Жыгар: Лабісты Лукашэнкі неўзабаве выступяць з адкрытым лістом за «далучэнне ЕС да гуманітарнага трэку»
Пад шырмай «клопату пра вызваленне палітвязняў» гаворка ідзе пра зняццё санкцый з рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, засцерагае Уладзімір Жыгар з «Белпола».

Рэжым застаецца таталітарным, рэпрэсіі працягваюцца, у Беларусі ўжо і слова нельга сказаць, а Мінск працягвае быць часткай расійскай машыны, піша Уладзімір Жыгар у сябе ў фэйсбуку. Калі не застанецца санкцый, не застанецца і інструменту стрымлівання Аляксандра Лукашэнкі. І калі «санкцыі не працуюць», то чаму Мінск мабілізаваў усе сілы, каб дабіцца іх зняцця, звяртае ўвагу былы афіцэр.
«Такім чынам, неўзабаве невялікая групка з ліку тых, хто хоча пагутарыць з рэжымам, выступіць з адкрытым лістом, у якім звернецца да Еўрапейскага саюза з заклікам больш актыўна падключыцца да «гуманітарнага» трэку ЗША, — піша Жыгар. «Гандаль называюць «гуманітарным трэкам», — падкрэслівае ён.
«Галоўнай тэмай, якая хаваецца за «гуманітарным трэкам» ЗША, будуць, вядома ж, санкцыі. Маўляў, санкцыі, як любіць казаць [намеснік міністра замежных спраў] Ігар Сакрэта на розных закрытых сустрэчах, штурхаюць «міралюбны» рэжым Лукашэнкі ў лапы крыважэрнага Крамля, але пры гэтым настолькі «не працуюць» і яны настолькі ні на што не ўплываюць, што Лукашэнка гатовы вызваляць людзей у абмен на іх зняцце.
У цэлым пазіцыя зразумелая: людзі ў абмен на паслабленні для рэжыму. Толькі ёсць адразу некалькі пытанняў, якія хочацца задаць тым, хто падтрымае такі зварот.
1. Як вы гарантуеце, што пасля зняцця санкцый рэжым не працягне саджаць людзей? За кошт чаго? Растлумачце выразны і зразумелы для ўсіх механізм! І калі рэжым працягне гэта рабіць — у чым асабіста я не сумняваюся, — што вы будзеце рабіць? Гатовыя несці адказнасць?
2. «Вызваліць усіх» — гэта абстрактна. Усіх — гэта колькі? 1300, а астатнім не пашанцавала, як казаў Краўцоў? Ці як? Вы наогул ведаеце, колькі ўсяго людзей сядзіць?
3. Калі рэпрэсіі не скончацца, як падпісанты будуць лабіраваць аднаўленне санкцый у адказ на парушэнне дамоўленасцей? Вы гатовыя распрацаваць і прапанаваць дэталёвы план аднаўлення санкцыйных абмежаванняў? Калі так, то чакаем з нецярпеннем з ім азнаёміцца.
4. Што рабіць з тымі, каго выкінулі ці ўжо выкінулі з краіны? Вы гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за іх лёсы? Якія гарантыі, што пасля «нармалізацыі» яны змогуць бяспечна вярнуцца не праз дзясяткі гадоў у Беларусь ці захаваць падставы для легалізацыі ў ЕС?
5. Што рабіць тым, хто застаўся ў краіне, у якой дзейнічаюць і прымяняюцца на практыцы дзясяткі рэпрэсіўных законаў? Што рабіць ім, калі любое слова можа абярнуцца турмой? Вы гатовыя несці адказнасць за тых, каго рэжым пасадзіць?
Ну і фінальнае. Як вы можаце казаць пра санкцыйныя паслабленні для рэжыму, калі ён проста зараз максімальна актыўна працуе на Расію, забяспечваючы яе ваенную машыну ўсім неабходным? Толькі не расказвайце пра неваенныя санкцыі. Я вас малю.
Гэта толькі малая частка магчымых пытанняў. Безумоўна, выразнага, членараздзельнага і структураванага адказу ніхто ніколі не атрымае. Таму што яго няма. Таму што ні на адно з гэтых пытанняў у лабістаў апрыёры не можа быць адказу. Бо нават кругламу ідыёту зразумела: нічога з вышэйсказанага яны не гарантуюць, ні за што не адказваюць і тым больш ні за што несці адказнасць не могуць і не будуць. Іх задача — прадаць Лукашэнку Захаду такім, які ён ёсць. Перагарнуць старонку, забыць злачынствы, не звяртаць увагі на вайну.
І пры гэтым, неяк дзіўна (а насамрэч не) і сінхронна гучыць заява Рыбакова, пра тое што яны разлічваюць, што «ЗША паўплываюць на Еўрасаюз у спрыяльным для Мінска ключы».
Калі хтосьці калі-небудзь звернецца да вас з падобнай ідэяй, успомніце «Хроснага бацьку». Перафразуючы:
«Той, хто прыйдзе да цябе з прапановай арганізаваць сустрэчу з Барзіні — у нашым выпадку з Лукашэнкам, — той і здраднік. Памятай пра гэта», — падсумоўвае сваю пазіцыю Жыгар.
-
Лявон Вольскі: «Калі хто думае, што з сённяшнімі спадкаемцамі савецкіх катаў ды забойцаў можна пра нешта дамаўляцца, ён жорстка памыляецца»
-
Дзядок: «Ніякая палітычная мэта не каштуе жыцця людзей»? У вас нуль разумення палітыкі і нуль разумення жыцця
-
Статкевіч на зварот Золатавай і Калеснікавай: Ён абясцэньвае пакуты і ахвяры, гэта ідэалогія прыстасаванства
Каментары
Іншыя людзі хаця б палітвязняў з турмаў выцягваюць і дапамагаюць ім выжыць.