Катар папярэдзіў улады Бельгіі, што можа скараціць пастаўкі звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) у Еўропу. Прычына — новая дырэктыва ЕС, якая патрабуе, каб буйныя кампаніі, што працуюць у Еўропе, сачылі за тым, каб на ўсіх этапах вытворчасці і паставак не парушаліся правы чалавека і не наносілася шкода экалогіі, піша The Moscow Times.

Міністр энергетыкі Катара Саад Шарыда аль-Каабі ў маі накіраваў ліст у Бельгію, дзе заявіў, што калі ЕС не перагледзіць гэты дакумент, Катар можа перанакіраваць свае газавыя пастаўкі ў іншыя краіны, дзе больш спрыяльныя ўмовы для бізнэсу.
Ён адзначыў, што патрабаванні ЕС супярэчаць заканадаўству Катара і міжнародным пагадненням, у тым ліку Парыжскаму кліматычнаму пагадненню. На думку міністра, еўрапейскія правілы прымушаюць кампаніі выбіраць паміж нацыянальнай палітыкай і патрабаваннямі ЕС.
У Еўракамісіі пацвердзілі, што цяпер ідуць абмеркаванні магчымых змякчэнняў дырэктывы.
Катар з’яўляецца трэцім у свеце экспарцёрам ЗПГ пасля ЗША і Аўстраліі. Пасля пачатку вайны ва Украіне доля Катара ў еўрапейскім імпарце газу вырасла да 12—14%. Без катарскага газу ЕС будзе складана адмовіцца ад расійскага паліва да 2028 года, як гэта было запланавана.
Новая дырэктыва ЕС прадугледжвае строгія патрабаванні да кампаній і штрафы да 5% гадавога даходу за парушэнні ў галіне правоў чалавека і аховы прыроды.
Каментары
Як можна было да такога дакаціцца?