Спорт1313

«Сам бы пайшоў ваяваць, калі б галава не кружылася». Эдуард Малафееў расказаў пра свае крыўды, Лукашэнку і вайну

83-гадовы легендарны трэнер Эдуард Малафееў цяпер нячаста выходзіць на публіку, але калі з'яўляецца — па-ранейшаму выглядае энергічным. Нядаўна ён хацеў сустрэцца з Лукашэнкам на адкрыцці Нацыянальнага стадыёна ў Мінску, але хтосьці выкрасліў мэтра са спісу запрошаных. Журналіст «Трыбуны» вырашыў разабрацца ў гэтай сітуацыі і паразмаўляў з Малафеевым, прадставіўшыся дзеля ягонай бяспекі дзяржаўным чыноўнікам.

Эдуард Малафееў

— Эдуард Васільевіч, чаму вас не аказалася сярод запрошаных на адкрыццё Нацыянальнага стадыёна ў Мінску?

— У мяне была мэта і задача. Некалькі гадоў таму, адкрываючы стадыён «Дынама-Юні», наш прэзідэнт у сваім уступным слове сказаў, што нам патрэбны якасны футбол. Тры разы гэта паўтарыў. Мы, ветэраны, сядзелі там на краёчку, потым ён падышоў да нас, да мяне ў першую чаргу, і спытаў: «Эдуард Васільевіч, ты ж абяцаў, што ў нас будзе моцны, добры футбол». Я ўзяў на сябе ўсё і стаў гаварыць пры ўсім народзе.

Разумееце, мяне ні разу нікуды не запрашалі наконт футбола. Я не магу яму на месцы ўсё растлумачыць адразу. І тады я сказаў: «Аляксандр Рыгоравіч, вы мяне паклічце — і я ўсё растлумачу. Калі хтосьці нешта не разумее, то вы кажыце, каб ён ішоў да Малафеева, і я ўсё растлумачу!»

Чакаў-чакаў, а ніякай рэакцыі не было. Зараз адкрывалі стадыён, які падарылі кітайцы. І я думаў: «Нарэшце сустрэнуся з Аляксандрам Рыгоравічам». Думаў, там яму растлумачу, чаму футбол страціў пазіцыі. А мяне выкраслілі са спісу запрошаных!

— Хто вас выкрасліў?

— Не ведаю, гэта трэба высветліць. Я б вельмі-вельмі хацеў паглядзець на таго, хто мяне выкрасліў, і спытаць яго: «Сябру мой, ты навошта тут у грамадстве ворагаў? І навошта адрынуў ты маю любоў?» Ты ж мяне любіў, калі я Радзіму абараняў. І цяпер ва ўсіх сваіх выступах я кажу: «Жила бы страна родная, и нету иных забот». Я выхаваны так, разумееце?

— Эдуард Васільевіч, а што менавіта вы б хацелі сказаць Лукашэнку?

— Я б хацеў сказаць, што мяне нікуды не пускаюць. Я хадзіў і да міністра спорту, і ў федэрацыю футбола. Усюды хадзіў і тлумачыў, што трэба рабіць для таго, каб футбол развіваўся. Мне кажуць: «Дашліце прапановы». Чаму я павінен даваць прапановы, калі вы нічога не робіце? Трэба, каб кожны трэнер меў слова, гаварыць пра футбол, [трэба] сустракацца. Я ўсё расказаў, але я не патрэбны. Мяне не запрасілі ў спорткамітэт, нікуды не дапускаюць!

— З чым вы гэта звязваеце?

— Таму што яны непісьменныя людзі і не ведаюць, што рабіць! А я выступаю заўсёды адкрыта, часам крытычна да кіраўніцтва. Магчыма, гэтыя рэчы іх крыўдзяць.

— Якія вашы прапановы па паляпшэнні футбола?

— Гэта трэба асабіста пагаварыць, вы пад'едзеце да мяне, я за горадам жыву. Я ўсё ўжо патлумачыў, у мяне ўсё запісана. Вы ўсё вечна рыхтуеце-рыхтуеце, а мне трэба самому данесці асабіста. Рыхтавалі-рыхтавалі, а зрабілі мне перадінсультны стан. А хто за гэта адказны?

Разбярыцеся, калі ласка, хто мяне выкрасліў. Хацеў бы пагаварыць з гэтым маладым чалавекам, а можа, дасведчаным. Што табе Эдуард Васільевіч дрэннага зрабіў у жыцці, мой харошы? Я ж як гулец узяў срэбра на чэмпіянаце Еўропы 1964 года ў Мадрыдзе, у 1966-м — малы бронзавы медаль на чэмпіянаце свету ў Англіі, на Еўра-1968 у Рыме — зноў малы бронзавы медаль.

— У вас хоць бы ёсць меркаванне, хто гэта зрабіў?

— Нікога не хачу крыўдзіць. Лічу гэта па-здрадніцку ў адносінах да мяне. Гэта сур'ёзная рэч. Я — рускі чалавек і ўсё жыццё ў Беларусі. 63 гады ў Беларусі! Як жа так?! Усё жыццё аддаў беларускаму футболу, сыходзіў толькі калі тут не патрэбны быў, не запатрабаваны. І цяпер вось «Бацька» сказаў, каб быў дынамаўскі футбол — і, калі ласка, ужо два гады чэмпіёны. Вадзім Скрыпчанка да мяне вельмі добра ставіцца, але цяпер зноў хтосьці шкодзіць пачаў.

— Вы дапамагаеце Скрыпчанку?

— Вядома! І цяпер дапамагаю. Бачу, цяпер каманда стала здаваць. Разумею, што хтосьці ўздзейнічае на хлопцаў. Сталі гуляць горш, вось прайгралі [у першым матчы кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў] «Лудагорцу» 0:1, я выказаў сваё меркаванне, як трэба гуляць, па трэніроўках, як падвесці гульцоў да матчаў. Усё гэта робім. Я ж у Беларусі стварыў першую прафесійную каманду.

— Як цяпер ацэньваеце зборную Беларусі?

— Дык я ўжо шмат разоў размаўляў і са старшынёй федэрацыі футбола, і з усімі іншымі, хто мяне пытаўся. Цяпер цяжкі час, навошта браць капіталістаў, б***ь? Грошы лішнія ці што з'явіліся? Цяпер нам у першую чаргу трэба ўзяць пад кантроль Інстытут фізкультуры, кафедру футбола. А то людзі, якія хочуць стаць трэнерамі, правесці занятак не могуць. Іх веды зусім такія… усё трэба браць пад кантроль! Нам патрэбныя маладыя, прыстойныя людзі, ініцыятыўныя, якія могуць працаваць. Давайце ім ініцыятыву! Што гаварыць, рабіць трэба…

— Вам хтосьці з беларускіх трэнераў падабаецца? Ёсць каго паставіць у зборную?

— Гэта трэба збірацца. Маё меркаванне ні разу ніхто не спытаў, колькі я жыву! Вы першы спыталі. Крыўдна вось мне ці не, скажыце калі ласка?

— Напэўна, крыўдна.

— Ды не толькі крыўдна, нават сорамна! А яны самі нічога не ведаюць. Калі нічога не разумеюць у футболе, то спытаеце Малафеева! Чаму так не робяць? У мяне ж столькі вучняў, добрых хлопцаў. Яны на чэмпіянат свету выводзілі нават афрыканскія каманды. Да мяне ж столькі людзей ездзіла на стажыроўку! Цяжка змагацца з усім гэтым. Я ўжо стары, японскі гарадавы! Я адзінае хачу, каб Аляксандр Рыгоравіч адпраўляў усіх, хто прыходзіць да яго з футболам, да Малафеева. Спытайце ў мяне, і тады я буду адказваць за ўсю гэтую справу.

— Як ставіцеся да аб'яднання футбольных чэмпіянатаў Беларусі і Расіі?

— Я заўсёды за аб'яднанне. Было б нядрэнна. Але ў нас камандаў пяць-шэсць толькі можа там гуляць. А можа, і менш. Можна зрабіць, як у хакеі. Але ў хакеі мала аднаго «Дынама». Трэба думаць пра гэта. Кіраўнікі ўсюды павінны прапаведаваць дзяржаўную справу. А ў нас яны часта за ўсё баяцца.

— Але не Лукашэнка?

— Ды не чапайце вы Аляксандра Рыгоравіча! Ён адыграў у маім жыцці самую станоўчую ролю. Калі мне было цяжка ў канцы 1990-х, ён запрасіў мяне ў Беларусь. Я, па сутнасці, выканаў тады ўсё, калі б не здрада «кіеўскага кірунку». Як яны хлопцаў тады захапілі! Мы б тады былі на чэмпіянаце свету!

— Вы пра сітуацыю з Хацкевічам і Бялькевічам у 2001 годзе падчас матчу Беларусь — Украіна?

— Усе ведаюць пра гэта! Так! Нічога я ім тады не казаў. Не злоўлены — не злодзей. Я ж не следчы. Я як праўдзівы хрысціянін дараваў ім гэта. Там зусім іншыя абставіны. Там дзеці былі на кон пастаўленыя. Калі б вы хацелі, то ўсё б даведаліся. Гэтыя рэчы ведаюць многія людзі, нічога новага тут няма. Ой, бляха-муха… На трыбунах сядзелі такія пачвары, б***ь, якіх сюды нельга было пускаць. Кіеўскія пачвары!

Падыходзіць вам такі адказ? Усе ведаюць гэтую справу. І Аляксандр Рыгоравіч, упэўнены, ведае гэты момант. Ён мне падзякаваў за працу, сказаў, што мы яшчэ не гатовыя гуляць на такіх турнірах, і я супакоіўся. Дарэчы, наркотыкі кіеўскае «Дынама» заўсёды выкарыстоўвала, іх жа і лавілі. І нашых злавілі, калі іх трэніраваў кіяўлянін Базілевіч.

— А вы з кіеўскімі дынамаўцамі цяпер ні з кім сувязь не падтрымліваеце?

— З кіеўскімі ніколі адносін не падтрымліваў! Кіеў мяне запрашаў у канцы 1963 года. Я ўдзячны лёсу, што там не апынуўся. Машэраў мне сказаў: «Нікуды не ідзі». Ён мяне называў «медзведзянём». Так і сказаў: «Медзведзяня, не ідзі». І я не дазволіў сабе. Мне і грошы прапаноўвалі, і іншае, але я ніколі не аддам сваю рэспубліку і сваю каманду. Ішоў толькі тады, калі не патрэбны аказваўся. А працу я заўсёды лёгка знаходзіў.

— У пачатку размовы вы назвалі сябе рускім. Беларусам сябе так і не лічыце?

— Ніколі не адчуваў, што я рускі. Але цяпер такі момант… У нас у 1990-я гады ў [мінскім] «Дынама» працаваў кіроўца і ён мне кажа, што ходзяць цяпер такія групы, якія могуць папрасіць: «Дай запаліць». То ты адказвай: «Я не палю». Кіроўца мяне падрыхтаваў. Першы раз з такім тады сутыкнуўся, што ўсякія групоўкі сталі з'яўляцца.

— Кіроўца хацеў, каб Вы адказвалі на беларускай мове?

— Так, на беларускай, каб дрэнна не было. І я гаварыў так і не грэбаваў. А цяпер я сказаў, што рускі, таму што так кажуць нашы абаронцы Радзімы. Адзін хлопец такі кажа «Я — рускі!». Я гэта ўсё падтрымліваю, і я ганаруся, што сам рускі. І ганаруся, што жыву ў любімай мной другой радзіме — Рэспубліцы Беларусь. Дзе б я ні выступаў, што б ні рабіў, усюды пыталіся пра рэспубліку. Наша рэспубліка заўсёды будзе самай міралюбнай, таму што яна ведае, што такое вайна.

Я ўсё ведаю, што ва Украіне адбываецца. Занадта шмат было сітуацый недапушчальных, чаго нельга было рабіць. Нават у Беларусі грань вельмі тонкая. Я не маю права казаць гэтага, але мая інтуіцыя кажа, што многія людзі жывуць па прынцыпе: чырвоныя прыйшлі — мы за чырвоных, белыя прыйшлі — мы за белых. Гэтыя людзі самыя страшныя. Такія панікёры, якія выклікаюць непакой усюды. І яны ёсць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. Кожны павінен не баяцца выступаць, як я.

— Гэта значыць, вы падтрымліваеце Расію?

— Ды я б сам зараз пайшоў ваяваць, калі б у мяне не кружылася галава! Трэба і справай дапамагаць хлопцам. Гэта абавязак кожнага чалавека, мужчыны. Шмат гіне? Але гэта ж вайна! Па-іншаму немагчыма выйсці, калі фашысты ва ўладзе. Як ты зробіш па-іншаму?

— Заўсёды можна дыпламатычна дамаўляцца.

— Ну ты артыст таксама! На якой пазіцыі тады стаяць трэба? Тады і за Ленінград змагацца не трэба было. Я б з задавальненнем пайшоў на вайну, калі б толькі мог.

Каментары13

  • Жвір
    22.07.2025
    Был игроком, был тренером, любил футбол, теперь он просто [Рэд. Выдалена]...
    А кому сейчас легко ?

    [Зрэдагавана]
  • Ну, все.
    22.07.2025
    Давай до свидания. Казалось, что Вы человек, а Вы - хитрец. Паразитов в Беларуси и так хватает. Белькевич и Хацкевич играли как надо, Вам просто нужно было найти «козлов». Вы по-советски и нашли. Фу, прямо вырвало. Спи спокойно, Эдуард Васильевич. Ну и на посошок. Динамо тогда в 82 золото по разнарядке взяло. Слабее оно было и киевской, и московских команд. Это тебе про правду, медвежонок.
  • Вынік
    22.07.2025
    Дздзяніціу́ся стары...

Цяпер чытаюць

З Oz.by неспакойна. Беларуская кампанія тры гады ў мінусе, а расійскі канкурэнт яе выціскае

З Oz.by неспакойна. Беларуская кампанія тры гады ў мінусе, а расійскі канкурэнт яе выціскае

Усе навіны →
Усе навіны

Пяць гучных дыкпік-скандалаў апошніх гадоў12

«Пакуль пашпарт дзейнічае». Эмігранты пра тое, ці не страшна ім адпраўляць у Беларусь дзяцей на летнія канікулы1

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

Беларуская гандбалістка будзе гуляць за зборную Румыніі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З Oz.by неспакойна. Беларуская кампанія тры гады ў мінусе, а расійскі канкурэнт яе выціскае

З Oz.by неспакойна. Беларуская кампанія тры гады ў мінусе, а расійскі канкурэнт яе выціскае

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць