Грамадства55

Былы вядучы БТ, які звольніўся ў 2020-м і выехаў у Славакію, расказаў, як жыве цяпер

Сяргей Казловіч адпрацаваў амаль 10 гадоў на ТБ. У 2020-м ён быў вядучым ранішніх эфіраў на БТ. Але адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў звольніўся з тэлеканала. У інтэрв’ю праекту «1906» мужчына згадаў сваю працу на тэлебачанні, расказаў, як яго штораз правяралі на мяжы, як пачаў размаўляць па-беларуску і чым займаецца цяпер.

Сяргей Казловіч. Фота тут і далей: sergey_kazlovich / Instagram

«Тая ноч, мне здаецца, вельмі моцна на ўсіх паўплывала»

На тэлебачанне Сяргей трапіў яшчэ студэнтам у 2011 годзе. Ён вучыўся ў БДУІР на тэхнічнай спецыяльнасці, і пасля першага курса хлопцу прапанавалі летам працу на АНТ — займацца мантажом, пакуль асноўныя супрацоўнікі ў адпачынку.

Праз некалькі гадоў Сяргея запрасілі весці ранішнія эфіры на БТ, адкуль ён звольніўся 23 жніўня 2020-га.

«10 жніўня ў мяне быў першы эфір пасля ночы пратэстаў, — успамінае Сяргей. — Літаральна за дзесяць хвілін да пачатку паўдзённага выпуску прыйшла папера з МУС — першае вялікае тлумачэнне таго, што адбывалася напярэдадні, што былі пратэсты і што іх задушылі.

Я паспеў толькі дадаць у тэкст, што інфармацыя — ад уладаў. Калі я чытаў гэта ў эфіры, голас дрыжаў. Не ад таго, што быў моцна ўзрушаны, а таму, што было вельмі цяжка. Я не змог стрымаць эмоцый. Голас дрыжаў, але ўсё ж дачытаў і дапрацаваў да канца. Пасля гэтага я прыняў рашэнне сыходзіць».

Сяргей прапанаваў кіраўніцтву: або яны яго звальняюць, або ён на нейкі час сыходзіць з эфіраў. На яго рашэнне адрэагавалі спакойна — на той момант начальства, напэўна, не разумела, як да гэтага ставіцца. Яны толькі пацікавіліся, чаму Сяргей не хоча чытаць далей навіны. Ён адказаў, што не згодны з тым, як апісваюцца падзеі.

«Думаю, у іх, як і пасля папярэдніх выбарчых кампаній, ужо была адпрацаваная схема: як паводзіць сябе, як працягваць працу. Верагодна, спадзяваліся, што ўсё пройдзе як звычайна. Але тая ноч, мне здаецца, вельмі моцна на ўсіх паўплывала. Яны не спрабавалі мяне пераконваць, не вялі размоваў, проста спыталі: «Што не так? Чаму?» — і ўсё. Суха, коратка, па справе. Звальненне было найлепшым варыянтам. Горш было б, калі б мяне проста пакінулі па-за кадрам», — кажа ён.

Мужчына прызнаецца: не чакаў, што некаторыя яго былыя калегі выйдуць на пратэсты і забастоўкі. Іншыя яго непрыемна здзівілі, калі засталіся працаваць на БТ.

«Нават пасля таго, як на ўласныя вочы бачылі, што адбываецца на вуліцах. Можа, гэта была добрая праца кіраўніцтва, а можа — нешта іншае. Але, думаю, акрамя агульных сустрэч, з імі яшчэ працавалі персанальна — кожнаму нешта прапаноўвалі. 

Часам людзі ў такой сістэме жывуць, бо яны «заточаныя» пад яе. Магчыма, ім і не патрэбна свабода думак ці творчасці, якую адкрывае палітычная свабода. Мы ж імкнёмся іх змяніць, але гэта вельмі складана. Я сам цяпер адышоў ад спробы ўплываць на грамадства і больш клапачуся пра сябе, а не пра агульныя справы. Гэта не значыць, што агульнае не важнае — проста цяпер яно не на першым плане», — расказвае ён.

«У 2015-м, прызнаюся, быў унутры інфармацыйнай сістэмы, дзе апазіцыя падавалася як нешта нязначнае»

Пасля звальнення Сяргей стаў актыўна весці свой YouTube-канал «Не па тэліку», які завёў яшчэ да выбараў 2020 года.

«Гэта была, можна сказаць, мая псіхалагічная апора — рабіў відэа пра беларускіх зорак, пра рынак арэнднага жылля, — расказвае ён. — Потым яшчэ нешта больш вострае, але ў мяне ўсё роўна была свая мяккая цэнзура: разумеў, дзе можна «паказытаць», а дзе лепш не. Страціў тое, што любіў, але працягваў рабіць нешта падобнае — хоць і ў іншым фармаце.

