У панядзелак літоўскія памежнікі паказалі новы верталёт, прызначаны для суправаджэння цягнікоў, што ідуць у межах Спецыяльнай транзітнай схемы (у расійскі Калінінград), а таксама для хуткага рэагавання на магчымыя інцыдэнты, паведамляе LRT.

«Гэты верталёт дапаможа ўзмацніць назіранне за цягнікамі, што ідуць у і з Калінінградскай вобласці», — гаворыцца ў заяве міністра ўнутраных спраў Уладзіслава Кандратовіча. Паводле яго слоў, за апошнія гады змянілася сітуацыя з бяспекай у рэгіёне прывяла да новых пагроз і выклікаў.
«Памежнікі захоўваюць пільнасць і надзейна ахоўваюць дзяржаўную мяжу, таму адной з нашых прыярытэтных задач з’яўляецца поўнае забеспячэнне службы і супрацоўнікаў неабходнымі сродкамі», — адзначыў міністр.
Цырымонія прэзентацыі верталёта прайшла на авіяцыйнай базе Службы аховы дзяржаўнай мяжы ў Палукне. У ёй узяла ўдзел кіраўніца Галоўнага ўпраўлення па пытаннях міграцыі і ўнутраных спраў Еўракамісіі Беатэ Гміндэр.
Спецыяльная транзітная схема прызначана для забеспячэння наземнага транзіту асоб паміж Калінінградскай вобласцю і астатняй часткай Расійскай Федэрацыі. Новыя верталёты абсталяваны сістэмамі відэаназірання, абсталяваннем для падвескі грузаў, пошукава-выратавальным абсталяваннем, супрацьпажарным абсталяваннем і медыцынскімі сродкамі.
«Другі і трэці верталёты будуць ажыццяўляць пагранічны кантроль, ахову межаў, а таксама ўдзельнічаць у аперацыях у выпадку надзвычайнай сітуацыі або аварыі на БелАЭС, шукаць людзей, транспартаваць органы. Па сутнасці, увесь спектр функцый, што выконваюцца САГМ», — кажа кіраўнік памежнай службы Рустам Любаеў.
Каментары