У Брэсце дзяўчына пабачыла арыенціроўку на зніклага чалавека — і знайшла яго за пару хвілін
Пажылы мужчына 5 гадзін ішоў уздоўж дарогі да горада. Ролік з нечаканай знаходкай заляцеў у тыктоку — людзі ўражаныя ўважлівасцю і неабыякавасцю дзяўчыны.

Марыя Канановіч жыве ў Брэсце, у мікрараёне Вулька. Разам з мужам трымае бізнэс па продажы мёду і ўсяго ўсякага з уласных пчальнікоў. Днямі ў сваім тыктоку дзяўчына апублікавала відэа, у якім яна па шчаслівай выпадковасці сустрэла на дарозе мужчыну, пра знікненне якога даведалася за пяць хвілін да таго.
Як тлумачыць Марыя ў апісанні відэа, яна ў той момант не павінна была быць у Брэсце і не павінна была трапіць на паведамленне пра знікненне чалавека.
Але так склалася, што яна не толькі апынулася ў патрэбны час у патрэбным месцы, але яшчэ здолела ў прыцемках апазнаць на ўзбочыне дарогі пажылога мужчыну з арыенціроўкі.
«Я адразу не магла паверыць у гэта, хвіліну падумала, вырашыла развярнуцца і паехаць за ім», — дзеліцца Марыя.
Дзяўчына спыніла машыну каля мужчыны і спытала, ці не з Радванічаў ён і ці не яго шукаюць сваякі. Мужчына пацвердзіў, што ён з гэтай вёскі. Ён выглядаў разгубленым, але сеў у машыну да Марыі, якая вярнула яго дадому.
Як аказалася, мужчына пяць гадзін ішоў пешшу з Малых Радванічаў да Брэста. За гэты час ён прайшоў больш за 16 км праз лясы, палі і іншыя вёскі, дайшоўшы да скрыжавання вуліц Журавецкай і Цяністай у брэсцкім раёне Пугачоўка, як можна апазнаць мясцовасць па кадрах з відэа.
Калі дзяўчына знайшла мужчыну, сонца ўжо села. Уначы стары чалавек мог бы трапіць у небяспечную сітуацыю ці папросту замерзнуць.
Відэа ўжо сабрала больш за 2,6 мільёна праглядаў. Людзі дзякуюць Марыі за неабыякавасць і захапляюцца яе незвычайнай уважлівасцю:
«Дзякуй за неабыякавасць… Дэменцыя — гэта страшна».
«Як вы твары запамінаеце, я пакуль разоў пяць з чалавекам не паразмаўляю, нават блізка твару не запомню!»
«Я першы раз бачу, каб зніклага чалавека знайшлі з аб'явы, іх жа мільёны знікаюць».
«Гэтай дзяўчыне я забраніравала месца ў раі».
«Мне здаецца беларусы — гэта штосьці на анёльскай, я не бачу наогул дрэнных учынкаў і ролікаў людзей гэтай нацыянальнасці», — пішуць каментатары.
«Калі б было больш такіх уважлівых людзей як вы, паведамленняў «знойдзены — жывы» было б больш», — дадае валанцёрка, якая займаецца пошукам зніклых людзей.
Некаторыя людзі ў каментарах прыгадвалі, што іх сваякам з дэменцыяй таксама заўсёды кудысьці трэба ісці і яны заўсёды цягаюць з сабой нейкія клункі. Камусьці вярнуць зніклых сваякоў дапамагалі такія ж, як Марыя, неабыякавыя людзі.
Гэта не першы раз, калі Марыя дапамагае старым. Улетку 2024 года яна падвезла 93-гадовую бабулю, якая некалькі гадзін ішла з вёскі ў горад. Жанчына расчуліла людзей сваёй шчырай падзякай за дапамогу.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары