Грамадства99

Беларусы замежжа пра тое, што можна пераняць у іншых краін. Частка 1: Іспанія, Польшча, Ізраіль, Літва, Нідэрланды

Нягледзячы на складаны досвед эміграцыі, у ім можна знайсці і плюсы. Напрыклад, падгледзець у іншых краін, як яны спрашчаюць штодзённае жыццё сваіх грамадзян. «Наша Ніва» паразмаўляла з беларусамі замежжа пра тое, што можна было б пераняць нашай краіне.

Калі мы пыталі пра побытавыя зручнасці, шмат хто з суразмоўцаў адзначаў, што ў Беларусі ў параўнанні з іх месцамі пражывання нямала пераваг. Але ёсць і з чаго браць прыклад (хоць і не ўсё магчыма перанесці на нашы ўмовы).

У гэтай частцы — Іспанія, Польшча, Ізраіль, Літва, Нідэрланды.

Іспанія. Зніжкі на транспарт і бары закусак

Марына жыве ў Іспаніі больш як два гады, пераехала пасля рэпрэсій з боку беларускіх уладаў. Найперш дзяўчыне падабаецца, як у гэтай краіне ўладкавана сістэма грамадскага транспарту.

Фота тут і далей: архіў герояў

«Аўтобусы і цягнікі новыя, чыстыя, шмат розных ліній, ёсць і начныя. Акрамя таго, урад вельмі заахвочвае выкарыстанне грамадскага транспарту ўвядзеннем розных зніжкавых праграм, абанементаў. Напрыклад, цяпер паездкі на міжгародніх цягніках блізкай дыстанцыі сталі ўвогуле бясплатнымі для тых, хто ездзіць туды-сюды часта», — распавядае яна.

Таксама ў Іспаніі адрозніваецца сістэма праходу ў аўтобусы: на прыпынках выбудоўваецца чарга і заходзіць можна толькі праз пярэднія дзверы. Заходзіш, вітаешся з кіроўцам, аплочваеш яму праезд і толькі пасля займаеш сваё месца. Такім чынам, адпадае неабходнасць у прафесіі кантралёра.

«Ёсць адчуванне, што тут сапраўды клапоцяцца пра людзей з інваліднасцю. Калі я ўпершыню прыехала ў Іспанію, здзівілася, што значна часцей (чым у Беларусі. — НН) бачу людзей у інвалідных вазках у горадзе. Але гэта не таму, што гэтых людзей тут больш, а таму што тут яны могуць самастойна карыстацца тым жа транспартам і астатняй гарадской інфраструктурай. Таксама тут распаўсюджаная практыка працаўладкавання людзей з сіндромам Даўна (напрыклад, у кавярнях), чаго амаль ніколі не сустрэнеш у Беларусі», — згадвае Марына.

Таксама яна распавядае пра бясплатныя спартовыя пляцоўкі на вуліцы. Маюцца на ўвазе не проста пара турнікоў, а цалкам сабе міні-трэнажорная зала з пакрыццём. Толькі бясплатна і з відам на мора.

Яшчэ адна вядомая асаблівасць Іспаніі — тапас-бары. Тапас — гэта маленькая порцыя ежы, як закуска да напою.

«Мне падабаецца такая сістэма: можна прыйсці і ўзяць пакаштаваць міні-порцыю тартыльі, міні-порцыю салаты і яшчэ чаго-небудзь. Тапасы звычайна каштуюць не больш за 5-7 еўра і такім чынам можна разнастайна перакусіць. Асабліва зручна, калі ты прыходзіш з кампаніяй», — кажа дзяўчына.

Польшча. Пачкаматы, электронныя рэцэпты і зручная аплата транспарту

Беларуска Таццяна з Варшавы кажа, што ў Польшчы хапае сваіх «прыколаў», але ёсць фішкі, на якія яна моліцца амаль штодня. За два гады жыцця ў суседняй краіне яна да іх так прывыкла, што ўжо не разумее, як раней жыла без гэтага.

Найлепшае для яе — пачкаматы.

«Гэта такія шафы са скрынямі, якія стаяць на кожным куце ў гарадах і куды кур’еры прывозяць пасылкі. Не трэба шукаць офісы дастаўкі, стаяць у чэргах ці чакаць кур’ера дома — проста прыходзіш у любы час на працягу двух сутак і адкрываеш гэту скрыню з пасылкай з дапамогай дадатку. І такім жа чынам адпраўляеш свае пасылкі», — адзначае яна.

Яшчэ ў палякаў ёсць свой уласны «Аліэкспрэс» — «Алегра». Гэта сайт, дзе анлайн можна замовіць, здаецца, абсалютна любую рэч — ад ежы і касметыкі да кніг, мэблі і бытавой тэхнікі.

«Усё вельмі проста і з бясплатнай дастаўкай пры суме пакупкі ад 48 злотых (каля 26 рублёў). А тавары можна параўнаць па кошце і па водгуках (яны рэальныя), — кажа беларуска. — А калі ты ў парыве шопінгавага прыпадку (а яны здараюцца часта з польскімі цэнамі) накупіў сабе 10 пар «ньюбэлансаў» і тры паліто, на сайце Vinted гэта можна перапрадаць. Гэта нешта накшталт «Куфара», але працуе ў многіх краінах і ўсё адбываецца анлайн, не трэба весці доўгія перапіскі і ніхто не прапануе табе прывезці яму дадому вешалку за бясплатна».

Аплата ў польскім грамадскім транспарце — гэта топ нават у параўнанні з астатняй Еўропай, кажа беларуска (а яна вельмі шмат падарожнічае).

«Усё вельмі проста і інтуітыўна зразумела. Ëсць мабільны дадатак, дзе купляеш квіток на пэўны час і сканіруеш яго па QR-кодзе ўжо ў транспарце — і ўсё само актывуецца. А калі няма дадатку, можна купіць просты квіток з дапамогай тэрмінала ўнутры транспарту», — адзначае дзяўчына.

Што не можа не здзівіць беларуса ў замежжы — няма адключэння гарачай вады на два тыдні.

«Калі расказваеш пра такое палякам, яны прыходзяць у жах! Як гэта, без гарачай вады два тыдні? А яшчэ няма гэтага шалёнага беларускага кастрычніцкага квэсту — на вуліцы нуль, а ў дамах халодныя батарэі. ЖКГ чакае тыдзень, пакуль усе акалеюць, а потым ўключае батарэі на поўную моц акурат да бабінага лета — і ўсе абліваюцца потам. Тут у пачатку кастрычніка ўжо можна ўключыць цяпло і рэгуляваць яго, як табе падабаецца».

Таксама ў Польшчы Тацяну прываблівае адзіная база лекараў (znanylekarz.pl), дзе пацыенты пішуць водкгукі пра дактароў

«У Беларусі пакуль толькі сарафаннае радыё і святы рандом, — кажа беларуска. — А электронныя рэцэпты — гэта наогул геніяльна: адзін раз схадзіў, атрымаў рэцэпт — і можаш па неабходнасці пісаць лекару на сайце з просьбай падоўжыць яго».

Тое ж самае, кажа яна, з прызначэннем на УГД або адкрыццём бальнічнага. Амаль заўсёды можна абыйсціся анлайн-кансультацыяй без чэргаў.

Дар’я з Варшавы пагаджаецца з вышэй названымі пунктамі і дадае яшчэ адзін плюс — праект Foodsi, які аб’ядноўвае крамы, пякарні, рэстарацыі і г.д., у якіх можна набыць ежу, кветкі і яшчэ шмат чаго, што мае нейкі тэрмін ужывання, па зніжанай цане. Гэта філасофія барацьбы з адходамі.

Ізраіль. Клопат пра жывёл, добрая тэхніка на сметніках і цыгарэты паштучна

Вольга пражыла ў Ізраілі больш як паўгода, але пасля нападу тэрарыстаў ХАМАС была вымушана пакінуць краіну. Але ж шасці месяцаў хапіла, каб заўважыць, што з плюсаў ёсць у Ізраілі.

Яна распавядае, што каля любога смеццевага бака можна знайсці канапы, матрацы, крэслы, сталы, нават тэхніку (камп'ютар, тэлевізар, мікрахвалёўку) у добрым працоўным стане, карціны і іншыя прадметы побыту. Людзі пасля ўборкі кватэры проста выносяць у двор, каб іншыя маглі сабе ўзяць па неабходнасці. Часта можна ўбачыць пакеты з адзеннем, часам нават новым, дзіцячыя столікі і цацкі.

«Я сабе забрала неяк пару карцін і барнае крэсла. А мой хлопец прынёс вялікую плазму, бо дома якраз патрэбен быў тэлевізар. Гэта крута, па-іншаму глядзіш на матэрыяльныя рэчы. Тут бытавая тэхніка і мэбля каштуюць нядорага, ніхто не затлумляецца. Таксама ніхто не паглядзіць на цябе, як на апошняга бамжа, які крадзе са смецця. Усе ўсё разумеюць, гэта ўсяго толькі рэчы».

