У Смаргонскім раёне прыбралі надпіс з мемарыяла, пазбавіўшы яго сэнсу
На тэрыторыі касцёла ў вёсцы Войстам Смаргонскага раёна зменены подпіс да помніка, заўважылі вернікі, піша katolik.life.

Гэты мемарыял з'яўляецца адной з цікавостак раёна і быў усталяваны ў памяць аб ахвярах фашызму і камунізму і прысвечаны датам 1 і 17 верасня 1939 года — напад Германіі на Польшчу, з чаго пачалася Другая Сусветная вайна, і ўварванне СССР у Польшчу.
Мемарыяльны крыж пазіцыянаваўся таксама як помнік землякам, якія загінулі ў вайне і ў ссылцы ў Сібіры і Казахстане.
Подпіс да помніка быў на польскай мове — «ofiarom faszyzmu i komunizmu». На новай таблічцы — цытата з Евангелля па-беларуску, якая цалкам змяняе ўкладзены ў помнік сэнс.

Словы Езуса Хрыста «Хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе следам за Мною, той не варты Мяне» ў спалучэнні з гэтым помнікам выглядаюць недарэчнымі, не суадносяцца з формай і ідэяй манумента.
Акрамя таго, з помніка знікла фігура Багародзіцы, якая трымае на руках Цела Хрыста.
Калі і па чыёй ініцыятыве змянілі подпіс — дакладна не вядома. Касцёл у Войстаме ўваходзіць у афіцыйны маршрут рэлігійнага турызму, таму, магчыма, парафія атрымала ўказанне ад уладаў прыбраць ідэалагічна няправільную таблічку.
Цяпер чытаюць
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары