Свет

У Расіі выявілі патаемны вайсковы бюджэт на $250 мільярдаў

Вайсковыя выдаткі Расіі, якія пасля ўварвання ва Украіну выраслі ў 4 разы і дасягнулі рэкорднага з часоў СССР узроўню, могуць быць істотна вышэйшыя за афіцыйна вядомыя лічбы. Гэта сцвярджае Крэйг Кенэдзі, інвестбанкір, які ў мінулым займаў пасаду намесніка старшыні рады дырэктараў Bank of America Merrill Lynch, піша The Moscow Times.

Паводле ацэнкі Кенэдзі, у дадатак да 22 трлн рублёў (каля $215 млрд), якія на артыкул «Нацыянальная абарона» выдзеліў федэральны бюджэт Расіі, яшчэ каля 25 трлн рублёў ($249 млрд) на вайсковыя патрэбы пайшло праз расійскія банкі, якія актыўна крэдытавалі прадпрыемствы ВПК, пераведзеныя ў трохзменны рэжым для зборкі танкаў, снарадаў і ракет.

Кенэдзі звяртае ўвагу на тое, што з сярэдзіны 2022 года аб'ёмы карпаратыўнага крэдытавання ў Расіі ўзляцелі на беспрэцэдэнтныя 71%, або каля $450 млрд у грашовым выражэнні. З 50% да 60% гэтых пазык дасталася звязаным з абаронай галінам, сцвярджае эксперт са спасылкай на галіновую статыстыку Цэнтрабанка.

«Гэта крэдыты, якія дзяржава прымусіла банкі выдзеліць у асноўным некрэдытаздольным прадпрыемствам АПК на льготных умовах. У выніку пазабюджэтнае фінансаванне [вайны] практычна зраўнялася з плынямі, якія ішлі праз федэральны бюджэт», — піша Кенэдзі.

Памер «патаемнага» вайсковага бюджэту Крамля, як вынікае з ацэнак эксперта, мог скласці ў сярэднім каля $83 млрд у год, або каля $228 млн у дзень, а сумарна за тры гады практычна зраўняўся з незамарожанай часткай рэзерваў Цэнтрабанка РФ (крыху больш за $300 млрд) і перавысіў гадавы ВУП такіх краін, як Грэцыя ($238 млрд), Катар ($235 млрд) або Венгрыя ($212 млрд). Гэта стварала ілюзію ўстойлівасці вайсковай машыны Расіі і схем яе фінансавання, мяркуе Кенэдзі.

Аналагічную пазабюджэтную схему Крэмль ужо выкарыстаў раней, хоць і ў меншых маштабах, нагадвае эксперт: праз ільготныя банкаўскія крэдыты ў 2010-я гады фінансавалася гіганцкая дзяржпраграма ўзбраенняў коштам 20 трлн рублёў, у рамках якой прэзідэнту Уладзіміру Пуціну абяцалі паставіць у войскі дывізіёны танкаў «Армата», 600 самалётаў і тысячы верталётаў, павялічыўшы долю сучасных узбраенняў у войску да 70%.

Тады дасягненні ВПК засталіся толькі на паперы, а ўраду прыйшлося спісаць крэдыты абаронным заводам на сотні мільярдаў рублёў. Гэтая сітуацыя можа паўтарыцца зноў, але ўжо ў куды большым маштабе, лічыць Кенэдзі.

Выдача пазык неплацежаздольным прадпрыемствам ВПК стварае «перадумовы для сістэмнага крэдытнага крызісу» ў Расіі», піша ён: у канчатковым выніку дзяржаве, магчыма, прыйдзецца ратаваць як самі абаронныя заводы, так і банкі, якія іх крэдытавалі.

Акрамя таго, працягвае Кэнэдзі, напампоўка сектара ВПК грашыма ўжо стала галоўнай прычынай разгону інфляцыі, на які ЦБ РФ адрэагаваў павышэннем працэнтнай стаўкі да 21% — узроўню, якога эканоміка не бачыла з пачатку 2000-х.

Усё гэта, падкрэслівае эксперт, дае Захаду дадатковыя рычагі ўплыву на Уладзіміра Пуціна, які знаходзіцца перад цяжкай дылемай: чым даўжэй ён адкладае пачатак перамоў па Украіне, тым большая рызыка, што раптоўны банкаўскі крызіс можа рэзка аслабіць яго перамоўныя пазіцыі.

У бюджэт 2025 года расійскі ўрад заклаў далейшы рост абаронных выдаткаў — на 22%, да 13,2 трлн рублёў (каля $130 млрд). Летась на артыкул «Нацыянальная абарона» было закладзена 10,8 трлн рублёў ($106 млрд), у 2023 годзе — 6,8 трлн ($67 млрд), а ў 2022-м — 4,7 трлн ($46 млрд).

Каментары

Цяпер чытаюць

Хто стаіць за правакатыўнай суполкай ДоЛГБ? Здаецца, непалоханыя школьнікі5

Хто стаіць за правакатыўнай суполкай ДоЛГБ? Здаецца, непалоханыя школьнікі

Усе навіны →
Усе навіны

Навукоўцы Оксфардскага ўніверсітэта дзесяцігоддзямі пілі з чашы, зробленай з чалавечага чэрапа

У Дзярждэпартаменце ЗША будуць радыкальна скарачаць структуры, занятыя правамі чалавека4

Славу Камісаранку пазбавілі расійскага грамадзянства8

Пяскоў не пацвердзіў, што Пуцін гатовы абмежавацца фактычна акупаванымі тэрыторыямі Украіны

Пуцін прапанаваў спыніць канфлікт па цяперашняй лініі фронту — Financial Times12

Зяленскі: Украіна юрыдычна не прызнае акупацыю Крыма, ёсць Канстытуцыя

«Чым пакістанцы ў Беларусі адрозніваюцца ад беларусаў у Польшчы?»57

На чыгуначным вакзале ў Мінску паставілі аптэку-робата2

ЗША заўтра прапануюць Украіне і Еўропе прызнаць Крым расійскім — The Washington Post26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто стаіць за правакатыўнай суполкай ДоЛГБ? Здаецца, непалоханыя школьнікі5

Хто стаіць за правакатыўнай суполкай ДоЛГБ? Здаецца, непалоханыя школьнікі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць