У Мінску каля Акадэміі навук прадаецца двухпавярховая сталінка з асабістым прысядзібным участкам
На вуліцы Акадэмічнай каля станцыі метро «Акадэмія навук» прадаецца кватэра ў двухпавярховай сталінцы. Але пры ёй нвялікі асабісты ўчастак, агароджаны плотам, па якім расцягнуўся вінаград. Уласны дворык схаваны ад мінакоў і суседзяў.

Двухпавярховая сталінка знаходзіцца па адрасе Акадэмічная, 11А. Гэта за музеем Якуба Коласа. У суседніх дамах ёсць невялікая крама, пункты выдачы Wildberries, стаматалогія, дзіцячы садок. Да парку Чалюскінцаў можна дайсці хвілін за 15, а да станцыі метро «Акадэмія навук» — усяго за пяць.
Але, нягледзячы на развітую інфраструктуру і фактычна цэнтральнае месцазнаходжанне ў горадзе, калі падыходзіш да дома бліжэй, здаецца, што знаходзішся зусім не ў пяці хвілінах ад метро.

Той самы асабісты дворык займае каля 40 квадратных метраў. Калі перавесці ў больш звыклыя адзінкі вымярэння ўчасткаў, гэта 0,4 соткі. Дворык схаваны за плотам з брамкай.
Кватэра знаходзіцца на першым паверсе дома, пабудаванага ў 1954 годзе. Капітальны рамонт запланаваны на 2025 год. Але ў самой кватэры ўжо заменены электраправодка і трубы.
- Агульная плошча: 45 м²
- Жылая плошча: 27 м²
- Кухня: 8 м²
- Вышыня столяў: 2,9 м
- Акны выходзяць на розныя бакі, у гасцінай іх два.
Інтэр'ер у кватэры не самы сучасны, але ў сумешчаным санвузле зроблены свежы рамонт у светлых танах. Усталяваныя ванна і пральная машына.
Кошт такой кватэры — 83 тысячы даляраў. Квадратны метр абыдзецца ў 1 861 даляр.
Каментары