Я вельмі любіў працу ў жывым эфіры. На АНТ гэтага было менш, а вось на БТ — у ранішніх навінах — эфіраў было шмат, і менавіта гэта мне падабалася найбольш. Таму цяпер я сумую і па працы, і па некаторых калегах. Хоць большасць з іх ужо таксама не працуе там.

Працягваў весці канал яшчэ недзе год пасля пратэстаў — пакуль не арыштавалі Аляксандра Івуліна, а Мікіта Мелказёраў не выехаў з Беларусі».

Пацікавіліся ў Сяргея, ці не было ў яго жадання звольніцца з ТБ яшчэ да 2020 года, напрыклад, пасля выбараў 2015-га?

«У той год пратэсты былі не такімі, як у 2010-м. Але і плошча 2010-га прайшла міма мяне — я быў першакурснікам, нас загадзя адправілі дадому, каб мы прагаласавалі датэрмінова і не знаходзіліся ў горадзе. У 2015-м я ўжо працаваў. І прызнаюся: быў унутры інфармацыйнай сістэмы, дзе апазіцыя падавалася як нешта нязначнае. Я верыў у вынікі выбараў таго года — былі абставіны, калі, магчыма, і без моцнай фальсіфікацыі можна было забяспечыць патрэбны вынік», — разважае ён.

У Сяргея не было мэты трапіць у «прэзідэнцкі пул журналістаў» — ён не меў такіх амбіцый. Свядома трымаўся падалей ад палітыкі. Толькі пазней прыйшло разуменне, што «палітыка — гэта і ёсць жыццё, ад якога немагчыма быць убаку».

«Ці шкадую я пра нешта? Не. Гэта быў досвед, які зрабіў мяне такім, які я ёсць. Я бачу гэта як школу — школу тэлебачання. А што да прапаганды — так, былі сюжэты з прэзідэнтам, напрыклад, звязаныя з дзіцячым Еўрабачаннем у 2018-м. Але мае сюжэты былі больш пра культуру ці прыроду (як жартуюць — пра кацянят ды шчанюкоў), а эфіры — пераважна ранішнія, інфармацыйныя — не прайм-тайм, не аналітычныя. Там было менш адкрытай прапаганды.

Не адмаўляю, што і ў маіх матэрыялах маглі быць такія элементы. Але я лічу, што не дайшоў да таго ўзроўню цынізму і адказнасці, за які мне было б сорамна. І галоўнае — я стараюся жыць па прынцыпе: усё, што адбываецца, — да досведу. Важна зрабіць правільныя высновы і рухацца далей, а не сядзець і шкадаваць».

«Кожны мой выезд за мяжу сканчваўся тым, што мяне адпрацоўвалі»

20 верасня 2020 года падчас Марша салідарнасці Сяргея затрымалі. Тады ён атрымаў штраф у памеры 20 базавых велічынь.

«Гэтыя тры гады ў Беларусі былі цяжкія — з хвалямі трывогі. То ўсё спакойна, то аблавы. Асабліва моцна дадавалі стрэсу памежнікі. Дакладней — спецслужбы, што працуюць на мяжы. Кожны мой выезд за мяжу сканчваўся тым, што мяне адпрацоўвалі — поўны надгляд рэчаў, размовы. Мяркую, мой пашпарт ужо быў «у сістэме» — праз тое першае затрыманне і штраф. Аднойчы цэлы аўтобус чакаў мяне з такой праверкі паўтары гадзіны».

Апошнія тры гады перад ад’ездам Сяргей зарабляў вытворчасцю відэа на фрылансе, а таксама ў маркетынгавым аддзеле адной з кампаній адказваў за відэакантэнт. У маі 2024 года ён пераехаў з Беларусі ў Славакію, у Браціславу. Не хацеў чакаць, калі хваля арыштаў дойдзе да яго.

«На той момант у Славакіі была хуткая працэдура легалізацыі. Цяпер законы змяніліся, і, напрыклад, атрымаць ДНЖ як прадпрымальніку складаней — з’явіліся квоты», — расказвае ён.

Пакуль Сяргей жыў у Мінску, ён заўважыў, як беларусы навучыліся пільна сачыць за словамі і хаваць свае думкі.

«Было сумна назіраць, як многія не маглі адарвацца ад сістэмы, якая вельмі жорстка трымае ўсіх. Можна многа казаць пра смеласць і праўду, але кожны мае свае жыццёвыя ўмовы, і часам адной рашучасці недастаткова. Паступова гайкі закручваліся, і гэта было бачна ўсюды — ад абмежаванняў для артыстаў да забароны на гастролі і каверы. Гэта сумна, бо гаворка ідзе пра таленты і жыццё людзей. Я сачыў найперш за культурнай супольнасцю і бачыў, як цяжка ім было.

Калі я пераехаў, выдыхнуў. Але засталася ўнутраная недаверлівасць і страх, напрыклад, пісаць нешта ў тым жа інстаграме — гэты хвост мінулага, які ператвараецца ў неразборлівую, мяккую нязручнасць».

«Заўсёды здзіўляўся, чаму на першым нацыянальным канале навіны не могуць быць цалкам на беларускай»

Пасля 2020 года Сяргей вырашыў весці свой інстаграм на беларускай мове. 

«Пераехаўшы ў Славакію, я стаў размаўляць па-беларуску значна больш, чым у Беларусі, — заўважае ён. — Тут ёсць беларусы, з якімі мы размаўляем на роднай мове. Акрамя таго, славацкая мова вельмі падобная да беларускай, таму я часта дапамагаю сабе беларускай, калі не ведаю, як нешта сказаць па-славацку.

Калі працаваў на тэлебачанні, у мяне быў цёплы досвед: я вёў некалькі эфіраў на беларускай мове ў рэгіянальных навінах на БТ, калі падмяняў калегу. Але заўсёды здзіўляўся, чаму на першым нацыянальным канале навіны не могуць быць цалкам на беларускай. Таму гэтыя 15 хвілін рэгіянальных навін на роднай мове мне вельмі запомніліся».

Самая любімая кніга Сяргея па-беларуску — «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча.

«Я яе ўжо да дзірак зачытаў, нават думаў пра экранізацыю ў маштабах Marvel. Жарт, канечне, але мала ў нас свайго — гэта факт. Памятаю, што калі служыў у рэзерве ў арміі ў Брэсцкай вобласці, спрабаваў знайсці творы на беларускай мове ў мясцовай бібліятэцы — але там амаль нічога не было. Уся беларуская класіка была перакладзеная на рускую. Гэта было крыху сорамна і сумна», — кажа ён.

У Браціславе Сяргей адкрыў індывідуальнае прадпрыемства — вырабляе відэа і графіку на замову.

Думкі пра працу ў незалежных беларускіх медыя таксама былі, але пакуль не склалася.

«Вяртацца да свайго праекта таксама пакуль складана. Таму цяпер думаю найперш пра тое, як уладкавацца на новым месцы. Бо працаваць трэба, лічы, нанова», — падсумоўвае ён.

Каментары5

  • Пухнаты гаманец
    20.07.2025
    Хто здолеў прачытаць, можаце ў двух словах: данаціць трэба?
  • Пан Гулува
    20.07.2025
    свалата прыардынская
  • Імя
    20.07.2025
    Пан Гулува , быў некалі, але ж ачуняў, хіба не так?

Цяпер чытаюць

«Неяк да яе падсадзілі рэальную вар'ятку». Былая палітзняволеная расказала пра Марыю Калеснікаву

«Неяк да яе падсадзілі рэальную вар'ятку». Былая палітзняволеная расказала пра Марыю Калеснікаву

Усе навіны →
Усе навіны

У Літве стабальнікаў прэміруюць немалымі грашыма. А іх настаўнікаў — яшчэ большымі. Але сёлета сістэма ледзь не зламалася2

Старшыня «Белдзяржхарчпрама» пракаментаваў падаражанне кандытарскіх вырабаў9

«Напоўніцу насыціў сваю сентыментальнасць». Гурневіч пра фільм з Джыліян Андэрсан, зняты па скандальнай гісторыі

Слуп, падобны да смерчу, бачылі пад Мазыром

Беларуска праз два гады дабілася кампенсацыі ад Wizz Air за затрымку рэйса

Аліеў параіў Украіне не згаджацца на акупацыю. Z-каналы заклікаюць рыхтавацца да вайны з Азербайджанам24

У пасажырскага Boeing 767 падчас палёту ў ЗША загарэўся рухавік1

Як на Добрушскім заводзе распісваюць фарфор5

Распрацоўшчыка камп’ютарных гульняў асудзілі на два гады калоніі за каментары3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Неяк да яе падсадзілі рэальную вар'ятку». Былая палітзняволеная расказала пра Марыю Калеснікаву

«Неяк да яе падсадзілі рэальную вар'ятку». Былая палітзняволеная расказала пра Марыю Калеснікаву

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць