Грамадства1919

«Гэта шлях адзіночкі». Беларус большую частку жыцця праводзіць у вандроўках — наведаў ужо амаль 500 аб’ектаў ЮНЕСКА

Аляксей Ластоўскі, беларускі навуковец і даследчык цэнтра «Палітычная сфера», акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі, вандруе па свеце ўжо каля 20 гадоў. Усе грошы ён выдаткоўвае на падарожжы, адмовіўшыся ад назапашвання на кватэру і іншага роду стабільнасці. «Нашай Ніве» Аляксей расказаў, як удаецца падтрымліваць такі тэмп жыцця і, галоўнае, — навошта?

Аляксей Ластоўскі каля Гран-Каньёна ў ЗША. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

Мэта — у разуменні краін

У сярэднім Аляксей Ластоўскі праводзіць дома тыдзень ці нават некалькі дзён на месяц. Яго вандроўная гісторыя пачалася яшчэ ў 2005 годзе — студэнтам аспірантуры ён паехаў на месячную стыпендыю ў Варшаву.

«Пазней ужо, калі я год жыў на стыпендыі ў Браціславе, то пачаў больш інтэнсіўна цікавіцца музеямі. Стаў рэгулярна наведваць выставы, пісаць пра гэта ў свой фэйсбук. Так усё пайшло-паехала, падарожжы сталі саліднай часткай майго жыцця», — згадвае даследчык.

Для сябе самым цікавым у вандроўках беларус вызначыў культурную гісторыю, вывучэнне замежных грамадстваў. Таму і спосаб гэтага спазнавання адпаведны — наведванне аб’ектаў, занесеных у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Цяпер у скарбонцы Аляксея ажно 479 пунктаў, але краін не так шмат, як у іншых апантаных вандроўнікаў — 65. Кажа, што можна было б наведаць і больш гарадоў, але бывае, што ў адным месцы знаходзіцца шмат культурных цікавостак. Напрыклад, у Італіі, Германіі ці Францыі. То і ездзіць да іх даводзіцца па некалькі разоў.

«Калі я выбіраўся ў краіны накшталт Мексікі альбо Японіі, то гэта фактычна 3-4 тыдні падарожжа па адной краіне: бо ў цябе мэта — зразумець краіну, наведаць самыя галоўныя аб'екты ЮНЕСКА ў гэтай краіне, а не збіраць колькасць краін як такую», — тлумачыць ён.

Аляксей у горадзе Чычэн-Іца, пабудаваным народам мая, Мексіка. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

Камфортная Японія і Сірыя пры Асадзе

Па Еўропе вандроўніку ездзіць з часам стала ўжо не так цікава — мала якія рэчы могуць яго здзівіць. Адзін з любімых рэгіёнаў Аляксея — Блізкі Усход. Але і да яго ён ужо прызвычаіўся: важна толькі зразумець, як працуюць мусульманскія грамадствы і як там трэба сябе паводзіць.

«Зараз гэта рэгіён вельмі складаны, таму што там пастаянныя канфлікты, войны. Але гэта насамрэч тое, што западае ў душу, бо там настолькі багатая культурная гісторыя…

Калі глядзіш на тое, у якім цяжкім стане жывуць гэтыя грамадствы, то гэта выклікае вялікую эмпатыю да людзей, якія змушаныя прабівацца праз тую вельмі складаную актуальную палітычна-грамадскую сітуацыю».

Горад Алепа ў Сірыі. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

Нядаўна навуковец вярнуўся з Японіі. Там яму спадабалася — знаходзіцца ў краіне камфортна, людзі прыязныя, а на вуліцах адчуваеш сябе ў бяспецы. Цэны, кажа Аляксей, параўнальныя з еўрапейскімі: абед каштаваў прыблізна столькі ж, колькі ў Літве. Трэба было толькі перажыць першасны турыстычны шок — праз заблытаную сістэму транспарту і іерогліфаў.

У любой вандроўцы Аляксей спрабуе адшукаць гісторыі, звязаныя з нашым рэгіёнам. Так атрымалася і з Японіяй, дзе ў Цуруге ён даведаўся пра лёс яўрэйскіх бежанцаў, якім у Коўне выдаваў японскія візы консул Сугіхара, у гонар якога цяпер у Літве названыя вуліцы і сад сакур.

«Для мяне было адкрыццём, што яўрэйскіх бежанцаў на месцы ў Японіі прымалі ўжо польскі консул Тадэвуш Ромер і яго жонка — Зоф’я, з мінскіх Ваньковічаў», — дадае ён.

Храм Іцукусіма ў Японіі. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

У Нагасакі навуковец даведаўся, што ў міжваенны час там актыўна дзейнічалі місіянеры-хрысціяне — манахі, якія прыехалі з Гродзенскага францішканскага кляштара. Японцы дагэтуль ушаноўваюць памяць брата Зянона, а айцец Кольбэ (ксёндз з Польшчы, доктар філасофіі і тэалогіі, які служыў у Гродзенскім кляштары і загінуў у Аўшвіцы — НН) — пазней быў кананізаваны.

«Асобную вандроўку ў Японію давядзецца ажыццявіць яшчэ на Хакайда, дзе працаваў Іосіф Гашкевіч — консул Расійскай Імперыі, ураджэнец Мінскай губерні і адзін з першых замежнікаў, хто наведаў унутраную Японію».

Беларуская мова на канцы свету

Запомнілася Аляксею і вандроўка ў Аргенціну. Там ён дабраўся да самага паўднёвага горада свету — Ушуая, адкуль адыходзяць караблі да Антарктыды.

«Само адчуванне, што ты знаходзішся на краю свету, цывілізацыі, яно ўражвае. Побач — леднікі, пінгвіны. Гэта ўсё стварае такі спецыфічны антураж», — апісвае ўражанні вандроўнік.

Там жа ён заўважыў кавярню з марозівам, дзе назва была напісана ў тым ліку і па-беларуску. «Радзіма нават на канцы свету цябе не адпускае», — жартуе Аляксей.

Кавярня ў аргенцінскім Ушуайя з беларускім словам «марозіва» на ўваходзе. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

Яшчэ адно экзатычнае падарожжа — у Сірыю часоў Башара Асада. Эмацыйна Аляксею яно далося цяжка.

«Разумееш боль людзей, якія проста жывуць на гэтай зямлі і пастаянна змушаныя сутыкацца з ваеннымі дзеяннямі, разбурэннямі дамоў. Як яны жывуць у гэтых абставінах».

Хацелася беларусу патрапіць у Ізраіль і Ірак. У першую краіну нават быў ужо запланаваны візіт, але ўсё скасавала эпідэмія кавіду. Дагэтуль не ўдалося пазнаёміцца з Індыяй і Афрыкай (цэнтральнай і паўднёвай яе часткамі) — візіты туды вандроўнік адкладвае.

У кастрычніку 2020 года Аляксей меў нетыповае падарожжа ў Егіпет — славутасці, якія звычайна забіты натоўпамі турыстаў, ён пабачыў у адзіноце. Прыляцець у краіну, калі яна толькі пачала адкрывацца пасля каранавіруса, навукоўцу параілі сябры-егіптолагі.

«Вельмі дзіўныя адчуванні, калі ты адзін знаходзішся ў мясцінах, дзе звычайна натоўпы і не прабіцца. Залазіш у піраміду — і знаходзішся ва ўнутранай камеры адзін. Гэта такое адчуванне дзіўнасці гэтага свету — яно таксама мне запомнілася.

Каля аднаго з храмаў у Абу-Сімбел на поўдні Егіпта, Нубія. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

Да далёкіх пунктаў — з кампаніяй

У падарожжах Аляксей звычайна не шукае спантанных размоў з мясцовымі. Кажа, яму больш камфортна спазнаваць краіну праз музеі, культурныя артэфакты.

Паразумецца ў побытавых пытаннях амаль паўсюль яму ўдаецца на англійскай мове, але складанасці бываюць у Паўднёвай Амерыцы ці Кітаі. Тады на дапамогу прыходзіў Google Translate і некалькі завучаных на іспанскай мове фраз.

Аляксей каля «Залатых варотаў» у Сан-Францыска. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

Каб адправіцца ў далёкую краіну, кажа Аляксей, лепей адшукаць сабе кампанію — людзей, якія падзеляць з табой затраты на жыллё і дарогу. Бо часам да мясцін можна дабрацца толькі на таксі ці заказаўшы спецыяльны тур. У такім разе ён звычайна едзе з сябрамі, якія таксама цікавяцца культурнай гісторыяй.

Але існуе і вялікая супольнасць вандроўнікаў да аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Выглядае гэта аб'яднанне як форум — сайт, дзе кожны можна напісаць свой водгук пра нейкі аб'ект і пачытаць уражанні іншых людзей. Праз гэта кам’юніці беларус даведаўся пра людзей, якія наведалі і па тысячы розных аб’ектаў.

Эмігранцкія складанасці і жыццё ў пастаяннай вандроўцы

Зараз вандроўнік сутыкаецца з цяжкасцямі — у родным беларускім пашпарце скончыліся старонкі, а абнавіць яго магчымасці няма, трэба ехаць у краіну. Апошнюю сваю візу беларус рабіў у ЗША — японскую.

Нацыянальны музей амерыканскіх індзейцаў у Нью-Ёрку. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

Скарыстацца літоўскім трэвэл-дакументам для гэтага не дазволілі, але прапанавалі электронную візу, якую Японія для беларусаў звычайна не робіць. Атрымліваецца, што цяпер Аляксей можа наведваць краіны толькі ў межах шэнгенскай зоны.

Зараз немагчымасць наведаць небяспечную для беларусаў краіну, якія могуць выдаць Беларусі палітэмігрантаў, — дадатковы фактар у абмежаваных вандроўках. Але Аляксей адносна спакойна да гэтага ставіцца:

«У Беларусі жыў з 2020 года з пастаянным адчуваннем, што па цябе могуць прыйсці, арыштаваць. І ты ўжо спакайней ставішся да гэтых рэчаў, фаталістычна, можна сказаць. Хаця ў мяне ў любым выпадку зараз больш няма опцый — у сілу сваіх дакументаў я проста не магу выехаць за межы Еўрасаюза».

Падарожжы Аляксей сумяшчае з дыстанцыйнай працай даследчыка. Упэўнены, у яго ўдаецца, каб і навуковая, і вандроўніцкая дзейнасць дапамагалі адна адной. Што праўда, даводзіцца шмат планаваць наперад — у кожнай краіне закладваць час, які правядзеш за камп'ютарам.

У Беларусі мужчына шмат гадоў жыў у інтэрнаце Акадэміі навук і значную частку сродкаў выдаткоўваў на падарожжы. Разведзены, ён вырашыў не займацца, напрыклад, будаўніцтвам свайго дома. І гледзячы на тое, як цяпер у палітычных эмігрантаў канфіскоўваюць кватэры, не шкадуе.

«У маім выпадку проста нічога за сваёй спінай я не пакінуў апроч бібліятэкі, пра што да гэтага часу моцна перажываю. Для мяне гэта асноўная страта ў сітуацыі эміграцыі».

Аляксей у сан-францыскай кнігарні «Глобус», дзе прадаюць беларускія кнігі. Фота: Aliaksei Lastouski / Facebook

З ад’ездам з Беларусі вандровак у жыцці навукоўца пабольшала. Кажа, што калі «ты і так пазбаўлены дома — усё жыццё пераўтвараецца ў пастаянную вандроўку».

«Мне досыць лёгка перажылося тое, што я выехаў з Беларусі. Паколькі ты ўжо звыклы, што ў цябе за спінай толькі заплечнік і ты ў дарозе, то ў гэтым плане мала што змянілася.

Але з часам я адчуваю ўсё большую трывогу пра адсутнасць радзімы, падтрымкі, месца, куды можна вярнуцца. Гэта адбіваецца цяжкім грузам, кладзецца на свядомасць, таму што пачынаеш думаць пра сэнс свайго існавання — навошта ты нешта робіш, думаеш, пішаш. (…)

Пастаянная вандроўка вымушае пакідаць нейкія цяжкія пытанні за спінай, не задумвацца і такім чынам псіхалагічна не ламацца. (…)

Мой досвед не вельмі пераймальны, гэта насамрэч складана — ты шмат чаго адракаешся. Адракаешся стабільнасці, пачуцця гнязда. Гэта шлях адзіночкі. Але я абраў такі шлях, мне вельмі цяжка з яго ўжо збочыць».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары19

  • Рыгор
    09.06.2025
    Гэты чалавек знайшоў у сабе смеласць выбраць свой шлях, а не сядзець на канапе за камп’ютарам і раздаваць таксічныя ацэнкі іншым у спробе падняць сваю самаацэнку і кампенсаваць дзіцячыя траўмы.
  • cтп
    09.06.2025
    Спадзяюся ён перад выездам цікавіцца ў якіх адносінах тамтэйшыя з нашым узурпатарам
  • Алесь
    09.06.2025
    Хто гэтыя прыхамаці фінансуе? Спытайцеся пра крыніцы. Чаму і навошта?

Цяпер чытаюць

Круты прызнаўся Лукашэнку, што акупнасць Беларусьфільма — 3%1

Круты прызнаўся Лукашэнку, што акупнасць Беларусьфільма — 3%

Усе навіны →
Усе навіны

«Праца цяжкая, але плён натхняе». Сёлетні клубнічны сезон працягнецца даўжэй, чым звычайна

На Зямлі ёсць нябачная мяжа, якую жывёлы не перасякаюць. Вось чаму2

Wildberries назвала «скалананнем паветра» чуткі пра запуск ёй таксі1

Незвычайна: пчолы пакрылі «хусткай» скульптуру Багародзіцы ў Дзятлаве ФОТА9

У Наваполацку РПЦ адкрые спецыяльны храм для дзяцей3

У Беларусі ўводзяць новыя валютныя абмежаванні2

Пашынян заклікаў пазбавіць пасады Каталікоса ўсіх армян, бо ў таго знайшлося дзіця2

Насцю Рыбку прымусілі выбачацца за ролік у інстаграме. Падпісчыц раззлавала яе відэа з Пуціным13

«Пажыві ў маім доме»: Усік запрасіў Трампа ва Украіну на тыдзень3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Круты прызнаўся Лукашэнку, што акупнасць Беларусьфільма — 3%1

Круты прызнаўся Лукашэнку, што акупнасць Беларусьфільма — 3%

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць