Грамадства1515

КДБ арыштаваў шэсць чалавек па абвінавачанні ў працы на Украіну і спробах падрыву цягнікоў з вайсковай тэхнікай

Камітэт дзяржбяспекі абвінаваціў у працы на СБУ пяцярых жыхароў Беларусі, а таксама затрымаў украінца, які, як сцвярджаецца, ствараў тайнікі са зброяй у прымежных раёнах. Фільмы пра гэта паказалі сёння адразу на ўсіх дзяржаўных каналах. Затрыманыя — са слядамі збіцця.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі выступіў з сур'ёзнымі абвінавачаннямі ў адрас шэрага грамадзян Беларусі. На відэа некаторыя з іх выглядаюць збітымі, маюць сінякі нават на твары. КДБ звінаваціў украінскія спецслужбы ў стварэнні ў Беларусі сеткі, якая сочыць за расійскімі і беларускімі вайсковымі аб'ектамі і здольная арганізоўваць дыверсіі. 

Найперш нагадаем, што да ўсяго, што гучыць у дзяржаўных медыя і з вуснаў супрацоўнікаў спецслужбаў, трэба ставіцца крытычна: яны рэгулярна распаўсюджваюць заведама непраўдзівую інфармацыю і фальсіфікуюць факты або змешваюць праўду з ерассю.

Мы сабралі ўсе факты, якія прагучалі ў дзяржаўных медыя. Вось шасцёра затрыманых.

Вячаслаў Бародзій

Вячаслаў Бародзій, украінскі грамадзянін, абвінавачаны ў агентурнай дзейнасці. Фота: КДБ, БелТА

Сцвярджаецца, што гэта ўкраінскі егер, затрыманы ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскай вобласцю Украіны.

Сцвярджаецца, што пасля пачатку вайны Бародзій прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны.

«Бародзій валодаў навыкамі мінна-выбуховай справы, умеў абыходзіцца са стралковай зброяй і беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Адным словам, стаў небяспечным і навучаным баевіком», — паведамляе агенцтва БелТА.

Сцвярджаецца, што ў Бародзія быў псеўданім Мангуст і што «з сакавіка гэтага года, акрамя ГУР Мінабароны, ён стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бяспекі Украіны».

Лукашысты сцвярджаюць, што «менавіта СБУ даручыла Мангусту перакідваць у Беларусь зброю і выбухоўку для арганізацыі тэрактаў не толькі ў нашай краіне, але і ў Расіі», аднак доказаў гэтага не відаць.

«Пры затрыманні ён заявіў, што прыйшоў у нашу краіну «забраць хлопца і вярнуцца назад, — паведамляецца ў фільме. — Пра склады са зброяй Бародзій нібыта нічога не ведаў і наогул перасек мяжу з нашай краінай упершыню. Навошта ў яго пры сабе быў пісталет SIG Sauer з глушыцелем і дзвюма абоймамі, Бародзій патлумачыць не змог, — паведамляюць дзяржСМІ

і самі тлумачаць: — Зрэшты, гэта зразумела і так. Пры сутыкненні з нашымі памежнікамі ў Мангуста была б магчымасць адстрэльвацца».

Пісталет і рэчы, якія нібыта былі пры сабе ў Вячаслава Бародзія ў час затрымання. Фота: КДБ, БелТА

Паведамляецца таксама, што «ў сябе дома Мангуст трымаў цэлы склад зброі. Там былі і ПЗРК, і гранатамёты, і выбухоўка. На выпадак заняцця Жытомірскай вобласці расійскай арміяй Бародзій павінен быў арганізаваць так званы партызанскі рух».

У частцы пра Бародзія звяртае ўвагу яго характарыстыка як «баевіка» і выраз «так званы партызанскі рух».

Паведамляецца, што «1 верасня яго затрымалі супрацоўнікі КДБ і змясцілі ў следчы ізалятар».