Таксама, запэўнівае дзяўчына, у Ізраілі няма праблем з працай і заробкам. Калі раптам скончыліся грошы, можна дзень у дзень выйсці на любую падпрацоўку і зарабіць за дзень (каля 12 гадзін) каля $100-200.

«За месяц можна зарабіць на тэхніку, купіць новы айфон ці за пару месяцаў назапасіць на машыну», — кажа беларуска.

Яшчэ дзяўчыне падабаецца, што ў ізраільскіх крамах можна купляць цыгарэты паштучна, «бо там легалайз і шмат хто паліць марыхуану з цыгарэтным тытунем».

Міхась, які жыве ў Хайфе, спачатку задумаўся. Сказаў, што ў Ізраілі няма чагосьці лепшага, чым у Беларусі, акрамя дзвюх рэчаў, якія пераняць не атрымаецца — вялікія заробкі за самую нізкапробную працу і замежны пашпарт з доступам амаль ва ўсе краіны.

«У Ізраілі ўсё вельмі дрэнна, нелагічна, тупа. Ён мог бы амаль усё пераняць у РБ, але гэта іншая тэма. Адчуваю сябе ябацькам, але трэба памятаць, што гэтую крутую сістэму ў Беларусі мы самі стваралі (і недаацэньваем), таму яна такая класная.

Проста тых, хто гэта будаваў, перасаджалі і выгналі. І зараз усё паціху ламаецца, а папраўляць няма каму», — сказаў ён.

Але, трохі падумаўшы, усё ж знайшоў плюсы, вартыя пераймання. Напрыклад, што ў крамах і на кірмашах у Ізраілі ўсё даюць пакаштаваць — адрэжуць скрылёк каўбасы, дадуць арэхаў ці памідораў.

«Спачатку гэта шакіруе. Сваячка абслугоўвае бабку, ну тыпу сацработніца. Ідуць па краме, бабка ные — хоча піць, а няма пад рукой. Не доўга думаючы, хапае памідор з прылаўка, абцірае аб штаны і пачынае есці: «Хоць смагу пераб’ю!» Усім пофіг, так можна», — кажа беларус.

Таксама яму падабаецца, што ў спякоту ў Ізраілі заўсёды працуюць кандыцыянеры ў аўтобусах, «а не як у нас». Інакш — скандал.

«Яшчэ тут нельга біць дзяцей, нават пляскаць сімвалічна — адразу прыязджае паліцыя. А пенсіянеры пераходзяць дарогу, як ім захочацца, і кіроўцы цярпліва спыняюцца і не крычаць на іх. Дарэчы, па адчуваннях, дзецьмі больш актыўна займаюцца таты — на спортпляцоўках тусяць, не саромеюцца ў матылькоў-пакемонаў-мушкецёраў пераапранацца на Пурым (яўрэйскае вясёлае свята. — НН)», — распавядае суразмоўца.

Забаўляцца ізраільцяне відавочна ўмеюць, бо ў іх нават у гарадах прынята рыхтаваць шашлыкі ў двары ці проста на балконе.

«Урэшце, у Ізраілі няма беспрытульных сабак. Практычна ўсе чыпіраваныя і пад наглядам. Затое катоў мільярд. Яны могуць заходзіць у кватэры чыста паесці і патусавацца», — заключае Міхась.

Літва. Сэрвіс дастаўкі, транспарт і… кібінай

Падчас жыцця ў Вільні беларуску Валянціну ўразіла, што адключаць ваду на два тыдні — гэта не агульнасусветны падыход.

— Таксама ў Літве нашмат больш развіты сэрвіс даставак усялякай ежы, чым быў у Беларусі ў 2021 годзе. То-бок, канешне, у Беларусі былі дастаўкі рэстаранаў, пачыналі з’яўляцца ўсялякія агрэгатары, але такога як у Літве не было. Тут можна замовіць амаль што заўгодна з якой заўгодна кавярні, — распавядае яна.

Нашмат больш развіты сэрвіс дастаўкі ўсялякіх рэчаў (не толькі ежы) з інтэрнэт-крамаў, калі ёсць умоўныя «паштаматы» каля кожнага супермаркета.

«Сервісы дастаўкі забіраюць пасылку ў прадаўца, прывозяць у паштамат, які ты абіраеш, і на працягу некалькіх дзён ты можаш забраць пасылку. Аніякай чаргі на еўрапошце пры ўсёй павазе да яе!» — усміхаецца дзяўчына.

Яшчэ, на погляд Валянціны, у Літве файная сістэма транспарту з адзіным квітком на ўсе віды. Не як у Беларусі: калі трэба праехаць на трох розных тралейбусах, то кампастуй тры талоны.

— Урэшце, кібінай. Гэта такі літоўскі (насамрэч караімскі) піражок з пясочнага цеста з несалодкім начыннем (мяса, грыбы, смажаная гародніна і г.д.). Танны смачны перакус, дзякуючы якому я выжывала ў Вільні ў працяглыя шэрыя зімовыя дні, — заключае яна.

Нідэрланды. Піва на вуліцах і добразычлівая паліцыя

Прадказальна, што беларуса ў Нідэрландах найперш уражвае… не, не легалайз, а крутыя веладарожкі. Пра гэта гаворыць і Наталля, якая сёлета пераехала ў Амстэрдам.

«У нас у Мінску таксама класныя веладарожкі, але ж было б крута размясціць іх па ўсім горадзе. Было б няблага аддаць перавагу веласіпедыстам, а не аўтамабілістам», — мяркуе яна.

Наталлі падабаецца і энергічнасць мясцовых у святкаваннях важных для краіны дзён, і дзеянні ўладаў падчас мерапрыемстваў. Напрыклад, падчас Дня караля кожны можа прадаваць свае рэчы ці абменьвацца імі (не патрэбныя ніякія дазволы і запыты). Згадвае беларуска і пра парады роўнасці, якія дапамагаюць прыняццю розных людзей і разуменню таго, што ўсе розныя.

«Некаторыя рэчы я ўжо ўспрымаю тут як норму, але згадваю, што ў Беларусі ж было зусім не так. Напрыклад, тут спакойна можна піць піва ў парку, раскласці плед і зладзіць пікнік — і ніхто цябе не завядзе пад рукі ў паліцэйскі ўчастак ці не пагоніць з гэтай травы,

— кажа яна. — Так, тут таксама патрулююцца грамадскія месцы, але паліцыя не ходзіць тройкамі і не выглядвае, каго б пабіць ці выхаваць, яны на чыле і на раслабоне. Іх мэта — дапамагаць людзям». 

Каментары9

  • mikola
    07.11.2023
    Cikava amal usio.....U *biljardnai* nam za znaiomymi ni dazvolili pic piva jakoe prynesli z saboi...Adnak prapanavali *Maryhuanu*....Mozna papalic....(Belgie)
  • Бобр
    07.11.2023
    Што падабаецца мне:
    1) улік коштаў, без розных нормы, як у Беларусі
    2) у школ нікаў мала працы на дом
    3) аналаг ДАІ не спыняе без прычыны. За 7 гадоў ні разу не спынілі, каб спраўдзіць дакументы.
    4) купіць можна зямлю , вольна прадаць, зрабіць залогам у банку. Каб збудаваць дом, дастаткова купіць участак і праект і гэта будзе першы уклад для крэдыту
    5) лізінг аўто можа быць без першага плацяжа і можна зробіць 40% выкуп на конец лізінгу
    6) дужа спраў з дзяржавай можна зрабіць электранічна. Польскі ЕПУАП добрая рэч(электроны подпіс)
  • Вася
    07.11.2023
    Власть надо сменять, а не подсказывать как улучшить не работающую систему лукашенки

Цяпер чытаюць

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»2

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Усе навіны →
Усе навіны

Пяць гадоў таму арыштавалі Паўла Севярынца1

Эдуарда Малафеева не запрасілі на адкрыццё Нацыянальнага стадыёна6

Трамп: Украіна сама справакавала расійскія ўдары40

Харкаў трапіў пад масіраваную атаку: 40 выбухаў, пажары, ёсць загінулыя і параненыя

У Жыткавіцкім раёне жанчына заразіла ВІЧ 83-гадовага старога7

Пазняк: І рэжым Лукашэнкі, і псеўдаапазіцыя — гэта адно і тое ж143

Ярмошына: Я не пайду ў грамадскую лазню, проста таму што баюся26

Расія не зможа аднавіць страты дальняй авіяцыі пасля ўкраінскай аперацыі «Павуцінне»2

Стартап рабіў выгляд, што ён распрацаваў штучны інтэлект. Насамрэч, ён наняў 700 праграмістаў і яны стваралі прадукты ўручную3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»2

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць