Грамадства2222

Навошта мужчыны шлюць жанчынам дыкпікі?

Скандал з дыкпікамі Андрэя Стрыжака выклікаў шмат пытанняў. Хіба не галоўнае з іх — а навошта мужчыны ўвогуле рассылаюць выявы сваіх геніталій, ды яшчэ і без згоды атрымальніцы? Пагутарылі пра гэта з псіхатэрапеўтам Іаанам Дзмітрыевым.

Іаан заўважае, што ў кожнага мужчыны, які робіць такое, могуць быць розныя матывы. Перш за ўсё, ён згадвае, што нават у прыматаў ёсць звычка дэманстраваць свае палавыя органы, каб падняць свой статус і прадэманстраваць дамінаванне.

Існуе і адпаведны разлад — эксгібіцыянізм. Ён праяўляецца тым, што чалавек дэманструе свае палавыя органы і адчувае ад гэтага сэксуальнае ўзбуджэнне, пры тым што можа і не мець мэты ўступіць у сэксуальны кантакт.

Ёсць і яшчэ адзін погляд:

«Я гэта разглядаю як нейкую гісторыю з дзяцінства. Напрыклад, дзіцяці патрэбнае прызнанне яго мужнасці, але часам гэта не адбываецца, хлопчыка наадварот саромяць і ён праходзіць праз шмат непрыемных перажыванняў».

Іаан Дзмітрыеў. Фота: архіў суразмоўцы

Іаан працуе ў метадзе гештальт-тэрапіі — згодна з ёй, людзі пастаянна спрабуюць задаволіць свае патрэбы праз узаемадзеянне з усім астатнім светам. З гэтага ракурсу псіхатэрапеўт разглядае і пытанне дыкпікаў:

«Часта мы спрабуем задаволіць патрэбы свядома, але, можа, яшчэ часцей мы робім гэта несвядома. І калі мужчына адпраўляе свае фоты жанчыне без згоды, гэта можа быць спробай атрымаць нейкае прызнанне, бачнасць або эмацыйны кантакт.

У эксгібіцыянізме для таго, хто дэманструе свае палавыя органы, часта важна, якая будзе на гэта эмацыйная рэакцыя. Таму што калі я ўзаемадзейнічаю з іншым і бачу, што ён на мяне неяк эмацыйна рэагуе, у нейкім сэнсе я тады існую для яго. Магчыма, самае цяжкае, што тут можа быць для чалавека — гэта адсутнасць рэакцыі».

Іаан кажа, што калі б мужчыны, якія рассылаюць дыкпікі, трапілі на псіхатэрапію, варта было б ісці ў асэнсаванне пачуццяў, якія стаяць за такой звычкай. Напрыклад, гаворка можа ісці пра адзіноту, бездапаможнасць або нейкі сорам. Хутчэй за ўсё, будзе і нейкая дзіцячая гісторыя, звязаная з адносінамі з бацькамі. 

Акрамя гэтага, псіхатэрапеўт раіць аматарам такой звычкі пашукаць больш здаровыя спосабы ўступаць у кантакт з іншымі і быць заўважанымі, асэнсоўваць свае патрэбы і пачуцці, шукаць іншыя спосабы іх задавальняць.

Андрэй Стрыжак пракаментаваў скандал у фэйсбуку. Той пост сабраў больш за 400 каментароў — ёсць і гнеўныя, а ёсць і тыя, дзе каментатары, здаецца, не разумеюць, у чым жа правіна Стрыжака.

Іаан заўважае, што кожны чалавек піша свае каментары, сыходзячы з уласнай карціны свету, з уласнай гісторыі:

«Напрыклад, большасць жанчын сутыкаліся з сэксуалізаваным гвалтам, а рассылку дыкпікаў можна разглядаць як форму такога гвалту. І таму калі яны бачаць у навінах, што нехта зрабіў нешта такое, тады гэты чалавек можа стаць такім аб’ектам, на якім яны могуць выразіць сваю злосць, хаця тая злосць была адрэсаваная камусьці іншаму».

Былі і выказванні, што апублічванне кейса Стрыжака падрывае давер да «Байсола» — на думку некаторых каментатараў, у такім выпадку рассылка дыкпікаў не з’яўляецца вялікай правінай:

«У мяне ёсць ідэальны вобраз чагосьці, і тут з’яўляецца нешта, што ў яго не ўпісваецца. Тады мне трэба перабудоўваць сваю карціну свету — маўляў, свет не чорна-белы, і можа быць арганізацыя, якая робіць шмат добрых рэчаў, а тут з’яўляецца нейкі негатыўны факт.

Тады трэба ці разглядаць белае як чорнае, ці, што больш складана для псіхікі, вытрымліваць тое, што свет на самой справе розны і людзі бываюць розныя. Тыя, каго мы лічым вельмі дрэннымі, на самой справе могуць рабіць і добрыя рэчы».

Іаан тлумачыць, што для псіхікі прасцей дакладна вызначыць, што добрае і што дрэннае. Калі нешта паспрабуе разбурыць гэтую карціну свету, чалавек будзе супраціўляцца — казаць, што ён не верыць, нават калі шмат фактаў будуць пацвярджаць тое, што яму не падабаецца. Бо калі ён паверыць, яму будзе патрэбна перабудаваць свой погляд на свет.

Таксама, кажа псіхатэрапеўт, чалавеку можа быць складана прызнаць, што ён падтрымлівае кагосьці неідэальнага. Тады і сам чалавек нібыта перастае быць ідэальным, а псіхіцы такое перажываць няпроста. Вось і спрацоўвае механізм абароны ад балючых перажыванняў, калі чалавек кажа «Я не веру» ці «А што тут такога».

Суразмоўца раіць тым, каму хочацца рассылаць дыкпікі, звярнуцца да псіхолага ці псіхатэрапеўта. Спрэчная звычка, пра якую ідзе гаворка, можа ўказваць на нейкую глыбінную патрэбу, якую можна задаволіць і іншым чынам. Проста трэба прагаварыць са спецыялістам, што адбываецца з вамі, калі вы хочаце даслаць такое фота, і ці атрымліваеце вы насамрэч рэакцыю, на якую разлічваеце.

Калі ж вы самі пацярпелі ад няпрошанага дыкпіка, Іаан рэкамендуе сачыць за сваёй рэакцыяй:

«Чалавек, які шле такое фота, можа чапляцца на эмацыйную рэакцыю. Гэта як дзіця, якое не атрымлівала такой рэакцыі ад бацькоў, таму што паводзіла сябе добра і яго не заўважалі. Калі такое дзіця робіць нешта дрэннае, разбівае акно ў школе, яно атрымлівае эмацыйную рэакцыю і тады адчувае сябе заўважаным, жывым. Шмат для каго атрымаць негатыўную рэакцыю лепш, чым не атрымаць рэакцыю ўвогуле.

З іншага боку, важна пазначыць межы і наступствы для чалавека. Маўляў, калі ты працягнеш так рабіць, я апублічу гэта ці звярнуся ў паліцыю. Такая канфрантацыя можа выклікаць шмат страху, асабліва ў жанчын, але важна пра гэта казаць і звяртацца па дапамогу да блізкіх людзей і, калі гэта магчыма, у паліцыю».

Апытанка

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары22

  • Сэнс
    22.07.2025
    Праблема не у дык піку самому па сабе, а хто, каму і з якімі мэтамі яго шле, бэкграўнд, як было модна казаць, кантэкст. Не ў адрыве ад рэчаіснасці. Таму што тут на першую ролю выходзіць злоўжыванне становішчам. Выкарыстанне службовага становішча ў асабістых мэтах.
  • Сігнал
    22.07.2025
    Пара ў безтэрміновы адпачынак сыходзіць
  • Барадзед
    22.07.2025
    13 Адценняў Мельнікавай, да никто этим не занимается. Единственный, кто делает и отправляет дикпики - это Гайдукевич.

Цяпер чытаюць

Беларуска расказала, як ехала на цягніку з Адлера ў Мінск, які вымушаны быў спыніцца праз атаку дронаў5

Беларуска расказала, як ехала на цягніку з Адлера ў Мінск, які вымушаны быў спыніцца праз атаку дронаў

Усе навіны →
Усе навіны

Прэм'еру і спікеру Сейма Літвы прыпомнілі, што яны 17 гадоў таму ездзілі ў Беларусь6

Падчас урагану ў Магілёве вецер знёс сабачую будку разам з сабакам1

Памёр спявак Озі Осбарн14

Памёр Эдвард Зайкоўскі8

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі11

«Сам бы пайшоў ваяваць, калі б галава не кружылася». Эдуард Малафееў расказаў пра свае крыўды, Лукашэнку і вайну16

Чаму Лукашэнка не Аліеў13

Пад Гроднам знайшлі лісічку, якая прарасла праз чэрап

Цэны на квіткі ў Вільню ўражваюць. Чаму дабрацца да Літвы нашмат даражэй, чым да Варшавы і Масквы3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска расказала, як ехала на цягніку з Адлера ў Мінск, які вымушаны быў спыніцца праз атаку дронаў5

Беларуска расказала, як ехала на цягніку з Адлера ў Мінск, які вымушаны быў спыніцца праз атаку дронаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць