Грамадства77

Самы папулярны сабака ў Беларусі. Гісторыя «той самай Жужы з запраўкі»

У сацыяльных сетках вірусна разлятаюцца ролікі з Жужай — мілай укормленай дварняжкай, якая жыве на адной з беларускіх заправачных станцый. У сабачкі ёсць фірмовыя рухі, якія так палюбіліся аўдыторыі: Жужа падае лапку, схіліўшы галаву ў процілеглы бок, а яшчэ «паркуецца» бокам да людзей, прапануючы такім чынам сябе пагладзіць. Onliner.by знайшоў Жужу і пагутарыў з работнікамі АЗС.

З якога канкрэтна роліка пачалося ўсеагульнае «паломніцтва» на гэтую АЗС, зразумець немагчыма. Па тэгу #Жужа TikTok выдае некалькі дзясяткаў відэа са смешным сабачкам. Прагляды некаторых з іх перавалілі за мільён.

Карыстальнікі, якія ўжо пабывалі ў гасцях у Жужы, старанна хаваюць яе адрас. Многія баяцца, што хтосьці можа нашкодзіць зорцы інтэрнэту. Тым не менш удалося вылічыць яе месцазнаходжанне, і журналісты накіраваліся проста на запраўку ля адной з трас.

Супрацоўнікі АЗС не надта супраць агучвання адраса, але журналісты таксама вырашылі ўстрымацца ад яго публікацыі дзеля бяспекі.

— Вы ўжо пятыя ці шостыя, хто сёння пытаецца пра Жужу! — адказвае дзяўчына на касы. — Так, вы па адрасе.

— Жужа! — крыкнулі журналісты, не паспеўшы дайсці да драўлянай хаткі, як з яе выскачыў хвосцік. Літаральна на секунду сабачка затрымаўся ля ног, даўшы сябе пачасаць, і радасна рынуўся да супрацоўніцы запраўкі.

Адразу Жужа стала дэманстраваць усе свае ўменні: і бачком прыпаркавалася, і лапку, схіліўшы галаву на бок, дала, і пузікам дагары перакулілася. У галаве зайграла тая самая мелодыя з TikTok.

— Жужа жыве ў нас з 2019 года. На той момант ёй было гады 4—5 (валанцёр спрабавала вызначыць узрост па зубах), — распавядае адна з супрацоўніц АЗС.

— Яе нехта выкінуў?

— Не, яна з мясцовымі пасвіла кароў — тут недалёка ёсць паша. Кажуць, яе там крыўдзілі. Бо, калі да нас заходзяць мясцовыя жыхары, яна іх усіх аблайвае.

— Мы пабудавалі для яе будку, але вось у будынак АЗС, на жаль, пускаць не маем права. Да Жужы, дарэчы, у нас жыла ліса! Жужа адваявала сабе тэрыторыю.

— Сапраўдная ліса, з лесу?

— Так, прыходзіла на запраўку, мы яе з рук кармілі. Гэта таксама мясцовы цуд, з ёй усе фатаграфаваліся. Яна нават маршруткі сустракала.

Да стэрылізацыі, расказваюць на запраўцы, Жужа рэгулярна прыносіла сваіх шчанюкоў: «3—4 разы на год па 5 пухнатых камячкоў». Разбіралі іх, кажуць, ахвотна. Тым не менш супрацоўнікі АЗС вырашылі адвезці сабачку на стэрылізацыю, сабраўшы грошы і звязаўшыся з валанцёрамі. А яшчэ апрацавалі Жужу ад кляшчоў і іншых паразітаў, надзелі ашыйнік, каб, барані божа, не прынялі за бадзяжную.

— Рашэнне аб стэрылізацыі мы прынялі ў 2022 годзе, калі 25 студзеня, у лютыя маразы, яна прынесла 8 шчанюкоў. Добра, што будка ёсць! Цяпер валанцёр прыязджае два разы на год: даём Жужы лекі ад глістоў, апрацоўваем ад кляшчоў.

Менавіта пасля стэрылізацыі, узгадваюць на запраўцы, худзенькая элегантная дама ператварылася ва ўкормленую салодкую булачку.

— Людзі пры гэтым працягвалі заязджаць і пытацца: «А ваша дварняжка яшчэ збіраецца шчаніцца?» Не дзіўна: шчанюкі былі неверагодна прыгожыя! І вось Жужа пачала сама да ўсіх падыходзіць: у нас тут пастаянны паток людзей, ніхто яе не крыўдзіць.

Калі мілая дварняжка пачала хайпаваць? Супрацоўнікі АЗС дакладна адказаць не могуць. Кажуць, што слава разносілася паступова. Здаецца, пераломным момантам стала відэа дзяўчыны-блогеркі з Піцера, знятае восенню.

— Як вам здаецца: Жужы падабаецца слава ці яна ўжо стамілася ад увагі?

— Калі б яна стамілася ад увагі, то проста сыходзіла б ад людзей! Вось толькі дзяцей яна не любіць — у нейкі момант перастала да іх падыходзіць.

Чым дапамагчы Жужы?

А цяпер да самага важнага пытання: што есць Жужа? Паводле супрацоўнікаў АЗС, з чужых рук яна корм бярэ неахвотна. «Свае» штодня вараць ёй кашу з тушонкай, даюць малако і сухі корм.

— Калі даём каўбаску, яе абавязкова трэба дробна парэзаць. Яна ў нас такая дама!

— Многія ў TikTok заклікаюць знайсці Жужы дом. Што думаеце з гэтай нагоды?

— Я сумняваюся, што яна адсюль сыдзе. Адзін наш супрацоўнік забіраў яе дадому на дзень. Яна скугатала, плакала… Жужа — свабодная дама, ёй патрэбна свабода. Тут яна робіць, што хоча. Захацела паганяць ката — пайшла паганяла! На сваю тэрыторыю яна наогул нікога чужога не пускае. Да іншых сабачак ставіцца не вельмі добра.

— Чым можна дапамагчы Жужы?

— Хіба што толькі кормам. Прыходзьце, гладзьце — а больш нічога асаблівага і не трэба. У яе ўсяго дастаткова.

Каментары7

  • Жвір
    11.02.2025
    Некарэктная інфармацыя ў артыкуле. Адмыслова адшукаў во фоты 2016 года, дзеці фатаграфаваліся з той Жужай. Яе тады, дарэчы, ніяк ня клікалі. Гэтая кабета, мажліва, сама працуе на той АЗС з 2019-га.
    Сабаку нехта зьвёз да запраўкі, ад пастуха, ці ад каго іншага, бо калі я спыняўся там упершыню, персанал АЗС так адказаў на маё пытаньне. Нехта заправіў машыну і з`ехаў, а сабаку кінуў.
    • Тэкля
      11.02.2025
      Жвір, Галоўнае, што цяпер у Жужы ўсё ў парадку: ёсць будка, ляжанка, ежа і добрыя адносіны. Дзякуй супрацоўнікам АЗС!
  • Gorliwy Litwin
    11.02.2025
    Ой ржунімагу, не стрымаюся: сабака яўны манкурт, бо на этнавяскоўцаў брэша а да гарацкіх ласціцца. З такім сабакам Беларусь не адродзіш!

Цяпер чытаюць

Лукашэнка: У амерыканцаў няма ніякага плана, яны проста зандуюць глебу13

Лукашэнка: У амерыканцаў няма ніякага плана, яны проста зандуюць глебу

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчук абурыўся кантынгентам у сталічным метро: Усе з новымі айфонамі, але не могуць дазволіць сабе танную машыну ці паездкі на таксі?24

Двухрублёвую манету прадаюць на аўкцыёне за 490 рублёў. Чаму так дорага?

Трамп заявіў, што ягоныя прадстаўнікі едуць у Расію «проста цяпер»3

У Польшчы хочуць увесці падатак для бігтэхаў, але ЗША гэта не падабаецца2

«Я баялася, што яна будзе выглядаць менавіта так». Беларуска два гады шукала магілу сваёй бабулі ў Польшчы — і нарэшце знайшла3

Халезін: Жыццё пасля смерці існуе, мы ўсе жывём у грыбной матрыцы23

Лукашэнка зняў з пасады начальніка Акадэміі МУС1

«Будуць выстаўленыя невыканальныя ўмовы». У Крамлі абмяркоўваюць сцэнары адмовы ад часовага перамір'я5

НАСА скарысталася Марсам як трамплінам, каб разагнаць зонд у бок Юпітэра1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: У амерыканцаў няма ніякага плана, яны проста зандуюць глебу13

Лукашэнка: У амерыканцаў няма ніякага плана, яны проста зандуюць глебу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць