Кіраўнік кадравай службы Трампа Серхіа Гор аказаўся ўраджэнцам Ташкента Сяргеем Гарахоўскім
Серхіа Гор, дырэктар Белага дома па кадравых пытаннях, нарадзіўся ў Ташкенце. Да нядаўняга часу пра яго паходжанне нічога дакладна не ведалі — сам ён пазбягаў адказаў і заяўляў толькі, што нарадзіўся не ў Расіі. І гэта ў прынцыпе праўда, бо Ташкент — сталіца Узбекістана. У публікацыях у СМІ, у тым ліку ў Washington Post і New York Post, яго называлі імігрантам з Мальты, піша «Медуза».

Аднак, згодна з расследаваннем выдання Times of Malta і Цэнтра па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP), у дакументах аб маёмасці на Мальце фігуруе поўнае імя чыноўніка — Серхіа Гарахоўскі. Дата нараджэння — 30 лістапада 1986 года, а месца нараджэння — Ташкент. Ягоны адвакат Роберт Гарсан пацвердзіў гэтую інфармацыю.
Згодна з матэрыяламі расследавання, у дзяцінстве Серхіа Гор жыў на Мальце як мінімум пяць гадоў, у тым ліку вучыўся ў каталіцкай школе ў горадзе Вітарыёза ў 1996—1999 гадах. Пазней ягоная сям’я пераехала ў ЗША, дзе Гор стаў грамадзянінам гэтай краіны і пачаў палітычную кар’еру.
Таксама стала вядома, што яшчэ да працы ў адміністрацыі Дональда Трампа, Гор двойчы наведваў Маскву. Першы раз — у 2017 годзе, калі прыляцеў з Вашынгтона, правёў у Маскве адзін дзень і на наступны дзень адправіўся ў Рым. Другі візіт адбыўся ў 2018 годзе, калі ён працаваў з сенатарам Рэндом Полам. Тады ён удзельнічаў у паездцы, якую фінансаваў Інстытут Катона — амерыканскі лібертарыянскі аналітычны цэнтр. Афіцыйна мэтай візіту было вывучэнне пытанняў узаемаадносін паміж ЗША і Расіяй. Адвакат Гора патлумачыў гэтыя візіты тым, што яго кліент — «прыхільнік падарожжаў», а візіт у 2017 годзе назваў звычайным «стыковачным рэйсам».
Сёння Серхіа Гор з’яўляецца адной з найбольш уплывовых асобаў у адміністрацыі Трампа. Ён супрацоўнічае з Дональдам Трампам-малодшым, разам яны заснавалі выдавецтва Winning Team Publishing, якое выпускае кнігі Трампа-старэйшага і яго саюзнікаў.
У 2020 годзе Гор адказваў за фінансаванне выбарчай кампаніі, а ў 2024 годзе стварыў палітычны камітэт, які выдаткаваў амаль 72 мільёны даляраў. Пасля вяртання Трампа ў Белы дом Гор увёў жорсткую праверку дзяржаўных служачых на лаяльнасць да прэзідэнта.
«Кідае ў нас кучы гаўна». Трамп заявіў пра сваю незадаволенасць Пуціным
Трамп накіраваў лідарам Японіі, Казахстана і яшчэ 10 краін лісты аб увядзенні з 1 жніўня новых імпартных пошлін
Трамп прыгразіў санкцыямі краінам, якія падтрымліваюць БРІКС
Трамп пра ідэю Маска стварыць трэцюю партыю ў ЗША: Цалкам «зляцеў з катушак»
Каментары