У брытанскім аэрапорце Саўтэнд каля Лондана разбіўся пасажырскі самалёт, паведамляе Бі-бі-сі. Дэталі авіякатастрофы і колькасць загінулых або пацярпелых пакуль не апублікавалі.

Паліцыя графства Эсэкс паведаміла, што незадоўга да 16:00 па брытанскім летнім часе атрымала паведамленне аб узгаранні 12-метровага самалёта ў Саўтэнд-ён-Сі. Як мяркуецца, гэта быў самалёт Beech B200 Super King Air, які ляцеў у Нідэрланды. Ён упаў адразу пасля ўзлёту.
Паліцыя ў якасці меры засцярогі эвакуявала гольф-клуб Rochford Hundred і рэгбійны клуб Westcliff з-за іх блізкасці да месца інцыдэнту.
«Мы цяпер працуем з усімі экстраннымі службамі на месцы здарэння, і гэтая праца працягнецца некалькі гадзін. Заклікаем грамадскасць пазбягаць гэтага ўчастка, калі гэта магчыма, пакуль працягваюцца гэтыя работы», — сказаў прадстаўнік паліцыі Эсэкса.
Служба хуткай дапамогі Усходняй Англіі паведаміла, што на месцы здарэння знаходзіліся чатыры брыгады.
Саўтэнд — невялікі рэгіянальны аэрапорт на паўднёвы ўсход ад Лондана. Асноўная колькасць самалётаў, якія тут абслугоўваюцца — чартары і бізнэс-авіяцыя.
Каментары