Беларускія навукоўцы вывелі сліву — кажуць, у свеце аналагаў няма
Беларускія селекцыянеры вывелі новы гатунак «Бужа». Буйныя слівы спеюць надзвычай рана — прыкладна да 25 ліпеня — на 8—15 дзён раней за раннія гатункі, ужо ўнесеныя ў дзяржаўны рэестр. Яна дае буйныя плады і добра пераносіць зімовыя перапады тэмпературы.

Пра «Бужу» расказала «СБ» селекцыянерка Марына Васільева. Гатунак атрымалі, скрыжаваўшы «Кубанскую раннюю» з беларускім «Волатам». Задача была ў тым, каб злучыць ранняе паспяванне з буйнымі пладамі і добрай ураджайнасцю.
Паводле селекцыянеркі, сярэдняя маса плода «Бужы» — не менш за 60 грамаў, але слівы часта бываюць і буйнейшыя. Мякаць шчыльная, таму плады лепш пераносяць перавозку.
На выпрабаваннях «Бужу» параўноўвалі з беларускім гатункам «Далікатная», блізкім па часе паспявання. Новая сліва дала буйнейшыя і менш кіслыя плады, якія атрымалі вышэйшыя ацэнкі на дэгустацыі. Ураджайнасць склала 22,3 тоны з гектара — прыкладна на тры тоны больш, чым у «Далікатнай».
Яшчэ адна перавага — устойлівасць да пладовай гнілі. У гады яе масавага распаўсюджвання «Бужа» пацярпела менш за гатунак, з якім яе параўноўвалі.
Для беларускіх садоў важная і здольнасць перажываць зіму. Небяспечны не толькі моцны мароз: пасля працяглай адлігі дрэва можа пачаць прачынацца, а наступнае пахаладанне — пашкодзіць яго. У выпрабаваннях «Бужа» паказала добрую ўстойлівасць да такіх перападаў, у тым ліку да марозу да мінус 30 пасля адлігі.
Для апылення ёй патрэбны іншы гатунак хатняй слівы побач — напрыклад, той жа «Волат».
Цяпер чытаюць
«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек
Каментары