Апошні бой Нетаньяху? Ізраіль рыхтуецца да парламенцкіх выбараў — першых пасля 7 кастрычніка і вайны
Яны не толькі вызначаць палітычную будучыню Біньяміна Нетаньяху і яго апанентаў, але і наглядна пакажуць, чаго хоча ізраільскае грамадства пасля перажытых ваенных і палітычных узрушэнняў.

27 кастрычніка, праз тры гады пасля кровапралітнага нападу ХАМАС 7 кастрычніка, у Ізраілі пройдуць парламенцкія выбары, якія многія называюць найважнейшымі ў гісторыі дзяржавы, піша Бі-бі-сі.
Большасць экспертаў згодныя, што пасля 7 кастрычніка гаворка больш не ідзе пра барацьбу левай і правай ідэалогій, паколькі левы фланг ізраільскай палітыкі моцна парадзеў.
На гэтых выбарах ізраільцяне будуць галоўным чынам галасаваць за фігуру, здольную не толькі прапанаваць новую стратэгію бяспекі — што з'яўляецца галоўным пунктам унутранага ізраільскага парадку дня — але і адказаць на многія назапашаныя ў грамадстве пытанні: як наогул стала магчымай масавая разня 7 кастрычніка, хто за гэта адкажа і якая будучыня дэмакратычных інстытутаў у дзяржаве.
За 120 месцаў у Кнэсеце змагаюцца 37 партый. Чакаецца, што толькі каля 11 з іх пераадолеюць электаральны бар'ер у 3,25% і пройдуць у парламент, пасля чаго аднаму кандыдату трэба будзе сфарміраваць жыццяздольную кіруючую кааліцыю.
Для атрымання большасці ў парламенце партыі ці блоку неабходна набраць 61 мандат.
Фармальна прэм'ер-міністрам можа стаць лідар любой партыі, якая пераадолела электаральны бар'ер, калі ён здольны сфарміраваць кааліцыю, якая карыстаецца падтрымкай большасці дэпутатаў Кнэсета. Тым не менш звычайна права першым паспрабаваць сфарміраваць урад атрымлівае лідар партыі, якая заваявала найбольшую колькасць мандатаў.
Таксама пры пэўных дамоўленасцях можа быць разгледжана схема ратацыі кіраўніка ўрада.
Хто ўдзельнічае ў гонцы за фатэль прэм'ер-міністра, якія шанцы Біньяміна Нетаньяху ўтрымацца ва ўладзе і як вынік выбараў адаб'ецца на блізкаўсходнім рэгіёне?
Нетаньяху: састарэлыя лозунгі ці стратэгія?
Біньямін Нетаньяху ідзе на гэтыя выбары, звяртаючыся да праверанай тактыкі, якая дзесяцігоддзямі дапамагала яму перамагаць, але гэтым разам, лічаць многія эксперты, яе можа не хапіць.
Нядаўна ён заявіў, што пытанне стаіць так: альбо зноў правы ўрад, альбо палесцінская дзяржава, якая абавязкова з'явіцца пры любым іншым урадзе.
Палітолаг і былы дарадца Нетаньяху Арыэль Булштэйн лічыць, што пасля 7 кастрычніка стварэнне палесцінскай дзяржавы наогул не разглядаецца, але, на яго думку, Нетаньяху мае рацыю, ставячы пытанне такім чынам, зыходзячы з чыста матэматычных разлікаў.
«У перадвыбарных размовах ніводная партыя не згадвае ўслых тэму палесцінскай дзяржавы. Але не пройдзе і дня пасля выбараў, калі трэба будзе складаць кааліцыю, у праціўнікаў Нетаньяху не будзе ніякай матэматычнай альтэрнатывы, акрамя як абаперціся на арабскія спісы. А для іх стварэнне палесцінскай дзяржавы — гэта самае галоўнае пытанне», — кажа Булштэйн у інтэрв'ю Рускай службе Бі-бі-сі.
Праціўнікі Нетаньяху кажуць, што ён ужо трыццаць гадоў выкарыстоўвае адны і тыя ж перадвыбарныя лозунгі, якія ў цяперашніх ізраільскіх рэаліях ужо не актуальныя.
«Пасля разні 7 кастрычніка людзі з левага краю ізраільскай палітыкі нават не разглядаюць пытанне палесцінскай дзяржавы. Ні для аднаго з бакоў гэтае пытанне не стаіць. Але для Бібі — гэта лейтматыў кожнай яго кампаніі, і гэта проста недарэчна», — лічыць ізраільскі палітычны аглядальнік Таль Шнайдэр.
Паводле яе слоў, ізраільскае грамадства больш за ўсё баіцца знешніх ворагаў, і ў вачах большасці Нетаньяху ўсё яшчэ больш за іншых здольны супрацьстаяць ім, але да яго з'явілася занадта шмат пытанняў.
Да гэтага часу не створана камісія па расследаванні абставінаў нападу 7 кастрычніка, ніхто ў кіраўніцтве краіны не панёс адказнасці за гэты страшны правал у абароне, ХАМАС не разгромлены, Іран не спынены.
Ва ўнутранай палітыцы, кажуць крытыкі, Ізраіль усё больш ператвараецца з ліберальнай дэмакратыі ў аўтарытарную дзяржаву, у якой паступова руйнуецца сістэма стрымліванняў, абмяжоўваецца незалежнасць судовай улады і ўзмацняецца ўплыў рэлігіі.
Для многіх ізраільцян будучыя выбары — гэта апошні шанец спыніць гэты працэс, кажа Шнайдэр.
«Тое, што Нетаньяху раз за разам перамагае і гэтым злуе сваіх праціўнікаў — гэта і ёсць дэмакратыя, гэта менавіта так працуе. Ён проста вельмі моцны ў палітыцы, вось і ўсё», — упэўнены Булштэйн.
Перадвыбарныя апытанні паказваюць, што Нетаньяху і яго кааліцыя стабільна, хоць і не шмат, саступаюць блоку апазіцыі на чале з Гадзі Айзенкотам.
Усяго за дзевяць дзён да выбараў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп вырашыў нарэшце адкрыта падтрымаць Бібі.
У публікацыі ў сацыяльных сетках Трамп назваў Нетаньяху «вялікім прэм'ер-міністрам-ваяром» і выказаў яму сваю «поўную і безумоўную падтрымку».
Трамп таксама намякнуў на магчымасць аднаўлення сумесных баявых дзеянняў супраць Ірана, калі «іранскія ўлады без прамаруджання не зменяць свае паводзіны».
Іранская пагроза і перспектыва яе ліквідацыі — вельмі важныя пытанні для ізраільцян, таму, магчыма, заява Трампа крыху ўмацуе пазіцыі Бібі ў дні, што засталіся да галасавання.
Гадзі Айзенкот — галоўны сапернік Бібі

Практычна заўсёды ў гісторыі Ізраіля палітычныя блокі фарміраваліся на аснове агульных ідэалагічных поглядаў, аднак за час кіравання Біньяміна Нетаньяху, які даўжэй за ўсіх займае пасаду прэм'ер-міністра, на палітычнай карце Ізраіля сталі з'яўляцца саюзы, якія раней здаваліся немагчымымі.
Зараз асноўны супернік Нетаньяху і яго ультраправай кааліцыі — лідар партыі «Яшар» («Наперад») Гадзі Айзенкот. У блок з ім ужо зараз гатовыя ўвайсці партыі самага рознага толку — правыя, левыя і цэнтрысты, аб'яднаныя жаданнем адхіліць Нетаньяху ад улады.
На думку многіх, Айзенкот — самы сур'ёзны апанент Нетаньяху за апошнія дзесяцігоддзі.
Ён цэнтрыст з ухілам управа ў пытаннях бяспекі і цалкам можа забраць тую частку спрадвечнага электарату Бібі, якой даўно хацелася альтэрнатывы ў рамках свайго ідэалагічнага лагера.
Айзенкот, які выступае за прыцягненне вінаватых да адказнасці, палітычныя рэформы і нацыянальнае адзінства, рэзка крытыкуе кіраўніцтва Нетаньяху за яго дзеянні як да, так і пасля нападу ХАМАС 7 кастрычніка.
Падтрымліваючы ваенныя аперацыі Ізраіля, ён у той жа час сцвярджае, што ва ўрада няма выразнай стратэгіі, і заклікае правесці незалежнае расследаванне правалаў, звязаных з нападам 7 кастрычніка.
Гадзі Айзенкот — былы кіраўнік Генштаба, яму 66 гадоў. Калегі апісваюць яго як сур'ёзнага, прамалінейнага чалавека, які не ўмее лавіраваць.
«Ён таксама бацька, які смуткуе. У снежні 2023 года ён страціў сына, які загінуў у баі ў Газе. Гэта ставіць яго ва ўнікальнае становішча, таму што Ізраіль усё яшчэ знаходзіцца ў шоку ад кашмару 7 кастрычніка. Людзі бачаць у ім чалавека, які прынёс самую вялікую ахвяру ў гэтай вайне — жыццё сына», — кажа палітычны аглядальнік Таль Шнайдэр.
Паводле яе слоў, ён не стане займацца стварэннем палесцінскай дзяржавы, але будзе забяспечваць выкананне ізраільскіх законаў. Напрыклад, ён паабяцаў вярнуць меры пакарання ў дачыненні да пасяленцаў, якія тэрарызуюць палесцінцаў на Заходнім беразе.
«Ён былы кіраўнік ЦАХАЛ, а значыць, яму можна давяраць у пытаннях бяспекі. 90% гэтых выбараў будуецца менавіта вакол бяспекі», — лічыць Шнайдэр.
Палітолаг Арыэль Булштэйн згодны, што Генштаб у анамнезе аўтаматычна дае Айзенкоту шмат балаў, але лічыць, што ён не з'яўляецца самастойнай палітычнай фігурай.
«Проста праціўнікі Нетаньяху выбралі сабе новага месію, як за апошнія 20 гадоў выбіралі на гэтую ролю Цыпі Ліўні, потым Лапіда, потым Ганца, — кажа Булштэйн. — Цяпер гэта Айзенкот. Мы нічога пра яго не ведаем як пра самастойную палітычную фігуру. А калі ён прайграе, то ніколі і не даведаемся, таму што праз чатыры гады стаўка будзе зроблена на кагосьці іншага».
Каментары
Отрицательный отбор по пути к власти — это такой социологический и политологический феномен, при котором наверх чаще продвигаются люди не с высокими моральными и профессиональными качествами, а наиболее циничные, беспринципные, хитрые и склонные к интригам, а не образованные интеллектуалы с высоким уровнем эмпатии и интеллекта.
Менее компетентные и глупые люди часто обладают избыточной уверенностью в себе и агрессивно стремятся к лидерству, в то время как интеллектуалы и эксперты склонны сомневаться, колебаться и реже вступают в жесткую и беспринципную подковерную борьбу.
Чтобы объединить большую массу людей вокруг себя для захвата или удержания власти, апеллируют к базовым инстинктам, делению на «своих» и «чужих», зависти, страху.... А далее -власть дает человеку чувство всемогущества и контроля над другими, что вызывает у него привыкание сродни наркотического. Человек, достигший власти, часто становится зависимым от нее и готов пойти на все, чтобы ее сохранить, лучше пожизненно....