Эканоміка1010

Да найбуйнейшай сеткі аўтахаусаў Butikavto прыйшоў ДФР. Уласнік затрыманы

Кампаніі з Іўя ўсяго тры гады, а яна ўжо стала сапраўдным схаваным чэмпіёнам беларускага рынку з грашовым патокам пад 300 мільёнаў рублёў і пачала актыўна пазычаць на рынку. Што будзе далей, пакуль не ясна.

Як стала вядома «Нашай Ніве», у пачатку тыдня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю правялі ператрусы і арышты ў офісах кампаніі «Буцік Аўта» (ТАА Буцік-Інвест) па ўсёй краіне. 

Па нашай інфармацыі, затрымана кіраўніцтва, у тым ліку — малады гаспадар бізнэсу, 37‑гадовы Іван Лябейка, якому належыць 100% акцый. У ягоным тэлеграм-акаўнце стаіць аўтаматычны статус «быў на гэтым тыдні», які азначае, што чалавек ужо некалькі дзён не заходзіў у анлайн. 

Дакладны сэнс прэтэнзій пакуль што невядомы, але кулуарна абмяркоўваецца «абыход падаткаў». 

Butikavto — вялікі і папулярны аўтахаус, хоць і малады. 

ТАА «Буцік-Інвест» зарэгістраванае ў Іўі ў 2023 годзе мясцовым жыхаром Іванам Лябейкам.

Стваральнік «Буцік Аўта» Іван Лябейка. Фота: Instagram

Першы аўтахаус адкрыўся ў Лідзе ў красавіку 2023 года, а цяпер на кампанію запісаныя 25 аб'ектаў у 18 гарадах.

У чэрвені 2026 года сетка атрымала два дыпломы Кнігі рэкордаў Беларусі: як найбуйнейшая сетка аўтахаусаў краіны і як сетка з адным з самых хуткіх продажаў машын з прабегам.

Супрацоўнікі кампаніі на ўручэнні прэмій «Брэнд года Беларусі 2025». Фота: butikavto.by

Кампанія вельмі хутка вырасла, у 2025 праз іх рахункі прайшло 287 мільёнаў рублёў, а прыбытак толькі за першае паўгоддзе 2026‑га — 6,6 мільёна рублёў. У кампаніі працуе больш за сотню чалавек. 

У чым магія? «БуцікАўто» гэта не толькі аўтахаус, а сутнасна яшчэ і фінансавы брокер. Такая камбінацыя стала магчымай толькі ў пэўны момант часу, калі дастаткова развіліся перадумовы. 

Вядома, што ў Беларусі драконаўскія мыты пры ўвозе патрыманай машыны з-за мяжы, ад якіх вызваленыя толькі некаторыя катэгорыі грамадзян: інваліды і шматдзетныя. 

Тыя могуць перыядычна завозіць у краіну машыны з ільготай. І што ў выніку атрымліваецца? Вырас клас людзей, якія шукаюць «ільготнікаў» і ад іх імя, па даверанасці, купляюць за мяжой машыны. Ільготнік атрымлівае за гэта прэмію, і на гэтым яго ўдзел заканчваецца.

А ў саміх новых перакупшчыкаў сэнс работы не ў падборы машыны як такой, а ў мастацтве знаходзіць і ўгаворваць ільготнікаў.

Гэтым займаецца шмат людзей у краіне, бо такая шчыліна дазваляе падзарабіць. У выніку колькасць перакупаў і ініцыятыва змянілі саму схему, па якой працуюць аўтахаусы — бо далей фінансаваць закупкі самому, калі ў краіне выгадавалася армія перакупаў на плячах ільготнікаў, нерэнтабельна.

Сталі рабіць іначай, вырашаючы праблемы перакупшчыкаў, якім трэба прадаць завезены тавар. Якія ёсць варыянты?

Першы: прадаць машыну самому. Але тады ў купца павінны быць адразу грошы на яе, а ў нас не такі партрэт спажыўца. Калі ў чалавека адразу ёсць грошы, то ён і купіць з салона. 

Тады другі варыянт — прадаць у крэдыт. Але як? І вось тут знайшлася ніша для аўтахаусаў новага тыпу, якія па сутнасці проста зводзяць прыватных перакупаў з кліентам, а кліента з банкам у адным месцы. 

Кліент — часта зусім без грошай — прыходзіць у аўтахаус і выбірае машыну, якая належыць прыватнай асобе, але рэалізуецца аўтахаусам. 

У выніку ў схеме зарабляюць усе:

— перакупшчык — крэдытнае плячо дазваляе яму прадаць машыну хутчэй і даражэй;

— аўтахаус — ён бярэ камісію з перакупшчыка за пляцоўку і з банка ці лізінгавай за кліента;

— банк — на працэнтах. 

Для купца гэта магчымасць купіць машыну ў крэдыт. Перакупы самі навыперадкі бягуць «здавацца» аўтахаусам, бо выгаду атрымліваюць усе. 

У 2025 годзе кіраўніцтва сеткі вырашыла зменшыць долю перакупшчыкаў у агульным пірагу свайго бізнэсу і пачала шукаць фінансаванне для закупак машын самастойна.

З верасня 2025 года «Буцік-Інвест» выпусціў восем выпускаў доўгавых токенаў на платформах Finstore і BynEX пад ад 5% да 23% гадавых, разам каля 5,2 мільёна рублёў і $1,7 мільёна. Токены трымае больш за 2000 крэдытораў. Яны сталі настолькі папулярнымі, што апошні выпуск на 2,25 мільёна рублёў у канцы верасня расхапалі ўсяго чатыры пакупнікі.

Улетку 2026‑га кампанія пачала размяшчаць на біржы аблігацыі на 3 мільёны рублёў, але выпуск часова спынілі. 

Бліжэйшыя выплаты інвестарам — працэнты 15 лістапада і выкуп токенаў па заяўках інвестараў з 1 па 5 снежня.

Ці зможа выплаціць іх «Буцік-Інвест» — калі ў яго арыштаваныя рахункі — невядома.

Каментары10

  • Жора
    25.10.2026
    Асноўны змест артыкула - апісанне схема з ільгонікамі. Але ў артыкуле нідзе не сцвярджаецца, што БуцікАўто ёй карыстаўся. Чытач павінен неяк сам асацыяваць, ці што? Калі вы не ведаеце, што БуцікАўто ёй карыстаўся, навошта апісваць схему?
  • Кожны робіць што можа
    25.10.2026
    Жора, а вы ім данацілі, каб пытацца пра кантэнт гэты? Пішуць, як могуць. І пра генерала НАТА, і пра сабантуй Ціханоўскага, і пра генеральшу Мельнікаву. Хто заказвае баль, усё адно не чытае.
  • Чарговая ахвяра рэжыму
    25.10.2026
    для крымiнальнага торгу закладнiкамi!

Цяпер чытаюць

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос26

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр шасцігадовы Цімур Кузьміцкі з Гродна — падапечны ліквідаванага фонду KinderVita. На яго лячэнне сабралі больш за 150 тысяч еўра3

«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу13

Расійскі афіцэр застрэліў на фронце ва Украіне двух сваіх жа вайскоўцаў6

«Не ўлез нават у тачку». Пад Гроднам вырасцілі гіганцкі кабачок ФОТЫ

Ціханоўская правяла перамовы з прэзідэнтам Румыніі3

Навукоўцы ўпершыню знайшлі кроў дыназаўра ў скамянелых парэштках

Следам за 7 тонамі радыеактыўных лісічак з Беларусі ў Літву не пусцілі і 20 тон радыеактыўных чарніц11

Сукупнае багацце дзясяткі галоўных мільярдэраў свету за месяц зменшылася амаль на 300 мільярдаў даляраў3

Кітай упершыню пацвердзіў падрыхтоўку сустрэчы Сі, Трампа і Пуціна

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос26

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць