцца высылаць, — гэта як мінімум выглядае перакручваннем рэальнасці і скажэннем фактаў.

Пры гэтым на ўсіх узроўнях у Літве гучала і працягвае гучаць, што наша дапамога і падтрымка беларускіх дэмакратаў нікуды не дзелася.

Людзі, якія пацярпелі ад рэжыму, — праваабаронцы, актывісты, незалежныя медыя — даволі выразна вымераная група. І на іх, нават калі кажуць пра будучыя і патэнцыйныя абмежаванні для беларусаў, гэта не паўплывае наогул ніяк.

Аднак асноўная частка беларусаў, якія знаходзяцца ў Літве, прыехала ў краіну не па палітычных, а па эканамічных прычынах — дальнабойнікі, будаўнікі, IT-спецыялісты і многія іншыя».

І тут, кажа Віціс Юрконіс, хацелася б пачуць меркаванні беларускіх незалежных экспертаў, эканамістаў, палітолагаў, а таксама палітыкаў: дзе самі беларусы праводзяць чырвоную лінію? Калі ў цябе бацька ці маці працуюць у КДБ або ў судзе, калі сваякі занятыя дзесьці ў вайсковай вытворчасці — гэта ОК ці не? Ці ўпускаць такога чалавека ў Літву, ці адмаўляць? Дзе правесці мяжу?

«Калі чалавек працаваў на рэжым да верасня 2020 года — гэта адна сітуацыя, да лета 2021-га, да пасадкі самалёта RyanAir, — іншая, да сакавіка 2022-га — трэці парог, а калі працуе дагэтуль? Мне здаецца, самім беларусам трэба адказаць на гэтыя пытанні і публічна пра гэта заявіць.

Таму што калі пакінуць выбар іншым — літоўцам, ці палякам, ці латышам, — то, напэўна, будзе абраны самы строгі варыянт, зыходзячы з меркаванняў бяспекі».

«Казаць, што каліноўцы абяляюць усіх грамадзян Беларусі, няправільна»

Такі ж падыход, адзначае палітолаг, тычыцца службы ў войску. У Літве яшчэ задоўга да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну вырашылі, што адзін толькі прызыўны ўзрост просьбітаў не з'яўляецца дастатковым крытэрыем для суправаджэння па лініі праваабаронцаў і выдачы гуманітарных віз/ДНЖ. Тыя, хто сцвярджае інакш: маўляў, дастаткова быць адмоўнікам, каб цябе прынялі ў ЕС, — уводзяць людзей у зман.

«Статыстыка паказвае, што ў Беларусі, на жаль, нямала людзей прытрымліваюцца пракрамлёўскіх поглядаў і падтрымліваюць вайну супраць Украіны. І як з гэтым быць, трэба вырашыць самім беларусам.

Вядома, мы бачым і тых, хто дапамагае Украіне і процідзейнічае крамлёўскаму ўплыву ў краіне, і цалкам іх падтрымліваем, — але казаць пра тое, што хлопцы-каліноўцы, што ваююць ва Украіне, абяляюць усіх грамадзян, няправільна. Таму што калі «ўсіх» — значыць, і рэжым таксама? Хоць, безумоўна, полк Каліноўскага, добраахвотнікі і валанцёры, якія дапамагаюць Украіне, дадаюць палітычнай вагі беларускім дэмсілам, якія заяўляюць аб падтрымцы ўкраінцаў і звязваюць перамогу Украіны са зменай раскладу сіл ва ўсім рэгіёне, таксама і ў Беларусі.

«Але з іншага боку, ёсць як мінімум некалькі сотняў беларусаў, якія проста напісалі ў анкеце, што лічаць Крым расійскім і падтрымліваюць агрэсію супраць Украіны, — і гэта таксама паказчык, што кожны кейс трэба разглядаць індывідуальна.

І калі журналісты ці палітыкі кажуць пра «ўсіх беларусаў», то трэба казаць канкрэтна: можа быць, справа не толькі ў тым, што чалавек калісьці дзесяць гадоў таму служыў у войску, але ёсць і яшчэ нешта?

Напрыклад, калі ён прыехаў на гуманітарных падставах, але катаецца туды-сюды праз мяжу — ёсць пытанні. Па анкеце я чуў пару выпадкаў, калі людзі казалі аб тэхнічнай памылцы. Але гучыць дзіўна. Яшчэ больш дзіўна, калі дальнабойнікі кажуць: маўляў, мы асцерагаемся «ўцечкі» гэтых анкет у Беларусь, таму так адказалі. А не асцерагаецеся працаваць у лагістычных кампаніях, якія дапамагаюць рэжыму абыходзіць санкцыі, тут як бы ўсё ў парадку?

Магчыма, не ўсе людзі прывыклі рэфлексаваць і думаць пра наступствы сваіх дзеянняў. Хоць не сакрэт:

калі ты купляеш машыну ва ўмоўнай Нямеччыне і вязеш яе на продаж у Маскву, ты дапамагаеш абыходзіць санкцыі, дапамагаеш багатым расійскім таварышам і Крамлю весці вайну. І хай гэта кропля ў моры, але такіх выпадкаў нямала».

«Важна, каб барацьба працягвалася»

Для таго, каб мінімізаваць іх, мяркуе Віціс Юрконіс, беларускаму грамадству трэба ўключыць механізмы самарэгулявання:

«Нескладана стаць на мяжы і паглядзець, машыны з якімі нумарамі едуць, інтэрв'юіраваць людзей — калі відавочныя палітычныя матывы, не асвятляць гэтых кейсаў, каб не нашкодзіць, а вось

калі чалавек едзе пяць разоў на тыдзень туды і назад, зразумела, што ў плане рэпрэсій нічога ён не баіцца, і тады варта распытаць: чым ён займаецца, як атрымаў візу і г. д. На гэтую тэму можна сабраць матэрыялу на дзясяткі, калі не на сотні расследаванняў.

Нагадаю, што такія ж пытанні ёсць і да грамадзян еўрапейскіх краін. Мы ведаем, што ёсць літоўскія кампаніі, якія наймаюць беларусаў і ўдзельнічаюць у абыходзе санкцый — ідуць разбіральніцтвы на гэты конт. Ці ёсць у нас мэр Коўна, які дагэтуль мае дзейны бізнэс у Расіі — яму задаюць вельмі шмат непрыемных пытанняў, аказваюць публічны ціск. Адкрытае грамадства так дзейнічае.

І мне здаецца, тым беларусам, хто цяпер знаходзіцца ў бяспецы і карыстаецца выгодамі гэтага адкрытага грамадства, таксама важна казаць пра канкрэтныя кейсы, не абагульняць і не сеяць панікі.

Ніхто не збіраецца выганяць беларусаў з Літвы, і тая салідарнасць, якая была ў 2020 годзе, нікуды не знікла. Але тое, каб яна не меншала, на мой погляд, залежыць і ад саміх беларусаў.

Калі амаль паўгода практычна любыя тэмы ў беларускіх медыя адносна Літвы або рэакцыі ў літоўскіх медыя тычацца толькі віз і абмежаванняў, а не таго, як беларусы працягваюць сваю барацьбу, — у некаторых складваецца ўражанне, што гаворка толькі пра патрабаванні да Літвы. А вельмі важна распавядаць пра тое, што барацьба працягваецца, хай і ў падпольным выглядзе, што ўзаемападтрымка захоўваецца.

Хацелася б адкрытага дыялогу на гэты конт. І не толькі ад палітыкаў. Ёсць следчыя цэнтры, ёсць незалежныя журналісты, праваабаронцы, былыя палітвязні, якія дапамагаюць у дакументацыі рэпрэсій, — усе супольна могуць «санкцыянаваць» саўдзельнікаў рэжыму, называць пайменна і суддзяў, і бізнэсоўцаў, каб не было гэтага пачуцця беспакаранасці.

Каментары45

  • Лол
    31.08.2023
    [Рэд. выдалена]
  • Тутэйшы
    31.08.2023
    Хай гэты спадар Віціс Юрконіс не пераймаецца: беларусы для сябе чырвоныя рысы і іншае самі правядуць і самастойна ацэняць усё як мае быць. Не Летувой адзінай свет сканчаецца - паедзем туды, дзе нас сапраўды чакаюць.
    Лепш няхай на свае чырвоныя рысы звернуць увагу: да якога часу будзе падтрымлівацца дыктатура грамадзянамі Летувы, падарожнічаючымі сотнямі тысяч у Беларусь па бязвізе? Дзе сапраўдныя выракі злачынцам у Беларусі, калі браліся гэта расследаваць? Чаму бессаромна карыстаюцца Ціханоўскай, ставячы нейкія ўмовы ехаць ёй ва Ўкраіну ці не, напрыклад? Калі скончыцца зьдзек з назвай краіны Балтарусія? Хто даваў права ацэньваць Пагоню нейкай геральдычнай камісіяй Летувы?
  • Арні
    31.08.2023
    Гэта толькі адзін Зянон разумее, не адзін вядома але офіс Ціханоўскай усё яшчэ жанглюе

Цяпер чытаюць

Вольгу Бондараву пасадзілі на 13 сутак67

Вольгу Бондараву пасадзілі на 13 сутак

Усе навіны →
Усе навіны

Вучоныя знайшлі, як зрабіць ЭКА больш выніковым — з дапамогай цукру

Францыя і Вялікабрытанія адправяць ва Украіну сумесную вайсковую місію3

Кандыдат на міністра замежных спраў Германіі: Расія хацела зрабіць Украіну васалам як Беларусь3

25-гадовая дзяўчына вярнулася праз камісію па вяртанні — магчыма, што з Расіі9

Зніклыя ў Літве амерыканскія вайскоўцы ехалі аказваць дапамогу іншай машыне3

Ужо дабраліся да даху. Што за загадкавы будынак будуюць на Нямізе ў Мінску і калі яго здадуць?

«Яны самі паклікалі мяне ў гэты чат, а цяпер называюць мярзотнікам». Галоўрэд Atlantic расказаў, чаму апублікаваў перапіску амерыканскіх сілавікоў у Signal5

У Гродне выпадкова спынілі фігуранта крыміналкі за 2020 год. Ён зламаў руку міліцыянеру і сігануў у раку9

Чаму стаў магчымы выпадак з амерыканскімі вайскоўцамі на літоўскім балоце?8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вольгу Бондараву пасадзілі на 13 сутак67

Вольгу Бондараву пасадзілі на 13 сутак

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць