Грамадства11

«Абяцаю, што не буду захопліваць уладу неканстытуцыйным шляхам». Пра што асуджаных за палітыку папярэджваюць перад выбарамі

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году. Ужо ў кастрычніку міліцыя пачала «прафілактычную працу» з тымі беларусамі, хто раней з палітычных прычынаў трапіў у поле зроку сілавікоў, піша «Свабода».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: МУС

«Афіцыйныя папярэджаньні»

Беларуска Аксана (імёны герояў зьмененыя дзеля бясьпекі, сапраўдныя зьвесткі ёсьць у рэдакцыі. — РС) у 2021 годзе адбыла адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыі пратэсту. Правяла ў ізалятары часовага ўтрыманьня 15 дзён. Расказвае, што з тае пары на працягу трох гадоў міліцыянты сталі частымі «гасьцямі» ў яе кватэры. Адзіны адміністрацыйны арышт прывёў да паглыбленага кантролю пры перасячэньні мяжы, прафіляктычных гутарак, праверак тэлефона. Аксана кажа, што практычна кожная такая гутарка заканчваецца падпісаньнем «паперкі», дзе яна абяцае «не займацца экстрэмізмам».

Нягледзячы на ціск, беларуска ў 2021—2023 гадах працягвала дапамагаць палітвязьням і іх родным, насіла перадачы ў СІЗА. У 2023 годзе атрымала з пракуратуры папярэджаньне (копія дакумэнту ёсьць у рэдакцыі. — РС). Там гаварылася, што «пракуратура ўстанавіла, што вы перадавалі перадачы ў СІЗА ў тым ліку асобам, якія ўтрымліваліся там як абвінавачаныя ў зьдзяйсьненьні злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці». У пракуратуры прыгразілі, што такія дзеяньні могуць быць расцэненыя як «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-4 Крымінальнага кодэксу). Гэта пагражала зьняволеньнем да 4 гадоў калёніі.

Аксана кажа, што з таго часу ня носіць перадач. Паводле яе, многія беларусы баяцца дапамагаць палітвязьням такім чынам. «Але знаходзяць выйсьце — шлюць пад чужым імем, пішуць чужыя адрасы адпраўніка», — зазначыла беларуска.

Яна падкрэсьліла, што міліцыя прыходзіць да яе ў любы час і зь любой нагоды. Напрыклад, пасьля дывэрсіі ў Мачулішчах у лютым 2023 году.

«Наляцелі і перавярнулі хату, пыталіся, што я ведаю пра тэракт у Мачулішчах, ці ня маю дома выбуховых рэчаў, зброі», — расказвае суразмоўца.

Прыходзіла міліцыя да яе і пасьля тэракту ў «Крокус Сіці» ў расейскім Краснагорку ў сакавіку 2024 году.

«Відаць, міліцыянтам з нашага раёну далі загад «адпрацаваць» экстрэмістаў, але як менавіта, не патлумачылі. Бо яны прыйшлі да мяне, правялі вобшук і пыталіся, ці знаёмая я зь якімі-небудзь таджыкамі. Якія таджыкі, якія знаёмствы?» — дзівіцца Аксана. Вінаватымі ў тэракце расейскія ўлады прызналі грамадзян Таджыкістану.

Нядаўна Аксану зноў выклікалі ў міліцыю па месцы жыхарства, дзе прапанавалі падпісаць чарговыя «афіцыйныя папярэджаньні».

«У дзьвюх паперах там было шмат чаго напісана, але сутнасьць у тым, каб я сядзела ціха напярэдадні выбараў, не займалася «экстрэмізмам» і не спрабавала «захапіць уладу неканстытуцыйным шляхам», — кажа суразмоўца.

Па словах Аксаны, многія яе знаёмыя, якія траплялі пад адміністрацыйны арышт за «палітыку» ці адбылі ўжо тэрмін у калёніі паводле крымінальнага палітычнага артыкулу, таксама падпісалі ў кастрычніку такія папярэджаньні.

«Прафіляктычная праца» на «хатняй хіміі»

Натальля (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) цяпер адбывае пакараньне паводле палітычнага артыкула на «хатняй хіміі». Яна сутыкнулася з мноствам абмежаваньняў: практычна ўвесь час яна мусіць знаходзіцца дома, выходзіць у горад можна толькі ў пэўны час, нельга хадзіць у госьці ці ў кавярню, на забаўляльныя падзеі. Да таго ж Натальля мусіць хадзіць адзначацца ў міліцыю і браць удзел у «прафіляктычных мерапрыемствах».

«Паказваюць фільмы пра шкоду алькагалізму, экстрэмізму і тэрарызму, праводзяць «прафіляктычныя гутаркі», якія заканчваюцца часам падпісаньнем чарговых абяцаньняў «паводзіць сябе добра». Міліцыя можа прыйсьці з праверкай да мяне і ўдзень, і сярод ночы, і я абавязаная адчыніць дзьверы», — пералічыла абмежаваньні Натальля.

Па яе словах, нядаўна жанчыну выклікалі ў міліцыю і далі на подпіс дзьве паперы, дзе гаварылася аб недапушчальнасьці парушэньня законаў.

«На словах патлумачылі, што я «пад каўпаком» і каб ня ўздумала чытаць «экстрэмісцкія» сайты навінаў ці тэлеграм-каналы. Я, папраўдзе, даўно ад усяго адпісалася, бо мне патлумачылі, што гэта ўсё сапраўды сур’ёзна і яны могуць прасачыць, якія сайты я наведваю. Мне на судзе гэта ўжо прад’яўлялі: там была даведка ад «Белтэлекаму», што я заходзіла на такія і такія сайты», — патлумачыла Натальля. І дадала, што падпісаньне «афіцыйных папярэджаньняў» лічыць фармальнасьцю.

«Афіцыйныя папярэджаньні» ад міліцыі і пракуратуры беларускія ўлады практыкуюць ня першы год. Яшчэ ў пачатку выбарчай кампаніі 2020 году ўвесну такія папярэджаньні ад міліцыі атрымлівалі журналісты і актывісты.

У 2021 годзе ў Гомлі пракуратура рассылала «афіцыйныя папярэджаньні» ўсім, хто быў затрыманы на акцыях пратэсту. Такія паперы тады атрымалі журналісты, валянтэры і актывісты.

Узімку 2024 году папярэджаньні аб адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пачаў выносіць пракурор у Смаргонскім РАУС. Тады хваля «папярэджаньняў» была зьвязаная з Адзіным днём галасаваньня, які праходзіў 25 лютага.

Каментары1

  • Андрусь
    31.10.2024
    Неканстытуцыйным чынам утрымлівае ўладу Лукашэнка. Гэта прывяло до гібелі людзей.
    Артыкул 357 , частка 3 , максімальнае пакаранне смяротная кара.

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?10

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

У чата GPT здарыўся масавы збой1

Расія цяпер не трымае на тэрыторыі Беларусі вялікіх вайсковых сіл — Дзяржпагранслужба Украіны4

Ціханоўская паказала, як гуляе ў падэл на корце30

Эканаміст Львоўскі назваў самую небяспечную краіну16

У Пружанах са стралянінай затрымлівалі кіроўцу без правоў1

Кацярына Андрэева апублікавала першы допіс пасля вызвалення6

Апытанні перад выбарамі ў Каардынацыйную раду паказваюць, што Латушка захаваў найвышэйшы давер грамадства88

Цячэ вада ў ярок. На бяду, у Лагойску тая вада — каналізацыя

«Прагрэсіўная Балгарыя» ўчыстую перамагла на выбарах. Генерал Радзеў супакойвае: Працягнем еўрапейскі шлях, але крытычна8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?10

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць