Літаратура

11 недэпрэсіўных кніг беларускай літаратуры, якія раяць прачытаць. Большасць з іх — сучасных аўтараў

Папрасілі культуролага, выдаўца, літаратара і культавую настаўніцу Ліцэя БДУ параіць, што варта пачытаць, каб агульная млявасць і абыякавасць да жыцця не прагрэсавалі.

Гэтыя кнігі чарговы раз даказваюць, што белліт — не толькі пра сумнае.

Вось якія кнігі раіць культуролаг Максім Жбанкоў

«Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Уладзіміра Караткевіча

Філасофскі раман-прыпавесць, дзеянне якога адбываецца ў Беларусі XVI стагоддзя на фоне голаду, пакут і набегаў чужынцаў. Надзею людзям нечакана дае бадзяжны акцёр Юрась Братчык, які з’яўляецца перад народам у вобразе Хрыста.

— Узорныя поп-культурныя ўводзіны ў беларускасць. Хрысціянскі апокрыф напалам з авантурным раманам.

«Йопыты двух маладых нелюдзяў» Сірошкі Пістончыка 

Самвыдатаўскі зборнік трасянкамоўных апавяданняў ад беларускага блогера і пісьменніка. Творы сталі сапраўднай культурнай з'явай у беларускай андэграўнднай літаратуры канца 2000-х, дзякуючы поўнаму ігнараванню правіл і актыўнаму выкарыстанню ненарматыўнай лексікі.

— Выбуховая панк-проза берасцейскага разліву. Трасянка на поўную моц як свята прыўкраснага вербальнага хуліганства колішняй новай генерацыі.

«Забыть в электричке» Сяргея Краўчанкі 

Кніга эсэ і паэтычных мініяцюр беларускага музыкі, вядомага па праектах Port Mone, Polyn і SK.EIN, а таксама архітэктара і аўтара Сяргея Краўчанкі. Замалёўкі ў ёй можна чытаць як у надрукаванай паслядоўнасці, так і выпадковым чынам.

— Вайб нязмушанай прыгажосці існавання. Побытавая паэтыка, памножаная на рокенрольны стыль адчування жыцця і адмысловую музыку прамаўлення.

«Гамбургскі рахунак» Альгерда Бахарэвіча

Зборнік эсэ, які часта прэзентуюць як суб'ектыўны погляд пісьменніка на беларускую літаратурную класіку. Тут вам і Гусоўскі, і Цётка, і Быкаў з Купалам. Дасталася ўсім.

— Дзве абоймы ў спіну афіцыйнаму белліту. Бахарэвіч адпальвае па-даросламу і ладзіць жорсткую перазагрузку літаратурнага канона. Застаецца няшмат. А можа, так і трэба?

Вось якія кнігі раіць рэдактарка і выдавец Gutenberg Publisher Валянціна Андрэева

«Мастак і парабкі» Віктара Карамазава

Раман пра расійскага мастака Мікалая Неўрава, які ў пошуках натхнення і мадэляў для сваіх карцін пераязджае са сталіцы Расійскай імперыі ў беларускую вёску. Дзеянні разварочваюцца ў ХІХ стагоддзі, але тэкст актуальны для любога часу.

— Сам тэкст — як жывапіс, а ідэя рамана глыбокая і няспешная: як захаваць творчую незалежнасць у любых умовах.

«Па той бок» Зараславы Камінскай

Сюжэт кнігі закручваецца вакол загадкавага знікнення адной з сябровак і яго расследавання. Пры гэтым шукаць яе прыйдзецца ў свеце, дзе дамавікі, замовы і абарончыя рытуалы — гэта норма. Зрэшты, беларусам сапраўды нікуды без рытуальных і паганскіх штучак. У цэнтры ўсяго — народныя рытуальныя лялькі, якія ў нашай культуры не толькі служаць абярэгамі, але і інструментам чорнай магіі.

— Несумненная ўдача беларускай літаратуры, містычны і сучасны раман. Складана адарвацца, надоўга застаецца жаданне вяртацца думкамі і самой сабе казаць «дык вось чаму!»

«Пентаквантар» Арцёма Шуканава

Дэбютны маштабны посткіберпанк-раман беларускага пісьменніка і праграміста Арцёма Шуканава, які пісаўся на працягу 10 гадоў. Выдатны прыклад таго, што на беларускай мове можна і трэба пісаць пра ўсё — у тым ліку пра штучны інтэлект, касмічныя баржы і харэакагнітыўныя ядры.

— Візіянерская фантастыка, адначасова даволі простая, пры тым глыбокая і з тэхнічнага боку бездакорная.

Вось якія кнігі раіць паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч

«Забойства на вуліцы Макаёнка» Клёка Штучнага

У беларускай літаратурнай прасторы дэтэктыў — не такая ўжо частая з’ява. А тут у кампаніі ідзе яшчэ і небанальны сюжэт з гумарам. Загадкавае забойства бярэцца разгадваць сталічны клан Пісьменных — сумнеўны ранцье і безнадзейны халасцяк Якуб Пісьменны і яго пранырлівы кансільеры Аркадзь Табібулаеў…

— Вясёлая літаратурная містыфікацыя з горкім паслясмакам. Дэтэктыўная гісторыя ад таямнічага аўтара (ці аўтаркі) Клёка Штучнага. Раман прасякнуты любоўю да Мінска і сімпатычных, эксцэнтрычных гарадскіх вар’ятаў. Якімі, па вялікім рахунку, ёсць мы ўсе. Шмат чорнага гумару, часам вельмі смешнага. Чаго варты вобраз бабулі, якая зрабілася прывідам і ведае ўсе схаваныя адказы, але цяпер можа размаўляць толькі палітычнымі лозунгамі з беларускіх пратэставых маршаў 2020‑га года, таму зразумець яе амаль немагчыма. Чым не групавы партрэт усіх нас?

«Наступны прыпынак — смерць» Камілы Цень

Нягледзячы на такую назву, унутры кніга не прасякнутая смерцю наскрозь, як магло б падумацца. Падзеі тут разгортваюцца ў Мінску, у парку 50‑годдзя Кастрычніка, і ў іх вельмі шмат пахаў мінскага метро, грукату сталічных трамваяў і жыццёвых размоў простых беларусаў, якія сутыкаюцца з няпростымі загадкамі.

— Яшчэ адна яскравая літаратурная містыфікацыя са схаваным аўтарствам. Новыя дэтэктыўныя прыгоды простай і няпростай мінскай кантралёркі, кемлівай Зінаіды Юр’еўны, якая паспела палюбіцца беларускім чытачам і чытачкам. З цікавай гарадской трасянкай, з крымінальнымі загадкамі, якія нязменна разгадваюцца, так што дабро «абязацельна пабяжджает» зло — і палітыка тут амаль ні пры чым (хоць і ёй знаходзіцца месца, у інтэрнэт-размовах законапаслухмянай мамы з сынам-эмігрантам).

«Перамена месцаў» Югасі Каляды

«У новым цягніку, які рушыць з Менску ў Гомель, мяняюцца месцамі дзве пасажыркі, Альбіна і Маня. Наступны дзень прыносіць жахлівую навіну: яны памяняліся не толькі месцамі, але і целамі» — з такой заварушкай на самым пачатку сумна быць не можа.

— Прыгодніцкі раман з падвойным дном. За банальным, як бы жыўцом узятым з Галівуду сюжэтным ходам, хаваецца шэраг адвечных філасофскіх і актуальных палітычных пытанняў. Неймаверны збег абставін не проста «мяняе целамі» дзвюх гераінь, але і прымушае сустрэцца дзве Беларусі, якія раней адна адну ігнаравалі і ва ўпор не бачылі. Як не даць канчаткова падзяліць беларускае грамадства? Югася прапаноўвае свой рэцэпт.

А вось што раіць літаратуразнаўца, перакладчыца і культавая настаўніца Ліцэя БДУ Марына Казлоўская

«Цягнік да Познаня» Аляксея Правалоцкага 

Зборнік з 50 гісторый і эсэ пісьменніка і былога выкладчыка Аляксея Правалоцкага, прысвечаны досведу эміграцыі, апісанне якога не зробіць вам балюча. Кніга стала пераможцам конкурсу рукапісаў «Шуфлядка-2024» у намінацыі «нон-фікшн».

— Пытанне пра жанр гэтай кнігі мяне як літаратуразнаўцу, напэўна, паставіла б у тупік. «Цягнік да Познаня» — 50 тэкстаў, звязаных вобразам апавядальніка. Абразкоў? Невялікіх апавяданняў? Імпрэсій? Цяжка сказаць. Гэта кніга, напісаная эмігрантам без «каталіцкага пашпарта», які паволі вучыцца жыць у новай краіне, прыслухоўваецца да яе гукаў, пахаў, колераў з жаданнем зразумець сябе ў новых абставінах і людзей вакол. Калі не даведацца іх гісторыю, то прыдумаць, якой яна магла б быць. Убачыць хараство моманту і прыгажосць (ці не прыгажосць) чалавека ў ім. У аўтара гэта вельмі добра атрымліваецца. Запавольвацца, спыняць імгненне і сузіраць хараство нават у непрыгожыя часы.

Беларускі арт-хаус для тых, хто шукае дзэну ў навакольным хаосе. Літаратурная медытацыя, якая выводзіць чытача па-за межы траўмы, страты і няпэўнасці.

А што б вы параілі пачытаць з беларускай літаратуры, каб не сумна і з пачуццём узрушанасці і натхнення пасля?

Пішыце ў каментарах пра свае адкрыцці, а мы, магчыма, аформім з іх другую частку рэкамендацый.

Каментары

Цяпер чытаюць

Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі2

Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля кавіду людзі гадамі могуць не адчуваць смак ежы. Навукоўцы знайшлі магчымую прычыну1

Маск прызнаў, што свядома абмяжоўваў Starlink, і абвінаваціў Украіну ў парушэннях правіл26

66‑гадовая жанчына, якая з двух гадоў жыве ў ЗША, толькі цяпер даведалася, што не мае грамадзянства6

Журавы не спяшаюцца пакідаць Беларусь — затрымаліся як мінімум на два тыдні ФОТЫ3

У сталіцы Кеніі абрынуўся 18‑павярховы недабуд ВІДЭА

Паміж катамі ды іх гаспадарамі знайшлі гарманальную сувязь5

NASA паабяцала вярнуць чалавека на Месяц ужо ў 2028 годзе2

У Францыі сотні тысяч зноў выйшлі на вуліцы, паліцыя прымяняла слёзатачывы газ15

Крышціяну Раналду першым з футбалістаў зарабіў 2 мільярды даляраў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі2

Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць