The Insider: Новы санкцыйны пакет Еўрасаюза складалі праз штучны інтэлект
Новы пакет санкцый Еўрасаюза супраць Расіі выклікаў крытыку экспертаў праз шматлікія памылкі, неактуальныя звесткі і адсутнасць кітайскіх кампаній у спісе. Паводле расследавання выдання The Insider, у дакуменце, які апублікаваны 12 кастрычніка і ахоплівае больш за 1500 фізічных і юрыдычных асоб, ёсць прыкметы выкарыстання вялікіх моўных мадэляў (LLM) пры падрыхтоўцы матэрыялаў. Аўтары расследавання сцвярджаюць, што вынік не быў належным чынам правераны спецыялістамі.

Выданне звярнула ўвагу, што ў дакуменце выкарыстоўваюцца ўсяго дзве стандартныя фармулёўкі для ўсіх 1569 асоб і арганізацый. У папярэдніх санкцыйных пакетах звычайна прыводзілі асобнае абгрунтаванне таго, чаму абмежаванні ўводзяцца супраць кожнага канкрэтнага суб’екта.
Праблемы заўважныя і ў назвах кампаній. Упершыню ўсе юрыдычныя асобы запісаныя літаральнай транслітарацыяй рускіх назваў, прычым без належнага захавання вялікіх літар. Акрамя таго, у розных выпадках выкарыстоўваюцца розныя правілы перадачы кірыліцы лацінкай: частка назваў транслітараваная з дапамогай інструментаў Python, а для імёнаў людзей ужыты іншы стандарт, які таксама не заўсёды вытрымліваецца.
Аўтары расследавання мяркуюць, што такія супярэчнасці могуць сведчыць пра выкарыстанне вялікіх моўных мадэляў для апрацоўкі і перакладу даных. Самі па сабе гэтыя прыкметы не даказваюць, што санкцыйны дакумент сапраўды рыхтавалі з дапамогай штучнага інтэлекту. Але ёсць і куды больш істотныя доказы гэтага.
У спісе сустракаюцца назвы, у якіх змяшаныя лацінскія і кірылічныя літары. Напрыклад, назва аднаго з прадпрыемстваў пададзеная як «Акcionерное общество калиновский химический завод». На думку журналістаў, падобная памылка можа ўзнікаць пры аўтаматычнай апрацоўцы тэкстаў на некалькіх мовах.
Ёсць і недакладнасці ў перакладзе адрасоў. Адрас кампаніі «Нява-Ферыт» у Санкт-Пецярбургу ператварыўся ў англамоўны запіс, дзе назва Краснага Сяла часткова перакладзеная як Krasnoe village, а назва вуліцы Свабоды засталася транслітараванай. У адрасе ЗАТ «Тэхкрым» выкарыстана форма Udmurtskaya Republic of… замест правільнай англійскай назвы Удмурцкай Рэспублікі — Udmurt Republic.
Памылкі закранулі нават адрасы сайтаў. Для ТАА НВА «АМБ» у дакуменце пазначаны сайт licenzia-gos.rf. Аўтары расследавання адзначаюць, што дамена верхняга ўзроўню.rf не існуе, а названы сайт не працуе і ў кірылічным напісанні.
У санкцыйны спіс трапілі няісныя кампаніі і няправільныя кіраўнікі
Адзін з прыкладаў — ФКП «Новасібірскі доследны завод вымяральных прыбораў». Санкцыі ўвялі супраць прадпрыемства і яго дырэктара Аляксея Марозава, хаця гэтая юрыдычная асоба спыніла існаванне ў 2021 годзе пасля далучэння да іншага прадпрыемства — ФКП «Нацыянальнае выпрабавальнае аб’яднанне «Дзяржаўныя боепрыпасныя выпрабавальныя палігоны Расіі»». Апошняе таксама трапіла пад санкцыі, але яго генеральны дырэктар Станіслаў Юзаў у спіс не ўвайшоў.
Журналісты мяркуюць, што для складання пераліку маглі выкарыстаць састарэлыя звесткі пра прадпрыемствы расійскага вайскова-прамысловага комплексу. Пры гэтым яны адзначаюць, што санкцыі супраць такіх заводаў не заўсёды эфектыўныя, бо самі прадпрыемствы могуць непасрэдна не закупляць прадукцыю за мяжой. Закупкамі для іх займаюцца іншыя кампаніі-пасярэднікі.
Паводле расследавання, нават павярхоўная праверка дакумента дазваляе знайсці не менш за 25 разыходжанняў у назвах і юрыдычных формах арганізацый, а таксама ў пасадах людзей, якія трапілі пад санкцыі.
Напрыклад, генеральным дырэктарам ТАА «Тэкстыльная гандлёвая кампанія» ў спісе названы Мікалай Грэчушкін, хоць гэтую пасаду займае Анатоль Трубін. Пры гэтым у дакуменце Грэчушкіну прыпісаны ідэнтыфікацыйны нумар Трубіна, а сам Грэчушкін насамрэч працуе намеснікам генеральнага дырэктара.
У выпадку АТ «Хімрэактыў» кіраўніком названая Яўгенія Каваленка, хоць генеральным дырэктарам прадпрыемства з’яўляецца Уладзімір Лямкін.
Яшчэ адна праблема — састарэлыя назвы. Прадпрыемства, пазначанае ў спісе як ААТ «Радыёдэталь», насамрэч мае іншую юрыдычную форму і называецца ПАТ «Зубава-Палянскі завод радыёдэталяў».
Неактуальныя звесткі выкарыстаныя і ў дачыненні да навукова-даследчага інстытута сістэмных даследаванняў Расійскай акадэміі навук. У лютым 2023 года яго перадалі ў структуру Нацыянальнага даследчага цэнтра «Курчатаўскі інстытут», таму яго цяперашняя назва адрозніваецца ад той, што прыведзена ў санкцыйным дакуменце.
Яшчэ адна сур’ёзная хіба новага пакета — недастатковыя звесткі пра фізічных асоб. У дачыненні да ўсіх 743 людзей, уключаных у гэты пакет, не пазначаныя даты нараджэння і нумары пашпартоў. Пры гэтым у спісе ёсць расійскія ідэнтыфікацыйныя нумары падаткаплацельшчыкаў, якія раней рэдка выкарыстоўваліся для ідэнтыфікацыі людзей у санкцыйных пераліках.
На думку аўтараў расследавання, гэта павялічвае рызыку памылковага супадзення імёнаў падчас аўтаматычных праверак. Напрыклад, пры афармленні візы консульствы звычайна правяраюць пашпартныя звесткі і дату нараджэння, але не расійскі падатковы нумар.
Калі чалавек не звязаны з расійскай кампаніяй як яе заснавальнік або кіраўнік, знайсці адпаведнасць паміж яго іменем і падатковым нумарам па адкрытых даных можа быць немагчыма, бо такая інфармацыя не з’яўляецца публічнай.
У выніку чалавек, які не мае дачынення да санкцыйнай справы, можа сутыкнуцца з блакаваннем банкаўскага пераводу праз супадзенне імя і прозвішча. Паводле інфармацыі The Insider, адзін з супрацоўнікаў выдання не змог атрымаць заробак, бо банк замарозіў яго перавод пасля таго, як выявіў супадзенне з іменем чалавека з новага санкцыйнага спісу.
Раней еўрапейскія чыноўнікі таксама дапускалі памылкі пры ідэнтыфікацыі асоб. Напрыклад, санкцыі ўвялі супраць расійскага коміка Міхаіла Галустяна, выкарыстаўшы яго сцэнічны псеўданім замест сапраўднага імя — Ншан. Акрамя таго, у дакуменце была памылкова пазначаная дата нараджэння: 1970 год замест 1979-га. Паводле звестак расследавальнікаў, гэтыя памылкі не былі выпраўленыя нават праз паўтара года пасля публікацыі дакумента.
Памылкі ў санкцыйных пераліках могуць мець і юрыдычныя наступствы. У маі 2025 года Суд Еўрасаюза адмяніў санкцыі супраць Андрэя Харкоўскага, названага прадстаўніком саюза казацтваў, паколькі еўрапейскія ўлады не змаглі даказаць яго сувязь з гэтай арганізацыяй. У абгрунтаванні таксама не было даты нараджэння і іншых звестак, якія дазвалялі б адназначна ідэнтыфікаваць чалавека.
Асобную ўвагу аўтары расследавання звяртаюць на тое, што ў новым пакеце няма ніводнай кітайскай кампаніі — ні вытворцаў, ні гандлёвых пасярэднікаў. На іх думку, гэта асабліва істотна, бо кітайскія прадпрыемствы і банкі адыгрываюць важную ролю ў пастаўках у Расію тавараў, неабходных для яе вайсковай прамысловасці.
The Insider і іншыя выданні раней даследавалі ланцужкі паставак кампанентаў для расійскіх беспілотнікаў далёкага радыуса дзеяння «Герань» і «Гербера», а таксама для масавай вытворчасці FPV-дронаў. Па звестках журналістаў, кітайскія вытворцы і звязаныя з імі банкі могуць быць ключавымі звёнамі гэтых ланцужкоў, тады як кампаніі-пасярэднікі, праз якія афармляюцца пастаўкі, не заўсёды з’яўляюцца галоўнымі ўдзельнікамі.
У расследаванні сцвярджаецца, што FPV-дроны прычыняюць каля 70% баявых страт, а ад удараў беспілотнікаў «Герань» асабліва цярпяць мірныя жыхары і цывільная інфраструктура.
Аўтары робяць выснову, што новы санкцыйны пакет стварае ўражанне маштабнай працы, але яго эфектыўнасць выклікае пытанні праз неактуальныя звесткі, памылкі ў ідэнтыфікацыі і адсутнасць абмежаванняў супраць кітайскіх кампаній, якія, паводле расследавання, маюць важнае значэнне для забеспячэння расійскага вайскова-прамысловага комплексу.
ЕС увёў рэкордную колькасць новых санкцый супраць расійскіх кампаній, звязаных з уварваннем ва Украіну
Пасля здзелкі Трампа з Пуціным ЕС пачаў рыхтаваць новыя санкцыі супраць расійскай нафты
Польскі банк Millennium папярэдзіў беларусаў без ДНЖ пра блакаванне аперацый на рахунках з 12 снежня
Міністэрства фінансаў ЗША аштрафавала Bank of America за парушэнні санкцый, у тым ліку супраць Беларусі
Каментары
Усё больш жывём у свеце ідыякратыі.
(А былыя палітвязні спрабуюць знайсці сабе актыўных прыхільнікаў - дзе, сярод бюракратаў? Не абмяркоўваю зараз "за або супраць", проста факт: такі стан бюракратыі яшчэ больш запавольвае магчымасць камунікацыі і ўплыву).
І праблема не ў ШІ, праблема, як заўсёды, у чалавечай адказнасці.
Пры вялікіх зарплатах няма каму прайсці паслядоўна і адказна па спісу санкцый і ўдакладніць/выправіць патрэбнае. Сорам.