Пальчыс пра ліст Калеснікавай і Золатавай: «За ўсё добрае, супраць усяго дрэннага», але ў рэальнасці гэта пакіне 9 мільёнаў у лакальным КНДР
Былы палітвязень Эдуард Пальчыс адгукнуўся на адкрыты ліст 73 былых палітвязняў да еўрапейскіх лідараў. Яго аўтары заклікалі Еўропу актыўней дамагацца вызвалення людзей і спынення рэпрэсій, выкарыстоўваючы дыпламатыю, перамовы, ціск і стымулы. Пальчыс пытаецца, якія гарантыі і рычагі маюць прыхільнікі дамоўленасцяў з рэжымам.

На днях ад БЕЛПОЛа прайшла інфармацыя пра тое, што нейкая група падпісантаў звернецца да Еўразвязу. Я падумаў пра так званых адбельнікаў, але, пакуль пісаў гэты тэкст, выйшаў тэкст ад асобнай часткі некаторых палітвязняў.
Ні мне, ні маім знаёмым не прапаноўвалі падпісаць, але нічога. Разумею, чаму некаторыя рэчы нехта робіць таемна.
Тэкст даволі нейтральны і пазітыўны, у стылі: «За ўсё добрае, супраць усяго дрэннага» (праўда, без аніякай канкрэтыкі). І падпісалася шмат добрых людзей.
Але чамусьці інтуіцыя мне падказвае, што гэты «адкрыты ліст» будзе выкарыстоўвацца ў кулуарных размовах з еўрапейскімі дыпламатамі зусім іншымі асобамі.
І вось ужо да гэтых асоб (а не да падпісантаў ліста) у мяне канкрэтныя пытанні. Бо ва ўсёй гэтай тэме няма аднабакова правільнага падыходу.
1) Нашы хлопцы і дзяўчаты жывуць у пекле. Ламаюцца іх здароўе, псіхіка, сем’і, справы, бізнэсы — цалкам усё жыццё. Асабліва калі тэрміны вялікія.
Таму місія Коўла з’яўляецца неверагодна каштоўнай. Мы павінны вызваліць абсалютна ўсіх, рана ці позна.
Але я трохі не разумею нейкай ці то наіўнасці, ці то яшчэ чаго з лагера тых, якія пастаянна шпурляюць у інфапрастору таемныя тэзы: «Начнём потихоньку снимать санкции и сядем за стол переговоров…», «Начнём потихоньку снимать санкции и всех выпустят…», «Начнём потихоньку снимать санкции и всех вернут домой…»
Вы ж бачылі, як Лукашэнка ў апошні раз падмануў Джона Коўла наконт выпуску 200 нашых зняволеных у апошні момант. Людзі ўжо сабралі рэчы, іх чакалі родныя каля варот, але ў апошні момант усё адмянілі.
Я не ведаю, якія эга ці тупасць павінны быць у галаве тых людзей, якія сапраўды думаюць, што вось з вамі нехта проста так сядзе пра нешта размаўляць. Тым больш калі ў вас не будзе ніякага сур’ёзнага рычага ціску, дык вы яшчэ і маеце абсалютна траваедную пазіцыю.
2) Калі вы думаеце, што падчас зняцця санкцый еўрапейцы ці амерыканцы пасадзяць вас за стол, — гэта яшчэ больш смешна. У эпоху войнаў, перадзелу свету, геапалітычных штармоў, канешне ж, людзі, якія займаюць слабыя пазіцыі, аказваюцца наперадзе працэсаў, ага.
Паверце, адна дзяржаўная бюракратыя будзе перамаўляцца з іншай, а не з людзьмі, якія не заўжды могуць без праблем атрымаць дакументы па легалізацыі.
3) Іншы момант — як нам вызваліць усіх? Абсалютна ўсіх? І Аўтуховіча з яго людзьмі, і «рэйкавых партызан», і ўсіх астатніх з вялікімі тэрмінамі?
Як нам даведацца пра ўсіх? Бо сістэма стала настолькі непразрыстай, што мы можам не бачыць новых палітычных вязняў. Вось у гэтым годзе адмыслова нават усе чаты калоній і турмаў прызналі экстрэмісцкімі, каб людзі не сядзелі і не абменьваліся інфой.
4) Як нам спыніць новыя пасадкі? Машына рэпрэсій наладжана, і яна хоча жэрці. Кожны дзень КДБ ці ГУБАЗіК кагосьці затрымлівае, прыходзіць да родных, шантажуе, цісне. Кадры набраны, бюджэты падпісаны, планы ўзгоднены. ЕГУ — экстрэмісты, крамы з вопраткай зачыняюцца, людзям нават перыядычна ў квізы забараняюць гуляць.
Я ўжо маўчу пра той пакет законаў і практык, які ператварыў Беларусь у лакальную КНДР, дзе сілавік проста на вуліцы можа залезці ў тэлефон. Трэба думаць наперад і пра астатнія 9 мільёнаў, якіх мы пакідаем у вялізнай калоніі БССР 2.0.
5) Ці ёсць канкрэтны механізм ці рычаг аднаўлення тых жа санкцый, калі вецер зноў падуе не ў той бок? Не мне вам казаць, што мы жывём у той час гісторыі, калі кожны месяц ці тыдзень падкідвае нешта зусім нечаканае.
Вы разумееце розніцу ў прыняцці санкцый ЕС і ЗША? І адкуль у вас думка, што потым «по мановению волшебной палочки» яны зноў з’явяцца? Калі Захад стаміўся ад тэмы ўкраінскай вайны, то няўжо вы ўяўляеце, што беларусы такія важныя, што дзеля іх будуць усё рабіць зноў па першым патрабаванні?
6) Можа, у кагосьці ёсць паралелі з эпохай 2008—2010, а таксама перыядам 2015—2020. Але гэта была эпоха ўмоўнай сусветнай стабільнасці, правіл, панавання ЗША і наратываў «правоў чалавека».
Пасля лютага 2022‑га мы жывём у зусім іншым свеце. Я не бачу для рэжыму ніякіх падстаў зараз рабіць раней вядомую ўсім «адлігу». Вам, хутчэй за ўсё, прапануюць 10 гадоў змагацца за права памяняць пратэрмінаваныя пашпарты ў найбліжэйшым консульстве.
Таму гэта сапраўды няпростае пытанне. Я сам перыядычна адчуваю пачуццё віны, што мне пашанцавала быць на волі, а астатнім — не. Мы павінны выцягнуць усіх — усіх да апошняга.
Але я не хачу, каб усе нашы ахвяры прывялі да таго, каб Беларусь напрыканцы ператварылася ў Азербайджан, лепшыя людзі краіны былі вывезены без магчымасці спакойна вярнуцца, а новыя палітвязні сядзелі ўжо без усялякай падтрымкі — бо пра іх нават ніхто не будзе ведаць.
Каментары
Тое, як вы сабе ўяўляеце, што такое санкцыі і тое, што ў рэальнасці ўводзіцца як санкцыі - не супадае з вашым уяўленнем.
Вы ведалі, што ўведзеныя санкцыі на завоз у Беларусь з краін захаду...туалетнай паперы, гузікаў (пуговиц) і фламастараў?
І вось вы патрабуеце ўзмацнення санкцый, а Еўропа гэта ўспрыме па-свойму, не так, як вы, разумееце?
Еўропа ўзмоцніць санкцыі па-свойму. Напрыклад, забароніць яшчэ і алоўкі завозіць, ці гуаш.
Вам трэба знайсці дакументы: спісы, якія санкцыі ўводзіліся за гэтыя 6 гадоў і прачытаць.