«Забіць яго ці адрэзаць яму яйцы я не рашыўся». Падрабязнасці трагедыі ў Гданьску, дзе ваяр катаваў бойфрэнда, а пасля забіў сябе
Былы беларускі добраахвотнік суткі катаваў свайго былога бойфрэнда, а потым здзейсніў суіцыд. «Наша Ніва» паразмаўляла з чалавекам, які добра ведаў абодвух хлопцаў.

Гісторыя Ягора Іспянькова, якога ўжо няма ў жывых, складвалася драматычна.
Падчас выбараў 2020 года хлопец вучыўся на медбрата ў медыцынскім каледжы. Ён удзельнічаў у мітынгах, быў моцна збіты сілавікамі.
Бацькі хваляваліся праз гэту сітуацыю. Яны моцна пасварыліся з сынам, раней у інтэрв'ю Ягор казаў, што ледзь не да бойкі дайшло. У выніку яго выгналі з дома.
Узімку 2021 года хлопец з'ехаў з Беларусі ва Украіну. А 23 лютага 2022 года падаў дакументы на ўцякацтва — на наступны дзень пачалася вайна.
«Першыя дні я спрабаваў трапіць у тэрытарыяльную абарону, —распавядаў у інтэрв'ю «Белсату» хлопец. — Яны мяне ўзялі на аловак як меддапамогу. Пасля я праз ваенкамат спрабаваў трапіць у Узброеныя сілы Украіны. За адзінаццаць дзён нічога не дачакаўся, таму вырашыў, што трэба ехаць у Польшчу. Але мяне моцна мучыла гэтая сітуацыя, я не мог застацца абыякавым. Я вырашыў, што ўсё ж хачу трапіць у войска і напісаў у чат-бот добраахвотнікаў.

Пасля таго, як Ягор атрымаў кантракт, яго з іншымі ваярамі адправілі ў Данецкую вобласць. Казаў, што першай прыфрантавой лакацыяй стала Грыгор'еўка каля Северска.
Хлопец хаваў ад бацькоў тое, што пайшоў ваяваць. Хлусіў, быццам разгружае караблі ў Гданьску.
У тым жа інтэрв'ю Ягор расказваў, як на яго вачах забіла пабраціма: «Але тады ў мяне была нейкая псіхалагічная абарона, я нічога не адчуваў».
У 2023 годзе хлопец вярнуўся ў Польшчу, пачаў працаваць у дастаўцы ежы.
Казаў, што аднойчы трапіў у сур'ёзную аварыю і цудам застаўся жывым. Але атрымаў траўму калена, праз якую яму стала складана дастаўляць замовы.

У Ягора пачаліся рамантычныя стасункі з іншым беларусам — Арцёмам. Суразмоўца «Нашай Нівы», які быў знаёмы з імі абодвума, кажа, што хлопцы былі разам прыблізна паўтара года. Але два месяцы таму разышліся — па ініцыятыве Ягора.
Пазаўчора былы ваяр прыйшоў да экс-бойфрэнда, пырснуў газавым балончыкам у вочы, звязаў яго і сілай выбіў пароль ад тэлефона. Ён чытаў перапіскі, перыядычна збіваў Арцёма, падпальваў яго агнём з газавай гарэлкі.
Катаванні цягнуліся каля сутак, потым Ягор дазволіў ахвяры патэлефанаваць у хуткую дапамогу, а сам сышоў, сказаўшы: «Я за гэта ў турме сядзець не буду, я пакончу з сабою».
Перад тым, як кінуцца пад цягнік у Гданьску, ён пакінуў сумбурны допіс у інстаграме і стварыў канал у тэлеграме, каб растлумачыць свае ўчынкі.
Апошняе яго паведамленне такое: «Забіць яго ці адрэзаць яму яйцы я не вырашыўся, але магчыма іх яму ампутуюць. А я ўжо ўсё, канькі адкінуты».

Ягор абвінавачваў былога бойфрэнда ў здрадах і іншых амаральных паводзінах. Пісаў, што пасля вайны апынуўся ў Варшаве з дэпрэсіяй, з расхістанай псіхікай, з адчуваннем, што ні адна частка цела яму не належыць: «Я меў патрэбу ў падтрымцы, хоць нешта жывое. Менавіта ў гэтым стане я сустрэў Арцёма — і гэта стала маёй памылкай».
Што адбывалася ў тых адносінах?
Суразмоўца «Нашай Нівы» кажа, што ўсё, пра што Ягор напісаў у сваім перадсмяротным тэлеграм-канале, яго моцна здзівіла — і ў тое, што Арцём сапраўды мог здзейсніць нешта такое, паверыць складана:
«Увогуле ў мяне адчуванне, што тыя тэксты напісаў чат GPT. Гэта зусім не стыль Ягора. Ён у прынцыпе не любіў пісаць — не магу згадаць, ці было ад яго хаця б адно тэкставае паведамленне. Ягор звычайна ці тэлефанаваў, ці запісваў аўдыя. Плюс, калі ён тэлефанаваў мне паразмаўляць, ён ніколі не скардзіўся на тое, пра што напісаў перад смерцю».
Вось як наш суразмоўца характарызуе герояў трагедыі:
«Арцём — добры, спакойны чалавек, заўсёды гатовы дапамагчы. Арцём — ратавальнік па жыцці, яму вельмі хацелася выратаваць Ягора. У іх быў розны фінансавы стан. Арцём плаціў за кватэру, аплачваў ежу. Але Ягор таксама здаваўся неблагім хлопцам.

Знаёмы хлопцаў кажа, што спачатку ў тых адносіны былі добрымі, але пасля пачалі ўзнікаць канфлікты. Суразмоўцы вядома пра ранейшы выпадак, калі Ягор збіў бойфрэнда. Арцём ніяк не адказваў — суразмоўца сцвярджае, што Ягор сам казаў: «Я яго біў, але ён на мяне ніколі руку не падняў».
Хлопцы перыядычна скардзіліся нашаму суразмоўцу адно на аднаго:
«Больш нейкіх прэтэнзій было ў Ягора. Ён скардзіўся, што да яго ставяцца не так, як ён хацеў бы. Гучала яшчэ такая фраза: «Арцём мае больш за мяне. Чаму ў мяне такога няма?». Арцём шмат працаваў, браўся за розную працу. Ягор быў дастаўшчыкам, але не вельмі любіў працаваць. Ён гэта часта спісваў на дэпрэсію.

Пры гэтым суразмоўца адзначае, што ў Ягора было цяжкае псіхічнае захворванне, яму трэба было прымаць таблеткі:
«Ён расказваў мне раней, што чуе галасы ў галаве. Казаў, што яны кажуць яму зрабіць нешта дрэннае. Але пакуль Ягор прымаў таблеткі, галасоў ён не чуў. Наколькі мне вядома, пасля таго, як яны з Арцёмам разышліся, Ягор перастаў прымаць неабходныя прэпараты. Ягор казаў мне, што хоча вярнуцца на вайну, бо не мае сэнсу жыцця. Суіцыдальныя схільнасці ў яго былі і раней».
Па словах суразмоўцы, Арцёма ўжо адпусцілі з бальніцы дамоў. «Канечне, у яго ёсць траўмы, апёкі, але жыццю нічога не пагражае», — тлумачыць ён.
Былы беларускі ваяр суткі катаваў свайго сябра, а пасля забіў сябе
Ваяр з Беларускага добраахвотніцкага корпуса: Я жыў у ружовай бурбалцы
22-гадовы каліновец Ціхан «Франц» Клюкач атрымаў кантузію
«Вайна ўсё спіша». Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай ад імя беларускіх ваяроў за выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга
Цяпер чытаюць
«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі
«Незалежнасць не падае з неба і не даецца назаўсёды. Яе трэба абараняць». Ціханоўская выступіла з заявай да 35-годдзя прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце

Каментары
Ганьба!