Іван Ліхалат, Іван Бародзіч і Барыс Пухальскі

Гэтых трох абвінавачваных у фільме аб'ядналі ў адну групу. Іван Бародзіч і Барыс Пухальскі — гродзенцы, а Іван Ліхалат — грамадзянін Украіны, які ў 2013-м перабраўся ў Беларусь. 

Іван Ліхалат. Фота: КДБ, БелТА

«Дзесяць гадоў жыў і працаваў у нашай краіне, ажаніўся з беларускай, гадаваў траіх непаўналетніх дзяцей, — расказваюць пра Ліхалата ў фільме. — Здавалася б, што можа пайсці не так? Пакуль у яго роднай краіне ідуць баявыя дзеянні, а яго суайчыннікі гінуць у мясасечцы вайны, ён жыве ў мірнай і спакойнай краіне, працуе і гадуе дзяцей. Складана зразумець, што рухае падобнымі асобамі, але ўжо ў студзені гэтага года Ліхалат выйшаў на сувязь з СБУ», — сцвярджае прапаганда.

Пра Пухальскага і Бародзіча гаворыцца, што «абодва валодалі прафесійнымі навыкамі мінна-выбуховай справы. Для ўкраінскіх спецслужбаў гэта бясцэнныя кадры, таму іх актыўна ўзялі ў працу», — заяўляюць беларускія спецслужбы.

Барыс Пухальскі. Крыніца: КДБ, БелТА
Іван Бародзіч. Крыніца: КДБ, БелТА

Сцвярджаецца, што «раней Пухальскі выходзіў на сувязь з СБУ, каб паваяваць на баку Украіны, але атрымаў адмову». Яму нібыта растлумачылі, што яго навыкі спатрэбяцца ў Беларусі.

Сцвярджаецца, што першапачаткова трое выконвалі задачы па зборы інфармацыі. «Збіралі звесткі аб перамяшчэнні вайсковай тэхнікі, наяўнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі беларускіх часцей, размяшчэнні ЗРК [зенітна-ракетных комплексаў]».

Пасля ж Ліхалат выйшаў на сувязь з СБУ і атрымаў задачу ўзарваць чыгунку, па якой, як піша БелТА, «быццам мусіла прайсці вайсковая тэхніка».

Сцвярджаецца, што ў памежным з Украінай Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці Пухальскі «забраў з тайніка выбуховае прыстасаванне, якое перавёз у Талачынскі раён для падрыву чыгункі.

Там ён і быў затрыманы супрацоўнікамі групы «А» КДБ». Гэта здарылася 4 верасня.

Сапраўды, незалежны канал беларускіх чыгуначнікаў паведамляў пра спыненне руху цягнікоў пад Талачыном 4 верасня, там гучалі стральба ці выбухі.

З вышэйсказанага вынікае, што за Пухальскім і яго сябрамі доўгі час сачылі.

«На месцы планаванага тэракта канфіскавалі выбуховае рэчыва гексаген масай 1 кг, драты, дэтанатар і магніт для мацавання выбухоўкі да рэек. Адначасова ў Гродне былі затрыманыя памочнікі Пухальскага — Ліхалат і Бародзіч», — заяўляюць афіцыйныя медыя.

Супраць гэтай групы затрыманых распачата справа па трох абвінавачаннях: у падрыхтоўцы акта тэрарызму (ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289 КК), здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК) і шпіянажы (арт. 358-1 КК). За падрыхтоўку акта тэрарызму ў Беларусі цяпер прадугледжваецца нават смяротнае пакаранне.

Павел Вабішчэвіч і Андрэй Зіненка

Яшчэ дваіх беларусаў затрымалі, як сцвярджаецца, 17 дзён назад, у ноч з 26 на 27 жніўня, на чыгунцы ў Стаўбцоўскім раёне недалёка ад нафтабазы і прыпыначнага пункта Сінява (вымаўляецца з націскам на другі склад). Імёны затрыманых — Павел Вабішчэвіч і Андрэй Зіненка.

Сцвярджаецца, што яны спрабавалі паставіць на чыгунцы выбуховую прыладу, якая мусіла б спрацаваць па камандзе куратара з СБУ. 

У фільме гаворыцца, што Вабішчэвіч трапіў пад увагу сілавікоў, калі даносчык паведаміў пра яго ў чат-бот КДБ, што 10 чэрвеня на вакзале ў Оршы ён фатаграфаваў чыгуначныя пуці і саставы. У такім выпадку за ім два месяцы старанна цікавалі.

19 жніўня, як сцвярджаецца ў фільме, Вабішчэвіч прыехаў у Лоеўскі раён Гомельскай вобласці, недалёка ад украінскай мяжы, дзе забраў у тайніку выбуховую прыладу (2,4 кілаграма трацілу і паражальны элемент) і перавёз яе ў тайнік у Чэрвеньскім раёне.

Павел Вабішчэвіч на кадрах выглядае збітым. Фота: КДБ, БелТА

А 26 жніўня Вабішчэвіч нібыта забраў іншую выбуховую прыладу (1,2 кілаграма трацілу) у Хойніцкім раёне — гэта таксама каля мяжы з Украінай — і паехаў устанаўліваць яе на чыгунку пад Стоўбцамі. Вазіў яго на машыне, як сцвярджаецца ў фільмах, яго былы калега Андрэй Зіненка. Зіненка на кадрах выглядае збітым наймацней.

Андрэй Зіненка на кадрах СМІ відавочна збіты, яго кашуля замазаная нечым чырвоным. Фота: КДБ, БелТА

Пра Паўла Вабішчэвіча гаворыцца, што ён мінчук, нарадзіўся ў 1986 годзе. Сцвярджаецца, што ён устанавіў сувязь з СБУ «праз тэматычную групу ў месенджары». Спачатку ён нібыта меў задачу фатаграфаваць стратэгічныя аб’екты, пазней узяўся падарваць чыгунку.

40-гадовы Андрэй Зіненка — былы калега Вабішчэвіча, які «працаваў на кіроўнай пасадзе і атрымліваў высокі заробак», падкрэсліваюць дзяржаўныя медыя. Такі акцэнт на «высокім заробку» нярэдкі ў лукашэнкаўскай прапаганды. У той жа час Вабішчэвіча малююць судзімым аматарам азартных гульняў.

Затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Супраць іх заведзены крымінальныя справы па ч. 2 арт. 289 КК «Замах на здзяйсненне акта тэрарызму групай асоб» і ч. 1 арт. 356 КК «Здрада дзяржаве».

«Спробы дэстабілізацыі грамадскага парадку»

На аснове агучанага ў дзяржаўных медыя пакуль цяжка зрабіць адназначныя вывады адносна сувязі са спецслужбамі Украіны. Цяжка і сказаць, ці затрыманыя сапраўды дапамагалі ўкраінцам у барацьбе супраць расійскай агрэсіі, ці яны ўсяго толькі сталі ахвярамі аператыўнай гульні лукашэнкаўскіх спецслужбаў, арыентаванай на распрацоўку асоб, ахвотных Украіне спрыяць, ці расійскай інсцэніроўкі. У фільмах гаворыцца, што затрыманыя кантактавалі з ананімнымі асобамі ў месенджарах.

Прамой сувязі паміж траімі затрыманымі гродзенцамі (Ліхалатам, Пухальскім і Бародзічам), двума мінчукамі (Вабішчэвічам і Зіненкам), а таксама ўкраінскім егерам, якога абвінавачваюць у незаконным перасячэнні беларускай мяжы, у фільме не прасочваецца.

Дзяржаўныя медыя пішуць, «што характэрна, усе затрыманыя … прытрымліваюцца дэструктыўных поглядаў і з'яўляюцца праціўнікамі беларускай дзяржавы». Гэтыя ярлыкі — «дэструктыўных поглядаў» і «праціўнікі беларускай дзяржавы» — ужываюцца органамі адносна людзей, якія выступаюць супраць дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі, супраць кантролю Расіі над Беларуссю і супраць вайны.

«У сваіх сацыяльных сетках яны нярэдка размяшчаюць недзяржаўную альбо адкрыта экстрэмісцкую сімволіку», — дадае БелТА. Пад экстрэмісцкай сімволікай звычайна маецца на ўвазе беларуская нацыянальная або сімвалы апазіцыі ці руху за свабодныя выбары.

«Акрамя відавочных мэт, якія выяўляюцца ў спробах дэстабілізацыі грамадскага парадку ў нашай краіне і застрашвання нашых грамадзян, украінскія спецслужбы пераследуюць другарадную мэту. У прыватнасці, гаворка ідзе пра спробу стварэння бачнасці наяўнасці ў нашай краіне нейкага арганізаванага падполля. Іншымі словамі, добра падрыхтаваных агентаў-тэрарыстаў, здольных весці тут партызанскую вайну. Але гэта не так», — так інтэрпрэтуе сітуацыю намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак. 

Калі вы ведаеце пра тое, што здарылася, больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на [email protected].

Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).

Нагадаем, што масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу. У рэпрэсіі ўцягнутыя як Міністэрства ўнутраных спраў, так і Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Генеральная пракуратура і Следчы камітэт.

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя нават базавыя нормы законнасці і маралі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

15 гадоў выбуху каля Стэлы. Як тады ўлады баяліся слова «тэрарызм» і як здарэнне ўспрымаецца цяпер?

Азаронак — палякам: Вы ж немцаў не любіце — дык не клічце «Вагнера» на сваю галаву

«Мыеш падлогі палякам, а магла б стаць пракурорам». Пляменніца былога кіраўніка СК кінула Пагранічны камітэт і ўладкавалася ў Mcdonald's

Каментары15

  • даведка
    12.09.2023
    Убойная посылка провалилась в прокате, поэтому КГБ выпустил Убойная посылка-2. Версия для взрослых.
  • Вася
    12.09.2023
    Это всё никак не отменяет тот факт, что лукашенко преступник захвативший власть и участвующий в бандитском нападении на суверенное государство
  • Сатурн
    12.09.2023
    Гэбне надо ж показывать, что они нужны лукавому и типа "саша, денег дай" — вот и придумывают триллеры, но такие дешевые видосики — только для лохов

Цяпер чытаюць

Лойка пра будучага пераемніка Лукашэнкі: Адчуваецца, што дзядуля рыхтуецца, прыкідвае і глядзіць варыянты7

Лойка пра будучага пераемніка Лукашэнкі: Адчуваецца, што дзядуля рыхтуецца, прыкідвае і глядзіць варыянты

Усе навіны →
Усе навіны

Блогерка скрала дзіця вомбата ў ягонай маці. Гэта абурыла ўсю Аўстралію4

Ціханоўская: Сённяшні дзень калісьці стане сапраўдным святам6

Знайшлося яшчэ адно пацвярджэнне таго, што «Амкадорам» кіруе не Шакуцін, а менеджары БелАЗа

На вайне знік без вестак «Беларус» — жыхар Бараўлянаў, які ўхіляўся ад беларускага войска, але пайшоў паміраць за Расію9

Па Мінску ўжо ездзяць першыя «васьмёркі». Усе самыя «прыгожыя» камбінацыі нумароў у ДАІ ўжо разабралі7

Сёння ноччу па ўсёй Беларусі быў мароз

Дзяўчына папрасіла ў казіно больш яе не пускаць, а яе адправілі ў падатковую

«Германія вяртаецца»: будучы канцлер Мерц дамовіўся аб рэформе абмежаванняў на дзярждоўг

Як выбраць фільм ці серыял на вечар? Сачыце за гэтымі рэсурсамі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лойка пра будучага пераемніка Лукашэнкі: Адчуваецца, што дзядуля рыхтуецца, прыкідвае і глядзіць варыянты7

Лойка пра будучага пераемніка Лукашэнкі: Адчуваецца, што дзядуля рыхтуецца, прыкідвае і глядзіць варыянты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць