Штучны інтэлект паставіў пад сумнеў аўтарства самай дарагой карціны ў свеце
Карціну Леанарда да Вінчы за $450 мільёнаў ШІ палічыў падробкай.

Карціну «Збаўца свету», аўтарам якой лічаць Леанарда да Вінчы, мог напісаць іншы чалавек — да такой высновы прыйшла бразільская сістэма штучнага інтэлекту Luminari. Паводле аналізу, з імавернасцю 81% твор напісаў не сам Леанарда, а яго вучань Джавані Антоніа Бальтрафіа, піша BILD.
У 2017 годзе карціну прадалі на аўкцыёне Christie's за рэкордныя 450,3 мільёна долараў. Пакупніком, як лічыцца, стаў наследны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед бін Салман. З таго часу палатно не выстаўлялі на публіцы.
Вынікі аналізу апублікаваў партал Martin Cid. Эксперты заклікаюць не лічыць гэтую ацэнку доказам.
Прадпрымальнік у сферы штучнага інтэлекту Вольфганг Ройтэр заявіў выданню, што імавернасць у 81% — гэта толькі ўскосная прыкмета. Мастацтвазнавец і спецыяліст па творчасці Леанарда Франк Цёльнер адзначыў, што сур'ёзны аналіз з дапамогай штучнага інтэлекту можа быць карысным, але не здольны канчаткова вырашыць усе спрэчкі аб аўтарстве.
Гісторыя карціны поўная загадак. У 2005 годзе моцна пашкоджанае палатно набылі на рэгіянальным аўкцыёне ў Нью-Ёрку ўсяго за 1175 долараў. Пасля рэстаўрацыі яго прыпісалі Леанарда да Вінчы.
Каментары
Такія рэчы вылічаць вельмі дакладна.
Гэта яго так бы мовіць канёк - разлік вагаў і падгонка мадэляў.
Але, вядома для таго трэба спачатку паказаць яму некалькі тысяч работ з дакладна вызначаным аўтарам.