Моды22

Гэты дызайнер з Уганды перавярнуў свет моды — сэкандам

Бобі Каладэ (Bobby Kolade) ператварае старое адзенне ў новыя калекцыі. Яго брэнд Buzigahill — гэта не проста мода, а выклік спажывецкай культуры. Ён прыняў прынцыповае рашэнне выкарыстоўваць толькі адзенне сэканд-хэнд.

Тут і далей фота: buzigahill.official / Instagram

Паводле ацэнак, ва ўсім свеце штогод прадаецца ад 80 да 150 мільярдаў адзінак адзення. Палічыце самі, колькі футболак, піжам, кашуль, пінжакоў і пар шкарпэтак вы самі купляеце штогод. Прычым з ростам заможнасці краін Трэцяга свету спажыванне адзення і вопраткі працягвае расці. Як піша Spiegel.de, паводле прагнозу кансалтынгавай кампаніі McKinsey, спажыванне тканін тэкстыльнай прамысловасцю ў найбліжэйшыя пяць гадоў вырасце прыкладна на 63% — да 102 мільёнаў тон на год.

Міжнародны кансультатыўны камітэт па пытаннях бавоўны (International Cotton Advisory Committee) падлічыў: для вытворчасці аднаго кілаграма тэкстылю ў сярэднім патрабуецца больш за 9000 літраў вады.

Толькі на бавоўну, неабходную для адной пары джынсаў вагой 800 грамаў, спатрэбіцца каля 7000 літраў, а на звычайную футболку (150 грамаў) — прыкладна 1350 літраў. Разам гэта больш як пяцьдзясят запоўненых ваннаў — і гэта без уліку вады, што расходуецца на пашыў, апрацоўку тканіны і транспартавання.

Усё гэта — толькі для таго, каб у выніку адзенне апынулася на тэкстыльных звалках: частку спальваюць, яшчэ больш пагаршаючы стан атмасферы, а астатняе спакоўваюць у вялізныя цюкі і адпраўляюць за мяжу — у краіны, дзе гэта становіцца праблемай для мясцовага насельніцтва. Напрыклад, у Уганду, куды, паводле звестак брытанскай няўрадавай арганізацыі WasteAid, штогод трапляе больш за 90 000 тон ужыванага адзення.

Гандляр сэканд-хэндам на рынку Owino у сталіцы Уганды Кампала. Фота: Hajarah Nalwadda / AP

Замест fast fashion — second hand

Большасць старога адзення, што трапляе ў краіны Глабальнага Поўдня, паходзіць з кантэйнераў для збору адзення ў Еўрапейскім саюзе. У сярэднім адзін еўрапеец штогод выкідвае каля 11 кілаграмаў адзення — год-два паходзіць і выкідвае. Найбуйнейшымі экспарцёрамі сэканд-хэнду ў межах ЕС сталі Германія, Нідэрланды, Польшча і Італія.

Бобі Каладэ (Bobby Kolade), дызайнер з Уганды, перакананы, што свету сёння патрэбныя не новыя калекцыі, а спосабы справіцца з наступствамі масавага спажывання. Як і многія іншыя маладыя мадэльеры, ён прыняў прынцыповае рашэнне не выкарыстоўваць новых тканін у сваёй марцы. Аднак, у адрозненне ад тых, хто працуе з рэшткамі буйных модных брэндаў (deadstock), Каладэ выкарыстоўвае тое, што ў Угандзе называюць «мівумба» — ужыванае адзенне, імпартаванае з краін Глабальнай Поўначы.

Свае матэрыялы ён збірае на рынку Owino у цэнтры Кампалы. Сярод купаў сэканд-хэнду дызайнер разам з камандай знаходзіць сапраўдныя скарбы. Акрамя тканіны для сваіх калекцый, ён выкарыстоўвае і старыя гадзіннікі, з якіх потым вырабляе ўпрыгажэнні.

Аднак галоўны прадукт ягонай маркі Buzigahill, заснаванай у 2022 годзе, — менавіта адзенне. Тое, што заходняе грамадства лічыць смеццем, Каладэ ператварае ў форму пратэсту супраць fast fashion.

Кожны ягоны выраб атрымлівае спецыяльны «пашпарт», дзе пазначана паходжанне матэрыялаў, іх склад і год стварэння рэчы. Калі еўрапейскія брэнды падаюць такую практыку як элемент празрыстасці, каб прыцягнуць спажыўцоў, то Каладэ робіць гэта таму, што верыць у важнасць сумленнасці і адкрытасці.

На Берлінскім тыдні моды дызайнер прэзентаваў калекцыю, у якой спартыўны стыль пераплятаецца з класікай: джынсы дапоўнены эластычным поясам, а штаны атрымліваюць абшлагі, як у трэніровачных мадэлях.

Ён выкарыстоўвае біяраскладальныя матэрыялы на аснове крухмалу і жэлаціну, каб надаць форму верхняй частцы адзення, вяжа сукенкі-сеткі з махры старых футболак.

«Мы робім усё самі. Кожная рэч унікальная, бо кожны матэрыял, знойдзены на рынку Owino, існуе толькі ў адным асобніку. Нават калі крой у максі-сукенкі з шасці кашуляў паўтараецца, вынік ніколі не бывае аднолькавы», — адзначае дызайнер.

Дапамога развіццю з выкарыстаннем іголкі і ніткі

Бобі Каладэ ўжо выпусціў адзінаццаць калекцый пад назвай «Return to Sender» («Вяртанне адрасату»). Гэты слоган мае падвойны сэнс. З аднаго боку, ён адсылае да хвалі вяртанняў інтэрнэт-закупаў у краінах накшталт Германіі, дзе амаль палова набытага адзення вяртаецца прадаўцам.

З другога — гэта іранічны каментар да з’явы, якую крытыкі называюць «смеццевым каланіялізмам»: калі краіны Глабальнага Поўначы пераносяць праблему адкідаў на Глабальны Поўдзень.

Улады Уганды ўжо спрабавалі абмежаваць або цалкам забараніць імпарт сэканд-хэнду — і ў 2016, і ў 2023 годзе. Але залежнасць ад гэтай галіны занадта вялікая: яна забяспечвае працоўныя месцы, прыносіць падатковыя паступленні і корміць дзясяткі тысяч людзей.

Эксперты сцвярджаюць: хоць імпарт ужыванага адзення сапраўды шкодзіць развіццю мясцовай прамысловасці, яго забарона, хутчэй за ўсё, толькі адкрые рынак для таннай прадукцыі з Кітая.

Паводле Каладэ, жыццё старога адзення не павінна заканчвацца на перапродажы. Ён хоча, каб людзі, якія працуюць у гэтай галіне, мелі не проста выпадковую працу, а сапраўдную магчымасць развівацца і ствараць новае.

Фота: buzigahill.com

Таму яго марка, дзе цяпер працуе 35 чалавек, — гэта месца для тых, хто хоча мець годную і змястоўную ролю ў сусветным гандлі старым адзеннем.

Як кажа сам дызайнер: «Гэта выбар нас усіх — не заставацца ўвесь час на самым нізе ланцуга сэканд-хэнду».

Каментары2

  • ягонная смародзіна
    05.08.2025
    Аднак галоўны прадукт ягонай маркі Buzigahill, заснаванай у 2022 годзе, — менавіта вопратка.
    ----
    Не бачу вопраткі ні на адныым фотаздымку.
    Дзе той "галоўны прадукт"?!
  • дочка Максима Дизайнера
    05.08.2025
    "выклік спажывецкай культуры"
    ухвальны падыход

Цяпер чытаюць

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі29

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Будынак крэйдавага завода ў Белгарадскай вобласці разбураны ў выніку ўдару беспілотнікаў1

Ордэн Белага Арла, які забралі ў Зяленскага, вярнуўся ў Польшчу. Што з ім будзе цяпер?4

У Крыме здарылася маштабнае адключэнне святла6

Для рамонту моста каля плошчы Перамогі будзе перакрыты праспект Незалежнасці

Чаму ў Мінску не пабудуюць метро ў «Паўночны Бераг»?14

Пачаў хаміць: сямейная пара ў Беларусі адмовілася ад 16‑гадовага сына2

Ніводзін лукашэнкаўскі СМІ і канал не выкарыстаў слова «рэтранслятары». Што гэта можа азначаць?64

Прэзідэнтка Мексікі запрасіла знакамітую качку Мерлін да сябе ў палац, а тая дзеўбанула яе ў руку

Лепельская суддзя Кручыніна, якая рэпрэсавала медыкаў, пастара, ратавальнікаў, звольнілася па ўласным жаданні8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі29

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць