Шрайбман: Цяперашнія канфлікты ў апазіцыі ўжо мала каго цікавяць
Палітычны аналітык Арцём Шрайбман у інтэрв'ю Радыё Свабода кажа, што галоўная праблема дэмакратычных сіл не ў скандалах, а ў нерэлевантнасці; разважае, чаму спецслужбы актывізуюць працу супраць апазіцыі за мяжой; ацэньвае апошнія кадравыя перастаноўкі ва ўладзе.

— Ці можна казаць, што апошнім часам вакол дэмакратычных сіл Беларусі пашыраюцца розныя звадкі, скандалы, крытыка ў сацыяльных сетках? Ці правамерна сцвярджаць, што маштаб гэтай крытыкі і яе рэзкасць павялічваюцца? Альбо гэта проста часовае ўражанне на фоне гісторыі са знікненнем Анжалікі Мельнікавай, а на самой справе «ўсё як заўсёды»?
— Я не бачу ніякага павелічэння. Больш за тое, лічу, што ў абсалютных лічбах аўдыторыя, якая сочыць за гэтымі спрэчкамі і абвінавачваннямі, памяншаецца. Аўдыторыя цяпер меншая, чым была, напрыклад, у 2022 годзе, калі Павал Латушка даволі моцна крытыкаваў, што не ствараецца Кабінет, ці выбухнуў скандал з «Чорнай кнігай Беларусі». Нават скандалы, звязаныя з выхадам асобных «міністраў» з Аб'яднанага Пераходнага Кабінета — Зарэцкай, Сахашчыка, Кавалеўскага — былі гучнейшымі. Было жывое сутыкненне з Веранікай Цапкала на адной з канферэнцый, і гэтак далей.
Мне здаецца, раней грамадства і незалежныя медыя нашмат больш заўважалі гэтыя канфлікты. І я думаю, што наадварот, цяперашнія канфлікты, па вялікім рахунку, ужо мала каго цікавяць. Шчыра кажучы, нават я як чалавек, які за гэтым сочыць прафесійна, са спазненнем, напэўна, на дзень-два даведаўся, што там адбываецца. І нават не ўсе медыя асвятлялі гэта.
Так што праблема хутчэй не ў канфліктнасці — яна заўсёды ёсць у палітыцы, а тым больш у палітыцы ў эміграцыі. Праблема ў нарастанні нерэлевантнасці. І вось гэты трэнд прагрэсуе без спынення. А канфліктнасць ідзе хвалямі, па нейкім абсалютна арганічным цыкле. Яна была і будзе заўсёды, за выключэннем некалькіх месяцаў у 2020 годзе.
Таму бачу тэндэнцыю менавіта ў сыходзе апазіцыі ў свой унутраны свет, які ўжо не вельмі цікавы нават дэмакратычнай публіцы і дэмакратычным медыя.
— Мяркуючы па тым, што вядома пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, імаверна, мы маем справу з мэтанакіраванай працай беларускіх спецслужбаў. А чаго яны дабіваюцца стратэгічна? У той час, калі вы (і не толькі вы) заяўляеце, што цікавасць беларусаў да дзейнасці дэмакратычных сіл зніжаецца, то чаму ўвага спецслужбаў да апазіцыі не слабне? Якая мэта гэтых дзеянняў?
— Бачу тут некалькі фактараў. Па-першае, працы ўнутры краіны для сілавікоў цяпер істотна менш, чым было ў 2020—21 годзе. Асабліва для такой структуры, як КДБ. Ёсць толькі абмежаваная колькасць «змоў» з «замахамі» на Лукашэнку, «тэрактамі» і гэтак далей, якія КДБ можа фабрыкаваць і затым гераічна раскрываць унутры Беларусі.
І, адпаведна, паколькі супрацоўнікаў гэтых органаў ніхто скарачаць не збіраецца, палітычныя справы таксама ніхто скарачаць не будзе, то, зразумела, што іхняя ўвага пераключаецца на апазіцыю ў выгнанні. Гэта натуральна для гэтай структуры. Наколькі я ведаю, падобная была эвалюцыя ЧК (Усерасійская надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам), калі па меры чырвонага тэрору і зачысткі ўнутранага палітычнага поля ўсё больш і больш аперацый пачало адбывацца ў бок эміграцыі.
У гэтым сэнсе я б таксама не праводзіў прамую карэляцыю з тым, што «калі яны атакуюць дыяспару, значыць дыяспара захоўвае сваю палітычную вагу». Проста фокус актыўнасці пераходзіць з таго месца, дзе ворагаў менш, на тое месца, дзе ворагі яшчэ засталіся. Па-другое, я думаю, што тут мэта больш прыкладная. Зразумела, што дэмакратычны рух у выгнанні ўсё яшчэ з'яўляецца міжнароднай праблемай для беларускай улады.
Існаванне гэтага руху разбурае магчымасці міжнароднай легітымізацыі рэжыму, прынамсі моцна іх запавольвае. І зразумела, чым слабейшы будзе гэты рух, тым больш перспектыў будзе для міжнароднай легітымізацыі. Тым больш можна будзе на перамовах гаварыць — маўляў, глядзіце, якое пасмешышча вы корміце, у іх бясконцыя канфлікты, інфармацыйныя праколы, яны нават у вас ужо гэтыя гранты крадуць і ўцякаюць з імі кудысьці.
Таму я думаю, што гэта даволі паслядоўная праца для дыскрэдытацыі свайго апанэнта, падрыву даверу да яго як за мяжой, так і ўнутры Беларусі, сярод дэмакратычна настроеных беларусаў. Таму што адзін з галоўных наратываў рэжыму адносна 2020 года палягае ў тым, што беларусы памыляліся (тыя, якія выйшлі на вуліцы), але большая частка з іх гэта ўсвядоміла, адумалася, пакаялася. І для таго, каб у людзей вырастала расчараванне ў сваіх лідэрах, іх трэба дыскрэдытаваць, у тым ліку і такім чынам.
Таму я тут не бачу доказаў гэтага любімага аргумента дэмакратычнай супольнасці, што «калі нас пераследуюць, значыць нас баяцца». Справа не ў страху, а ў зразумелай, паслядоўнай палітычнай барацьбе на знішчэнне.
— Ці азначаюць нядаўнія кадравыя перастаноўкі ў структурах улады нешта змястоўнае? Наталля Пяткевіч, якая доўга жыла ў ЗША і выглядае той асобай, якая можа весці перамовы з Захадам, становіцца віцэ-прэм'ерам па сацыяльных пытаннях. Фармальна нібыта падвышэнне, але з іншага боку нейкі адыход у бок ад сур'ёзных тэм.
— У замежнай палітыцы ўсё куды больш залежыць ад палітычнай волі Лукашэнкі рабіць ці не рабіць саступкі — а перамоўшчыкі знойдуцца. Зразумела, што Наталля Пяткевіч больш камфортны для Захаду перамоўшчык, чым, напрыклад, цяперашні міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, улічваючы больш хамаватую стылістыку міністра. Але ў прынцыпе, куды важнейшая здольнасць ці жаданне Лукашэнкі пайсці на патрэбныя саступкі і крокі.
Я б не перабольшваў ролю бюракратаў. Тым больш, што цяпер самы дынамічны трэк у знешняй палітыцы — гэта, напэўна, ЗША. І, адпаведна, на гэтым фронце, наколькі можна меркаваць, актыўнічае муж Наталлі Пяткевіч, Валянцін Рыбакоў, які працягвае працаваць у ЗША — прадстаўніком Беларусі пры ААН. Мяркуючы па ўсім, ён курыруе гэты дыялог. Думаю, што так і застанецца, незалежна ад таго, дзе будзе яго жонка. Калі спатрэбіцца, гэтую функцыю можа выконваць і чалавек без пасады — які-небудзь сябар Лукашэнкі ці яго сын. Альбо чалавек з іншай пасады, накшталт той жа Пяткевіч. Паводле зліваў «Вікілікс», у канцы нулявых гадоў з Захадам, з ЗША, кантактаваў старэйшы сын Лукашэнкі Віктар. Не замінала яму, што ён тады працаваў у Радзе бяспекі.
Наконт перастановак — я таксама не лічу, што гэта нейкае падвышэнне для Пяткевіч. Беручы пад увагу яе даўнюю працу ў сістэме, яна з тых чыноўнікаў, хто можа прыносіць з сабой палітычную ці наменклятурную вагу на любую пасаду. Гэта, у прынцыпе, не азначае яе паніжэння — можа быць проста выпрабаванне на новым узроўні бюракратыі. Сацыяльны кірунак на фоне праблемаў з эканомікай вельмі важны сектар. Трэба размаўляць з людзьмі, неяк мікшыраваць праблемы, чым раней займалася Качанава.
У любым разе, мяркую, што роля Пяткевіч будзе залежаць толькі ад таго, чым Лукашэнка вырашыць яе нагрузіць. А не тым, што напісана ў яе працоўнай кніжцы.
Для мяне найбольшая інтрыга ў апошніх прызначэннях — чым так не дагадзіў Уладзімір Каранік. Бо Каранік, відавочна, быў зняты і паніжаны. Акадэмія навук па мерках беларускай бюракратыі — гэта нават не ганаровая пенсія, улічваючы адносіны да яе Лукашэнкі.
І, адпаведна, Каранік усяго два месяцы прабыў на пасадзе віцэ-прэм'ера. Гэта не падобна на нармальную ратацыю, хутчэй — звальненне за нешта. Магчыма, за нейкія правалы ці недахопы, ці тое, што ён павінен быў зрабіць, але не зрабіў за гэтыя два месяцы, расчараваўшы Лукашэнку.
Каментары
Але такая ж рэлевантнасць у так званых топ-чыноўнікаў. Гэта палітызаваная публіка гадае: а што Пяткевіч? а што Каранік? а Круты з Турчыным? Пераважнай масе насельніцтва Беларусі гэтыя прозвішчы мала пра што кажуць. Спытай у дзядзькі з завода, а кто тут у вас міністр прамысловасці? Гарантую: не назаве, бо не ведае і ведаць не хоча.
Асобна тут, вядома, стаіць Лукашэнка, якога ведае кожны па абодва бакі мяжы. Але яго рэлевантнасць прыблізна як у Леаніда Ільіча на пачатку 80-х. Ну ёсць такі дзед, ходзіць галавой трасе. Анекдоты пра яго расказваюць. Ну дый хрэн з ім.
Статыстыка праглядаў кажа зусім іншае.