У 41 год памёр вядомы расійскі рэпер-нацыяналіст, які падтрымаў вайну. Пішуць пра самагубства
Міша Мавашы стварыў нацыяналістычны рух «Паўночны чалавек», падтрымліваў расійскае ўварванне ва Украіну і дапамагаў расійскай арміі.

Пра смерць Мавашы ў яго канале паведаміў яго паплечнік.
«Вымушаны з сумам паведаміць, што ў нас адбылася трагедыя. Міхаіл Фёдаравіч Мавашы сёння ўначы, у ноч з 24 на 25 кастрычніка, памёр у выніку няшчаснага выпадку. Падрабязнасцяў пакуль ніякіх паведамляць не будзем. Разбіраемся ў сітуацыі. Усе ў шоку», — сказаў паплечнік Мавашы на відэа.
Сапраўднае імя рэпера — Міхаіл Ніц. Ён быў заснавальнікам і вакалістам гурта «МАВАШИ group». У апошнія гады ён быў вядомы не толькі музыкай, але і нацыяналістычнай дзейнасцю. У 2022 годзе Мавашы заснаваў рух «Паўночны чалавек». Ён называў яго этнічным аб’яднаннем для згуртавання рускіх людзей. Рух мае выразную ксенафобскую і антымігранцкую скіраванасць. Арганізацыя дзейнічае пры падтрымцы сілавікоў і мясцовых расійскіх уладаў.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Мавашы публічна падтрымліваў вайну супраць Украіны і збіраў грошы для расійскіх вайскоўцаў. Ва Украіне яго завочна асудзілі на восем гадоў турмы за фінансаванне агрэсіі.
Шырокую вядомасць Мавашы атрымаў на мяжы 2010‑х гадоў як выканаўца так званага «ЗОЖ-рэпу» і «турнікмен-музыкі». Яго трэкі прапагандавалі адмову ад алкаголю і курэння і заняткі спортам.
У 2016 годзе браў перапынак у кар’еры праз праблемы з наркатычнай залежнасцю.
Яму быў 41 год. Прычына смерці пакуль афіцыйна не паведамляецца.
СМІ пішуць, што Мавашы мог учыніць самагубства, застрэліўшыся з агнястрэльнай зброі. Вядома, што раненне мужчына атрымаў ужо ў сябе дома, яму выклікалі хуткую дапамогу, даставілі ў рэанімацыю, але выратаваць не змаглі.
Каментары
Очень прогрессивно )))
Ну и максим с ним"
Эт тебе на надгробье, чел, бесплатно, не благодари. Кобзону с Горшком привет.