Беларускі бізнэсмен, якога шукае Інтэрпал, адкрыў рэстаран у Варшаве. Цяпер з ім судзяцца былыя падначаленыя
Прадпрымальнік знаходзіцца ў вышуку па запыце Беларусі, дзе завочна асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі па справе крадзяжу сродкаў у дольшчыкаў ЖК «Грушаўскі пасад». Яго ахвярамі сталі 430 чалавек. З'ехаўшы ў Польшчу, ён адкрыў рэстаран. Але нешта пайшло не так.

Непрыемную гісторыю, звязаную з бізнэсам беларуса ў Варшаве расказвае Gazeta Wyborcza.
27-гадовая ўраджэнка Беларусі Лізавета Кудраўцава на працягу некалькіх месяцаў працавала поварам ва ўстанове Eutymia ў варшаўскім раёне Вілянаў. Установа спецыялізавалася на арганізацыі вяселляў і святкаванні першага прычасця, але не мела добрага прыбытку і спыніла сваю дзейнасць. Яшчэ да таго, як яе закрылі, уладальнік перастаў выплачваць заробкі работнікам. Лізавеце ён вінны амаль 7 тысяч злотых (каля 1910 даляраў) за больш як 200 гадзін, што яна адпрацавала ў сакавіку і красавіку.
«Рэстаран закрылі, і ўладальнік перастаў адказваць на званкі. Я напісала яму, што перадам справу ў суд. Тады ён выйшаў на сувязь і пачаў мне пагражаць», — цытуе выданне словы Лізаветы.
Журналістам дзяўчына паказала смс-перапіску з былым працадаўцам на рускай мове.
«Установа зачыненая. Хочаш са мной пацягацца? Я цябе…», — напісаў ён у адным з паведамленняў, ужыўшы грубае, нецэнзурнае слова. У іншым ён пагражаў, што «разбярэцца» з Лізаветай і яна «апынецца на вуліцы».
Справа «Грушаўскага пасаду»
Як піша выданне, уладальнікам установы ў Вілянуве з'яўляецца Ілля Волах. Мінулай вясной яму, як дырэктару фірмы «Жылбудкамплект» прысудзілі ў Беларусі 10 гадоў пазбаўлення волі.
Згодна з матэрыяламі следства, у 2016—2020 гадах Волах заключаў дамовы на будаўніцтва жылля ў жылым комплексе «Грушаўскі пасад» і такім чынам прыцягнуў ад дольшчыкаў больш за 58 мільёнаў рублёў, але пры садзейнічанні свайго намесніка Аляксандра Зайцава вывеў з рахункаў фірмы каля 24 мільёнаў, якія выдаткаваў на ўласныя патрэбы.
У выніку пацярпелымі аказаліся 430 фізічных асоб і пяць суб'ектаў гаспадарання. А дабудоўваць жыллё прыйшлося сталічнаму УКБ «Захад».
Зайцаў атрымаў 7 гадоў пазбаўлення волі і адбывае пакаранне, а вось Волах быў асуджаны завочна. На той час ён ужо жыў у Польшчы, і нават паспеў атрымаць польскі пашпарт, у якім ён запісаны як Слакатовіч.

Чырвоная нота Інтэрпала
Як высветлілі журналісты выдання, бізнэсмен вышукваецца па чырвонай ноце Інтэрпала. Гэта азначае, што праваахоўныя органы па ўсім свеце маюць права яго затрымаць. З запытам на вышук звярнуўся беларускі суд. Нягледзячы на гэта, Волах, ён жа Слакатовіч, застаецца на волі.
«Мы ведаем гэтага чалавека, ведаем, што ён вышукваецца Інтэрпалам, і нават дапыталі яго ў сувязі з гэтай справай. Але, на жаль, пакуль не можам нічога зрабіць. Нашы рукі звязаныя», — цытуе Wyborcza прэс-сакратара Акруговай пракуратуры ў Варшаве Пятра Скібу.
Як тлумачыць прадстаўнік пракуратуры, у маі 2023 года Вярхоўны суд Польшчы пастанавіў, што экстрадыцыя з Польшчы недапушчальная ў дзяржавы, адносна якіх існуюць сумневы ў тым, што іх судовая сістэма паважае правы чалавека.
Але існуе і другая прычына — Слакатовіч мае польскае грамадзянства і згодна з Канстытуцыяй Польшча не пагаджаецца на экстрадыцыю сваіх грамадзян.
«Не мае значэння, якім чынам гэты чалавек атрымаў гэтае грамадзянства. Польскае права аднолькавае для ўсіх грамадзян, і чырвоная нота Інтэрпала гэтага не змяняе. Нават у сітуацыі, калі б мы мелі справу з злачынцам», — тлумачыць прэс-сакратар.
Новы бізнэс і старыя праблемы
Як піша Wyborcza, Слакатовіч акрамя рэстараннага бізнэсу працягвае займацца будаўніцтвам жылля ўжо ў Польшчы. Ён з’яўляецца ўладальнікам фірмы Community Park, якая будуе жылы комплекс у мястэчку Скерды пад Варшавай.
Аднак і да гэтай кампаніі ўзнікаюць пытанні. Паводле даных Нацыянальнага судовага рэестра, прадстаўнік кампаніі ігнаруе выклікі падатковай інспекцыі. Як высветлілася, прэтэнзіі звязаныя з тым, што фірма на працягу некалькіх гадоў не падае падатковыя дэкларацыі.
Што тычыцца рэстарана ў Вілянуве, то такіх яго былых супрацоўнікаў, як Лізавета Кудраўцава, як мінімум восем чалавек. Ім Слакатовіч вінны ад 2 да 11 тысяч злотых (ад 540 да 3000 даляраў). Найбольшую суму — намесніку шэф-павара Іллі Фіялкоўскаму.
«У канцы я пачуў толькі адно: грошай ты ўсё роўна не атрымаеш. І яшчэ каб я быў асцярожны, бо дом на павароце — вельмі небяспечнае месца. А мой дом якраз стаіць на павароце», — расказаў журналістам мужчына.
Спачатку падманутыя работнікі звярнуліся па дапамогу ў Дзяржаўную інспекцыю працы. 18 чэрвеня інспектары прыехалі ў рэстаран беларуса ў Вілянуве, але ён на той момант ужо быў закрыты, а кампанія, якая кіравала ўстановай, ужо была ліквідаваная.
У выніку ў іх застаўся толькі адзін шлях — звярнуцца ў суд, што і зрабіў Фіялкоўскі. У адказ на гэта ў ліпені да яго дома прыйшлі некалькі мужчын. Яны «параілі» былому намесніку шэф-павара адмовіцца ад судовых разборак, бо інакш у яго могуць узнікнуць сур’ёзныя праблемы.
Але повар не змяніў свайго рашэння. Ён таксама заахвоціў сваіх былых калег далучыцца да пазову. Пакуль атрымалася пераканаць шэсць чалавек.
Пяць з іх мелі афіцыйныя працоўныя дамовы, але не атрымалі не толькі часткі заробку, але і пасведчання аб працы — ключавога дакумента, які пацвярджае факт і ўмовы найму. Працадаўца, які не выдае работніку пасведчанне, парушае закон. Паводле польскага заканадаўства, за гэта можа быць накладзены штраф — ад 1 да 30 тысяч злотых (ад 270 да 8100 даляраў).
Паводле інфармацыі, пацярпелых было болей, але некаторыя з іх усё ж змаглі вярнуць свае грошы.
«Хтосьці спрабуе ачарніць рэстаратара»
Па словах журналістаў, яны звязаліся з Аляксандрай Катушонак — блізкай калегай Слакатовіча. Былыя працаўнікі ўстановы называлі яе дырэктаркай. У размове з Wyborczą яна рашуча заявіла, што ўсе прэтэнзіі да ўладальніка — гэта спробы дыскрэдытацыі, бо «ён нікому нічога не вінен».
Аднак, як пішуць аўтары, пасля размовы (і гэта яны могуць пацвердзіць дакументальна) Катушонак патэлефанавала адной з былых супрацоўніц і выказала незадавальненне з-за таго, што тая адважылася запатрабаваць нявыплачаны заробак.
Журналісты таксама змаглі датэлефанавацца да самога ўладальніка і спытаць не толькі пра нявыплачаныя грошы і запалохванне супрацоўнікаў, але і пра ўцёкі з Беларусі і змену прозвішча.
Слакатовіч заявіў, што ўся гэтая сітуацыя — «расісцкая кампанія пераследу» супраць яго. Нават абвінавачанні і судовы працэс у Беларусі ён таксама назваў часткай «кампаніі пераследу».
Як пішуць журналісты, Слакатовіч не лічыць, што зрабіў нешта не так, а тых, хто дамагаецца выплаты ад яго заробкаў, называе «наркаманамі, якія хочуць яго абрабаваць». Ён, маўляў, нікому нічога не вінен, а «былыя супрацоўнікі не заслужылі заробку».
Па словах аўтараў, праз некалькі дзясяткаў хвілін пасля заканчэння размовы Слакатовіч даслаў ім паведамленне, якое можна ўспрыняць як спробу запалохвання і ціску з мэтай перашкодзіць публікацыі артыкула. У ім ён папярэджвае, што тэкст, які яны рыхтуюць, будзе парушэннем закона і прывядзе да таго, што ён звернецца ў суд.
Каментары
Ён прадстаўнік нейкай асобнай расы? Ці чарговы белорусский, які наслухаўся тэрмінаў і кідаецца.