Свет55

Махляры навучыліся здаваць праз Booking неіснуючае жыллё — вось як працуюць схемы

Турысты страчваюць сотні еўра праз фальшывыя паведамленні ад гатэляў, плацяць за няісныя апартаменты і прыязджаюць па адрасах, дзе ніхто не збіраўся іх засяляць.

Фота: Jonathan Raa / NurPhoto via Getty Images

Мільёны людзей карыстаюцца Booking.com, каб зарэзерваваць жыллё для адпачынку. Але ўжо некалькі гадоў платформа сутыкаецца з махлярамі, якія прыдумляюць усё больш складаныя спосабы выманьвання грошай у турыстаў.

Адна з самых распаўсюджаных схем пачынаецца са звычайнага рэзервавання. Чалавек выбірае гатэль, аплачвае нумар і атрымлівае пацвярджэнне. Але праз некаторы час яму прыходзіць паведамленне: з аплатай узнікла праблема, трэба тэрмінова пацвердзіць банкаўскую карту, інакш рэзерваванне скасуюць.

Паведамленне выглядае сапраўдным. Адпраўнік ведае імя кліента, назву гатэля, даты пражывання і нават нумар рэзервавання. Больш за тое, яно можа прыйсці непасрэдна праз унутраны чат Booking.com. Насамрэч за паведамленнем стаяць махляры. Яны прапануюць перайсці па спасылцы на падроблены сайт і ўвесці банкаўскія рэквізіты. Так злачынцы атрымліваюць магчымасць скрасці грошы.

Гэтая схема называецца reservation hijacking — «перахоп рэзервавання». Яна далёка не новая. Як расказвала The Guardian яшчэ ў чэрвені 2025 года, у зафіксаваных журналістамі выпадках людзі страчвалі па некалькі сотняў фунтаў.

Каб атрымаць інфармацыю пра кліентаў, злачынцы могуць узломваць акаўнты гатэляў. Як менавіта гэта адбываецца, у сакавіку 2025 года падрабязна расказала Microsoft. Кампанія выявіла маштабную фішынгавую атаку на супрацоўнікаў гатэляў у Еўропе і іншых рэгіёнах свету.

Прыклад фішынгавага ліста, у якім махляры пад выглядам Booking.com патрабуюць ад супрацоўніка гатэля адрэагаваць на негатыўны водгук. Фота: microsoft.com

Махляры рассылалі лісты ад імя Booking.com. У адных паведамлялася пра скаргу незадаволенага госця, у іншых — пра новае рэзерваванне або неабходнасць тэрмінова пацвердзіць акаўнт. Лісты ўтрымлівалі спасылку на сайт, які выглядаў як Booking.com.

Прыклад фішынгавага ліста, у якім махляры пад выглядам Booking.com патрабуюць ад атрымальніка пацвердзіць свой акаўнт. Фота: microsoft.com

На падробленай старонцы супрацоўніку прапаноўвалі прайсці звычайную на першы погляд праверку CAPTCHA — пацвердзіць, што ён не робат. Але замест гэтага яго прасілі націснуць пэўную камбінацыю клавіш і ўставіць каманду, якую сайт аўтаматычна скапіяваў у буфер абмену. Выкананне гэтай каманды запускала загрузку шкоднай праграмы.

Скрыншот падробленай старонкі Booking.com з фальшывай CAPTCHA, якая пад выглядам праверкі карыстальніка прапануе выканаць дзеянні для запуску шкоднай праграмы. Фота: microsoft.com

Так злачынцы маглі выкрасці паролі і іншыя канфідэнцыяльныя даныя, атрымаць доступ да сістэм гатэля і выкарыстоўваць яго для фінансавага махлярства. Microsoft назвала гэтую тэхніку ClickFix.

Паводле брытанскага цэнтра Action Fraud, з чэрвеня 2023 года да верасня 2024‑га паступіла 532 паведамленні пра махлярства, звязанае з рэзерваваннем жылля. Агульныя страты пацярпелых склалі каля 370 тысяч фунтаў.

Замест гатэля — паб ці будынак парламента

Аднак злачынцы не абмяжоўваюцца крадзяжом банкаўскіх даных. Яны таксама прапануюць на Booking.com жыллё, якога насамрэч няма або якое ім не належыць.

У верасні 2026 года брытанская спажывецкая арганізацыя Which? расказала пра выпадак у Лондане. Турысты праз Booking.com рэзервавалі «люксавыя апартаменты» The London Crown побач з Таўэрскім мостам. Але па пазначаным адрасе знаходзіўся звычайны паб The Liberty Bounds. Яго супрацоўнікі расказвалі, што ім даводзілася штодня тлумачыць турыстам з валізкамі, што ніякіх апартаментаў тут няма. Часам прыходзіла да 20 чалавек за дзень.

Скрыншот фальшывай аб’явы на Booking.com, у якой турыстам прапаноўвалі «люксавыя апартаменты» The London Crown. Насамрэч па пазначаным адрасе знаходзіўся паб The Liberty Bounds. Фота: which.co.uk

Адзін з пацярпелых заплаціў каля 73 фунтаў за начлег для сям'і. Праз два дні пасля рэзервавання яму прыйшоў ліст нібыта ад прадстаўнікоў апартаментаў з просьбай увесці банкаўскія рэквізіты на староннім сайце. Мужчына западозрыў махлярства, высветліў, што па адрасе знаходзіцца паб, і звярнуўся ў службу падтрымкі Booking.com. Аднак там, паводле яго слоў, прапанавалі спачатку прыехаць па адрасе і паспрабаваць засяліцца. На той момант у аб'явы ўжо былі сотні негатыўных водгукаў ад турыстаў, якія не змаглі знайсці сваё жыллё.

Водгукі турыстаў на Booking.com, якія папярэджваюць, што апартаментаў The London Crown не існуе, а па ўказаным адрасе знаходзіцца паб. Фота: which.co.uk

Яшчэ адзін выпадак тычыўся «апартаментаў каля Біг-Бэна». Іх адрасам быў пазначаны Portcullis House — будынак брытанскага парламента. Турысты, якія прыязджалі засяляцца, замест гаспадароў сустракалі ўзброеную ахову.

Пазней Booking.com паведаміў, што ў гэтых двух выпадках злачынцы атрымалі несанкцыянаваны доступ да акаўнтаў сапраўдных аб'ектаў размяшчэння і змянілі інфармацыю ў аб'явах.

Booking.com ведае аб праблеме не першы год

Маштаб махлярства на платформе расце ўжо некалькі гадоў. Яшчэ ў 2024 годзе кіраўніца кібербяспекі Booking.com Марні Уілкінг расказвала, што за папярэднія 18 месяцаў колькасць выпадкаў махлярства вырасла на 500—900%. Кампанія звязвала гэта, у тым ліку, з развіццём штучнага інтэлекту, які дазваляе злачынцам ствараць усё больш пераканаўчыя падробленыя лісты і сайты.

Рост колькасці скаргаў, як піша The Guardian, фіксавалі і спажывецкія арганізацыі. Прыкладам, у Нідэрландах Consumentenbond за 2025 год атрымала каля 200 паведамленняў пра махлярства, звязанае з Booking.com, — удвая больш, чым годам раней, калі такіх зваротаў было 89. Павялічыліся і страты пацярпелых: з 25 да 65 тысяч еўра. Пры гэтым у арганізацыі мяркуюць, што рэальныя маштабы праблемы значна большыя, бо многія ахвяры не паведамляюць пра махлярства.

У Booking.com не раз заяўлялі, што інвестуюць у кібербяспеку, выкарыстоўваюць штучны інтэлект для выяўлення падазроных аб'яў і супрацоўнічаюць з праваахоўнымі органамі.

Аднак шматлікія выпадкі паказваюць, што гэтыя меры не заўсёды спрацоўваюць. Прычым для размяшчэння фальшывага жылля часам нават не патрэбныя складаныя хакерскія атакі.

Як журналісты здалі ў арэнду рэзідэнцыю прэм'ера

Праверыць, наколькі надзейна Booking.com правярае аб'явы пра жыллё, вырашылі журналісты брытанскай спажывецкай арганізацыі Which?. У чэрвені 2026 года яны правялі эксперымент: стварылі аб'яву аб здачы аднапакаёвай кватэры ў цэнтры Лондана. У якасці адраса пазначылі Даўнінг-стрыт, 10 — афіцыйную рэзідэнцыю брытанскага прэм'ер-міністра, а да аб'явы прыклалі фотаздымак знакамітых чорных дзвярэй.

Фальшывая аб’ява на Booking.com, у якой рэзідэнцыю брытанскага прэм’ера на Даўнінг-стрыт, 10, прапаноўвалі арандаваць як «аднапакаёвую кватэру ў цэнтры Лондана». Фота: which.co.uk

Нягледзячы на гэта, Booking.com апублікаваў аб'яву. Журналісты наладзілі яе так, каб ахвотныя спачатку адпраўлялі запыт на рэзерваванне, а не маглі адразу заплаціць. Затым яны ненадоўга адкрылі магчымасць рэзервавання і самі аформілі пражыванне на тыдзень. Booking.com прыняў аплату за няісную кватэру. Прычым, паводле Which?, нават праз шэсць тыдняў грошы за тэставае рэзерваванне даследчыкам так і не вярнулі.

Пасля гэтага журналісты праверылі сістэму водгукаў. Яны пакінулі фальшывы водгук з максімальнай адзнакай — 10 з 10, у якім напісалі, што ім спадабалася бавіць час з Лары — катом, які жыве ў рэзідэнцыі прэм'ера. Нягледзячы на паведамленне Booking.com пра тое, што водгук адпраўлены на праверку мадэратарамі, ён быў апублікаваны амаль адразу.

Але на гэтым эксперымент не скончыўся. Журналісты змаглі адправіць праз унутраную сістэму паведамленняў Booking.com спасылку на старонні сайт, дзе нібыта для пацвярджэння рэзервавання трэба было ўвесці даныя банкаўскай карты. Менавіта такія паведамленні выкарыстоўваюць махляры, каб выманьваць грошы ў турыстаў.

Пра вынікі эксперыменту даследчыкі паведамілі Booking.com. Аднак фальшывую аб'яву выдалілі толькі 27 жніўня — больш чым праз два месяцы пасля яе стварэння і пасля неаднаразовых зваротаў журналістаў.

У Booking.com заявілі, што эксперымент не адлюстроўвае сітуацыі з пераважнай большасцю аб'яў. У кампаніі запэўнілі, што выкарыстоўваюць розныя механізмы праверкі і штучны інтэлект, якія дазваляюць выяўляць і выдаляць большасць махлярскіх прапаноў на працягу сутак.

За Booking узялася Еўракамісія

На фоне шматлікіх скаргаў і журналісцкіх расследаванняў 21 кастрычніка 2026 года Еўракамісія пачала афіцыйнае расследаванне ў дачыненні да Booking.com. Рэгулятары хочуць высветліць, ці дастаткова платформа робіць для абароны карыстальнікаў ад махляроў.

Праверка закране як фальшывыя аб'явы пра жыллё, так і «перахопы рэзервавання», калі злачынцы выдаюць сябе за прадстаўнікоў гатэляў і выманьваюць грошы ў турыстаў. Асобна Еўракамісія вывучыць, ці дастаткова выразна платформа пазначае платныя рэкламныя прапановы ў выніках пошуку.

Як піша The Guardian, прадстаўнік Еўракамісіі назваў намаганні Booking.com у барацьбе з махлярствам «абсалютна незадавальняльнымі». У самой кампаніі запэўніваюць, што супрацоўнічаюць з рэгулятарамі і працягваюць удасканальваць сістэмы бяспекі.

Калі высветліцца, што Booking.com парушае еўрапейскі Закон аб лічбавых паслугах (DSA), кампаніі можа пагражаць штраф да 6% гадавога абароту.

Каментары5

  • booking should be responsible
    25.10.2026
    Жэка, плюсую
  • Викинг
    25.10.2026
    Да, мне настойчиво присылали подобные имэйлы в мае в Норвегии. Они действительно знают все о резервации: имя, дату, номер. Смотрите отправителя, если это panama.fm скорее всего это не букинг.
  • Мимо пробегал
    26.10.2026
    Просто напомню, что букинг (а точнее функционал от посредника, связанный с оплатой, в т.ч. для бесплатного резервирования) с 2024 не работает с беларускими карточками. Учитывая ещё, что многие зарубежные банки отказываются обслуживать беларусов даже легально...

Цяпер чытаюць

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу7

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам працуе аптовая крама, дзе крупы каштуюць 1—3 рублі, а алей — ад 3,51

У Расіі паставіліся да амерыканскага папярэджання пра магчымы тэракт у Маскве сур'ёзна3

УСУ ўдарылі па вытворцы ракетнага паліва ў Растоўскай вобласці1

«Да лейтэнанта прыехала маладая жонка, пабачыла, што адбываецца ў зоне, і застрэлілася». Выйшла заключная частка ўспамінаў Рыгора Бярозкіна пра ГУЛАГ і савецкі Мінск18

Шмат гадоў футбольную «Іслач» на матчах падтрымліваў «люты баяніст». Куды ён дзеўся цяпер?2

«Мы вярнуліся з пекла». Людзі з Алешак прыбылі ва Украіну і дзеляцца эмоцыямі3

У Мінску пара ў прымерачных кабінках мяняла старыя адзенне і абутак на новыя

«Вы васал Масквы». Беларусь перастаюць бачыць асобна ад Расіі58

Пасольства ЗША ў Маскве папярэдзіла пра пагрозу тэракта ў адным з расійскіх музеяў. Так было і перад «Крокусам»3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу7

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць