Джо Байдэн пасля заканчэння прэзідэнцтва перажывае фінансавыя праблемы
Выданне The Wall Street Journal піша, што пасля завяршэння прэзідэнцкай кадэнцыі былы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн сутыкаецца з праблемамі ў тым, каб «капіталізаваць» свой статус, як гэта рабілі яго папярэднікі.

82‑гадовы Байдэн разлічваў на традыцыйна прыбытковы перыяд пасля свайго сыходу з Белога дома — з дарагімі кантрактамі на кнігі, платнымі выступленнямі, прыватнымі фондамі і нават магчымай прэзідэнцкай бібліятэкай. Але рэальнасць аказалася больш сціплай.
Прычыны — сталы ўзрост палітыка, ягоная непапулярнасць унутры дэмакратычнага лагеру і асцярожнасць пры кантактах з ім бізнэс-кампаній, якія баяцца гневу Дональда Трампа. У выніку Байдэн не атрымлівае шмат прапаноў на публічныя выступленні, ганарары за якія афіцыйна складаюць ад $300 да $500 тысяч.
Пасля сыходу з пасады Байдэн прызнаў, што мае каля $800 тысяч асабістых даўгоў, у тым ліку па іпатэцы за дом коштам $2,7 мільёна.
Дадаткова сітуацыю ўскладнілі рост падаткаў на нерухомасць і вялікія рахункі за юрыдычныя паслугі, звязаныя з праблемамі сына Хантэра. Ён таксама дапамагае дачцэ Эшлі, якая нядаўна падала на развод, і стараецца фінансава падтрымліваць унукаў.
Фінансавае становішча сям’і часткова стабілізуюць дзяржаўныя пенсіі: Байдэн атрымлівае каля $416 тысяч у год (у тым ліку $250 тысяч як былы прэзідэнт і $166 тысяч за гады працы ў Кангрэсе і на пасадзе віцэ-прэзідэнта). Жонка Джыл Байдэн пакінула працу ў каледжы, дзе атрымлівала $100 тысяч у год, і цяпер займаецца грамадскай дзейнасцю без аплаты.
У ліпені Байдэн атрымаў аванс каля $10 мільёнаў за кнігу мемуараў — гэта істотная дапамога, але сума значна меншая за аналагічны кантракт Барака Абамы ($60 мільёнаў). Джыл Байдэн таксама працуе над сваёй кнігай, але пакуль не мае падпісанай дамовы з выдаўцом.
Акрамя фінансавых, сям’я перажывае асабістыя цяжкасці. У Байдэна дыягнаставаны рак прастаты, ён нядаўна прайшоў і праз аперацыю па выдаленні раку скуры. Хантэр Байдэн, акрамя даўгоў перад былой жонкай (звыш $3 мільёнаў), страціў асноўныя прыбыткі ад мастацтва і кніг. Яго інтэрв’ю ў падкастах нават прывялі да канфлікту з Меланіяй Трамп, жонкай цяперашняга амерыканскага лідара.
Крытыкі адзначаюць, што сям’я Байдэнаў мае схільнасць да занадта дарагога ладу жыцця, асабліва калі хтосьці іншы аплачвае рахункі. У той жа час блізкія да іх людзі кажуць: калі жыць больш сціпла, Байдэны здолеюць утрымаць фінансавую стабільнасць.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары