Таблеткі, практыкаванні ці аперацыя? Ад чаго з’яўляецца міжпазваночная грыжа і як яе лячыць
Болі ў паясніцы бываюць у 80% людзей, у іх аснове — грыжы і іншыя праблемы з міжпазваночнымі дыскамі. З-за чаго яны ўзнікаюць? Ці трэба выдаляць грыжу хірургічна або можна абысціся без аперацыі? Ці можа грыжа разысціся без лячэння? Якія меры прафілактыкі дапамогуць пазбегнуць праблем са спінай? Пра гэта «Звяздзе» расказаў доктар спартыўнай медыцыны Дзмітрый Савеня.

— Дзмітрый Мікалаевіч, грыжа і пратрузія — вынік натуральнага працэсу старэння арганізма?
— Грыжу і пратрузію, у адрозненне ад астэахандрозу, нельга назваць працэсам натуральнага старэння арганізма. Пратрузіі і грыжы дыскаў — гэта рэакцыя арганізма, у прыватнасці пазваночніка, на залішнюю нагрузку. Грыжа міжпазваночнага дыска ўзнікае ў выніку разрыву фібрознага кальца, якое акружае пульпознае ядро, і рэчыва пульпознага ядра выходзіць у спінна-мазгавы канал. Ад таго, у якой пазіцыі адбыўся разрыў, залежыць, ці ўзнікне сімптаматыка. Аднак сам разрыў суправаджаецца ў першую чаргу болевым адчуваннем.
Грыжа можа размяшчацца ў шыйным, грудным ці паяснічным аддзеле, адпаведна там і праяўляецца сімптаматыка і ўскладненні. Асноўную небяспеку грыжа міжпазваночнага дыска ўяўляе тым, што яна можа ўздзейнічаць на структуры нервовай тканкі, сціскаць нервовы карэньчык ці сам спінны мозг.
— Якія фактары рызыкі ўзнікнення грыжы?
— Гэта заўсёды комплекс прычын. Найчасцей яны ўзнікаюць у людзей з лішняй вагой, бо ў іх павялічаны ціск на міжпазваночныя дыскі. У групе рызыкі — людзі з фізічнай работай ці высокай фізічнай нагрузкай, прычым не раўнамернай, а эпізадычнай, а таксама тыя, хто раней не меў фізічнай нагрузкі і раптам вырашыў ёй заняцца. Як і пры любым захворванні, нельга выключаць спадчынны фактар, бо пэўныя асаблівасці будовы злучальнай тканкі таксама маюць уплыў.
— Што ўказвае на наяўнасць грыжы?
— Першым асноўным сімптомам з’яўляецца моцны боль, які заўсёды суправаджае разрыў пульпознага кальца. У залежнасці ад таго, якая гэта грыжа і ў якім месцы знаходзіцца, боль будзе лакалізаваны ў вобласці паясніцы, шыі ці будзе аддаваць у нагу, ягадзічную вобласць, руку. Часта, калі грыжа аказвае ўплыў на структуру нервовага карэньчыка, гэта суправаджаецца пякучым, сціскальным болем у назе, руцэ, здранцвеннем той ці іншай вобласці, часам слабасцю, напрыклад, у ступні ці руцэ, парастэзіяй (адчуванне поўзання мурашак у канечнасці).
— Якія патрэбны абследаванні, каб выявіць грыжу? Ці рабіць найперш МРТ, калі баліць паясніца?
— У першую чаргу пры з’яўленні болю ў спіне неабходна звярнуцца да доктара, а не бегчы рабіць нейкае дадатковае абследаванне. Урач, а гэта часцей за ўсё неўролаг ці траўматолаг, вызначае наяўнасць сімптомаў і ўскладненняў і неабходнасць далейшага даабследавання пацыента.
Метадамі візуалізацыі пры выяўленні грыж міжпазваночных дыскаў з’яўляюцца КТ і МРТ. У плане дакладнасці і надзейнасці МРТ, што дазваляе добра ўбачыць мяккатканкавыя структуры і касцявыя ўтварэнні, мае вядучае значэнне.
— Ці можна справіцца з болем пры грыжы без аперацыі?
— Пры грыжы міжпазваночнага дыска аперыруецца дастаткова невялікі працэнт пацыентаў. Паказаннем для аператыўнага лячэння з’яўляюцца пэўныя дастаткова дакладныя ўмовы, у прыватнасці стойкі болевы сіндром, які пры кансерватыўным лячэнні не знікае. Акрамя таго, аперацыю робяць пацыентам, якія маюць неўралагічныя ўскладненні — слабасць, парэзы пэўнай вобласці, парушэнні ў выглядзе сіндрому конскага хваста (гэта структура ў паяснічным аддзеле), калі ёсць сімптомы сціскання структур спіннога мозгу, так званая міелапатыя. Аднак у большасці выпадкаў справіцца з болем можна кансерватыўна.
— Што ўключае такое лячэнне? Ці рэальна пазбавіцца болю з дапамогай фізічных практыкаванняў?
— Аднымі фізічнымі практыкаваннямі з болем справіцца складана, хоць здараецца і такое. Часцей за ўсё лячэнне грыжы міжпазваночных дыскаў комплекснае: уключае фармакалагічныя прэпараты, фізія– і рэфлексатэрапію, практыкаванні. Што датычыцца апошніх, то пры грыжы іх трэба выконваць, яны маюць добры эфект, але важна рабіць іх правільна і толькі тыя, што прызначае інструктар у канкрэтны перыяд хваробы.
— Наконт вісення на турніку сустракаюцца супрацьлеглыя меркаванні. Ці варта гэта рабіць пры болях у спіне?
— Болі ў спіне маюць некалькі прычын, і грыжа міжпазваночнага дыска — не самая частая з іх. Гэта могуць быць праблемы з мышцамі, касцёва-сустаўнымі структурамі, і ў такіх сітуацыях вісенне на турніку прыносіць пацыенту палёгку. Але калі ёсць грыжа з патэнцыяльнай пагрозай уздзеяння на структуры нервовай тканкі, то вісенне на турніку і далейшыя саскокванне з яго і хадзьба могуць ускладніць сітуацыю. Таму ёсць дастаткова жорсткія абмежаванні пасля працэдуры, у прыватнасці знаходжанне ў гарызантальным становішчы пэўны прамежак часу, каб не выклікаць ускладненняў. У хатніх умовах гэта выканаць складана, а вось у спецыялізаваных установах магчыма. Важна, каб пацыенту былі даступныя пасля гэтага спецыяльныя выцяжэнні (тракцыі) на тракцыйным стале і ў гарызантальным становішчы.
— Колькі доўжыцца кансерватыўнае лячэнне? І ці можна пазбавіцца ад грыжы?
— Перыяд лячэння залежыць ад многіх фактараў: ад памераў грыжы, яе размяшчэння, ад рэакцыі арганізма. У некаторых пацыентаў востры боль купіруецца вельмі хутка, на працягу двух-трох тыдняў. У іншых гэта можа зацягнуцца на 4—6 месяцаў. Аднак і такі перыяд нельга назваць звышдоўгім, асабліва для ўскладненай грыжы. Такі працэс, як рэзорбцыя — знікненне грыжы пад уздзеяннем імуннай сістэмы, — якраз займае да паўгода. Часам гэта адбываецца спантанна, без якога-небудзь уплыву, часам трэба падключыць пэўныя методыкі, і грыжа або змяншаецца, або знікае цалкам. Але для гэтага патрэбны час.
— Ці можа грыжа з’явіцца зноў? Якая прафілактыка ўзнікнення грыж?
— Так, грыжа можа з’яўляцца паўторна і пасля аператыўнага лячэння, і пасля рэзорбцыі. Асноўны метад прафілактыкі — правільныя практыкаванні, іх варта выконваць усё жыццё. Здаровыя людзі таксама павінны ўдзяляць увагу адэкватным фізічным нагрузкам. Аснова прафілактыкі — правільна сфарміраваны мышачны каркас, які дапаможа скампенсаваць нагрузкі і абароніць ад утварэння грыжы. Іншых метадаў — фармакалагічных, фізіятэрапеўтычных — на жаль, на цяперашні час няма.
Каментары