Кіно

У ЗША знялі класны серыял пра в'етнамскага шпіёна. Беларусам гэта гісторыя можа падацца блізкай

Драма з сямі серый сумяшчае ў сабе рысы чорнай камедыі, гістарычна-ваеннага фільма і шпіёнскага трылера.

Фота: кадр з трэйлера

У красавіку—маі амерыканскі канал HBO выпусціў серыял Sympathizer — на беларускую гэта можна перакласці як «Прыхільнік» ці «Той, хто спачувае». Сярод стваральнікаў — кінастудыя А24, што падарыла свету багата адзначаных на «Оскары» поўнаметражак, узяць хаця б «Усё, паўсюль і адразу» ці «Кіта».

У першай серыі мы трапляем у Сайгон 1975-га, калі да сталіцы набліжаюцца в’етконгаўскія войскі і краіна яшчэ падзеленая: поўнач належыць камуністычнай уладзе, што сябруе з СССР, на поўдні ж пануе капіталізм пры падтрымцы ЗША. Галоўны герой, Капітан, адчувае сябе ў дэмакратычным Сайгоне як рыба ў вадзе. Ён працуе ў паліцыі і звязаны з ЦРУ, бавіць час з сябрамі Манам і Бонам, але ў вольную хвіліну разам з Манам шпіёніць для паўночнав’етнамскай арміі. 

Падзенне Сайгона ўсё бліжэй, і ясна, што час эвакуявацца. Фармальна гэта датычыць і Капітана — за працу ў паліцыі яго могуць чакаць праблемы. Але Капітан жадае застацца ў В’етнаме, каб пабачыць, як у горад прыйдуць войскі з Поўначы і на яго Радзіме заззяе камунізм, як ён і марыў. Ман упрошвае сябра ўсё ж такі заняць месца ў самалёце, што ляціць у ЗША, але не проста так: задача Капітана — адсылаць Ману лісты пра тое, чым жыве в’етнамская дыяспара.

Ёсць і паралельная лінія. Яна таксама завязаная на Капітане, які знаходзіцца ў камеры і гутарыць з ваяром, да якога звяртаецца «таварыш» — выглядае, што нейкім чынам Капітан усё ж такі трапіў у рукі камуністаў, якім так верыў і служыў. Ён піша споведзь пра тое, як жыў пасля падзення Сайгона, пра прыгоды ў Амерыцы і спробы быць карысным сваёй краіне, калі ты звязаны з ёй толькі лічбавым шыфрам у лістах ад «цёткі з Парыжу».

Sympathizer знялі па аднайменнай кнізе 2015 года ад В’ет Тхань Нгуена, амерыканскага пісьменніка. Ён нарадзіўся ў Паўднёвым В’етнаме ў сям’і ўцекачоў з камуністычнай поўначы краіны, а потым і сам стаў уцекачом, калі ў 1975-м — праз чатыры гады пасля яго нараджэння — Паўднёвы В’етнам скарыўся Паўночнаму. За кнігу пісьменнік атрымаў Пулітцэраўскую прэмію.

Фота: кадр з трэйлера

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі ў фэйсбуку звярнуў увагу на яшчэ адзін бок Sympathizer — на тое, чым гэтая гісторыя можа быць блізкай беларусам:

«Адчуваеце страту ідэнтычнасці? Разважаеце над тым, варта змагацца за вызваленне радзімы ці паглынуцца ў плынь эміграцыйнага жыцця? Вас абурае тое, што да вас спагадліва ставяцца як да іншаземца ці блытаюць вашу этнічную прыналежнасць? Увесь гэты букет супярэчлівых эмоцый дае перажыць The Sympathizer — самы беларускі з амерыканскіх серыялаў канала HBO, створаны паўднёвакарэйцам Пак Чхан Укам».

Калі змяніць дэкарацыі і пару элементаў сцэнара, піша Тарналіцкі, атрымаецца натуральная гісторыя пра беларускую эміграцыю пасля 2020-га. Часам мы чуем гісторыі беларусаў, якія не вытрымліваюць тугі па Радзіме і едуць у Беларусь хаця б на пару дзён — і трапляюць за краты. Выглядае, што нешта падобнае здарылася і з Капітанам, бо як інакш пасля ўцёкаў з В’етнама ён мог апынуцца ў руках камуністаў?

Для Капітана ўвасабленнем роднай краіны робіцца Ман, ад якога ўжо доўгія месяцы ён атрымлівае толькі шыфроўкі. Ён трымае ў галаве вобраз Мана, якім ён быў у дзень развітання, і вобраз В’етнама, які ён бачыць у марах, і ён несумненна любіць і сябра, і В’етнам. Доказ гэтага — тое, як Капітан дабіваецца, каб у амерыканскім фільме пра яго краіну гучала в’етнамская мова. Гэта пераклікаецца з экранізацыяй самога рамана Sympathizer, бо для Нгуена было важна, каб цэнтрам любой кінаадаптацыі кнігі былі в’етнамцы, якія гутараць па-в’етнамску.

Але што адбываецца з памяццю пра дом, калі ты пакідаеш яго так надоўга? Наколькі мары і ўспаміны такога кшталту блізкія да рэальнасці?

Пацешная дэталь серыяла — тое, якая праца дасталася ў ім акцёру Роберту Даўні-малодшаму. Калі Галівуд — у нечым увасабленне заходніх каштоўнасцяў, то і галівудскай зорцы Даўні-малодшаму давялося ўвасобіць іх у сабе. А калі так, не дзіва, што ён адзін выканаў ролі ажно пяці важных персанажаў з заходняга свету: там і агент ЦРУ, які павучаў Капітана, і прафесар Капітана ў каледжы, і кінарэжысёр, кангрэсмен, ды і бацька галоўнага героя.

Фота: кадр з трэйлера

Так, для Капітана яшчэ і таму складана вызначыць ідэнтычнасць, бо ён напалову еўрапеец — яго бацькам быў французскі святар. З маленства яго дражнілі паўкроўкай, а потым, калі пачаў шпіёніць і тым больш пераехаў за акіян, Капітан насамрэч ператварыўся ў чалавека, які не ведае, хто ён. 

Часам галоўны герой усё ж спрабуе сфармуляваць сваю ідэнтычнасць. Напрыклад, у самым пачатку серыяла гэта атрымалася ў яго так: «Я шпіён, лазутчык, жулік і двудушны чалавек, якому не пашчасціла пабачыць беды з усіх бакоў».

Сярод словаў самабічавання гучыць тое, што ў нечым і раскрывае канфлікт унутры Капітана. Ён насамрэч пабачыў беды з усіх бакоў і аказаўся тым, хто заўзеў і за камуністаў, і за заходнюю культуру — доказаў апошняму ў серыяле шмат, узяць хаця б яго нырок у амерыканскае кіно. Здаецца, такім людзям, хто хоць і з дабрыні душы не можа выбраць свой бок, бывае цяжэй за ўсё ў часы перамен.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана15

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі прапануюць забараніць пераходзіць чыгуначныя рэйкі ў навушніках1

Студэнта з Кот д'Івуара публічна судзілі ва ўніверсітэце ў Гродне, яго вышлюць з краіны2

Дураў расказаў, што думае пра Маска, Цукерберга і Альтмана2

Шматдзетную маці, якая працавала ў банку і вяла блог, пасадзілі ў калонію і назвалі тэрарысткай6

Пуцін назваў расійскую атаку на дзевяціпавярховік у Кіеве, падчас якой загінулі 23 чалавекі, ударам па ваенным заводзе1

У Аргенціне выкрылі разведгрупу з Расіі1

Канапацкая прызналася, што гэта яна арганізавала візіт Келага ў Беларусь23

Беларусы, якія хочуць украінскі пашпарт, але не могуць адмовіцца ад грамадзянства Беларусі афіцыйна, змогуць зрабіць гэта дэкларатыўна2

Алексіевіч: Ціханоўская сімпатычная, шмат зрабіла, Латушка і Вячорка разумныя. Але няма адчування трываласці апазіцыі38

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана15

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць