У Лідзе памёр 71-гадовы мужчына. Яго сын, зборшчык подпісаў за Цапкалу, кажа, што бацьку закатавалі да смерці. Ці так гэта?
«Бацьку беларускага апазіцыянера да смерці закатавалі паралельна з вызваленнем Ціханоўскага!» — такую навіну сёння апублікавалі некалькі расійскіх тэлеграм-каналаў. Аднак да абставін гэтай смерці ёсць пытанні.

Што вядома? Актывіст Пётр Лысак расказаў «Соце» — расійскаму праекту, які фінансуецца алігархам-эмігрантам Леанідам Неўзліным — пра смерць свайго 71-гадовага бацькі.
Пётр Лысак-старэйшы памёр 24 чэрвеня 2025 года. Перад гэтым ён трапіў у бальніцу з апаленай рукой і выбітым вокам. Дактарам ён паведаміў, што пайшоў гуляць у парк, заблукаў, вяртаўся на электрычцы, якая ходзіць за 10 кіламетраў ад яго дома. Па словах сына, у апошнія гады Лысак-старэйшы з цяжкасцю перасоўваўся праз праблемы з тазасцегнавым суставам.
«Пажылы мужчына быў знойдзены ў сябе ў кватэры, адкуль і шпіталізаваны», — піша «Сота».
Як дадае «Сота», сын лічыць, што траўмы — гэта сляды нейкіх катаванняў, а бацька нібыта не заяўляў у міліцыю пра напад на яго праз пагрозы ў адрас блізкіх яму людзей.
Канал публікуе пасведчанне аб смерці мужчыны і яго фота, дзе бачныя моцна апаленая рука і выбітае вока. Што адбылося з пажылым мужчынам — невядома. Аднак ніякіх доказаў ні яго затрымання, ні таго, што траўмы — гэта сляды катаванняў сілавікамі, — таксама не прыводзіцца. Толькі словы сына і яго версія.

У пасведчанні аб смерці стаіць код R99. Ён ставіцца ў сітуацыі, калі на момант ускрыцця прычына смерці не зразумелая або выклікае сумневы. І доктару, каб вызначыць яе дакладна, патрэбныя дадатковыя даследаванні.
Навіну пра смерць Лысака-старэйшага апублікаваў таксама папулярны тэлеграм канал Ateo Breaking — пад загалоўкам «Бацьку беларускага апазіцыянера да смерці закатавалі ў турме». Зноў жа — няма ніякіх сведчанняў, што мужчына быў за кратамі (яго сын пра гэта таксама не згадваў).
Хто такі Пётр Лысак-малодшы? Сам ён расказваў, што ў 2020-м быў членам ініцыятыўнай групы Валерыя Цапкалы, таксама ўдзельнічаў у працы штаба Святланы Ціханоўскай. Пазней ён стаў рашучым крытыкам Ціханоўскай.

У жніўні 2021 года ён перабраўся ва Украіну. Нейкі час жыў там у блогера-канспіролага Віталя «Віруса» Кандраценкі і часам вёў эфіры на яго канале. У ліпені 2022 года, па словах Лысака, атрымаў бежанства ва Украіне.
Калі КДБ прызнаў блог «Віруса» экстрэмісцкім фармаваннем, то пазначыў у якасці датычных да яго самога Кандраценку, а таксама Лысака-малодшага.
Каментары